Выбрать главу

— А якія яшчэ тэмы? Я таксама на чаргу запісацца не супраць.

— Але хачу вас папярэдзіць, што будуць улічаны заслугі, памер таленту: выпусціў ты, скажам, пяць тамоў, напісаў тры раманы, маеш больш шанцаў за таго, хто пакуль яшчэ не паспеў сябе зарэкамендаваць. Ахвоты мала, трэба заслужыць. Хаця таленты шукаць маладыя конча будзем. “Старыкам у нас пачот, маладым у нас дарога”... А наконт тэмаў — калі ласка: “Караючы меч рэвалюцыі” — сага пра змаганне з унутранымі ворагамі і знешнімі. “СЛОН” — пра ворагаў народу, знаеце як расшыфороўваецца? “Савецкі лягер особага (паводле тагачаснага правапісу) назначэння”, усе ведаюць што гэта за санаторый быў для папоў і кулакоў, для сабатажнікаў і гнілой інтэлігенцыі. Там у іх газета выходзіла “Перакоўка”, таксама ў якасці назвы — як запасны варыянт можа быць.

— А ці ёсць што-небудзь менш баявое, выкрывальніцкае, спакайнейшае?

— “Саўнаркам” падыйдзе?

— А паканкрэтней?

— Эпапея пра мірнае будаўніцтва: “Асінбуд”, торфабрыкетнае прадпрыемства, запалкавая фабрыка, першая электрастанцыя на дровах і торфе, “над ракой Арэсай” і гэтак далей. Паказаць саўнаркам як вялікі горад у горадзе, як асобны арганізм, мэта якога — праца не на сябе, а на ўсю краіну, на ўвесь народ. Вось што такое “Саўнаркам”! Ёсць прыклады ў літаратуры: “Катлаван”, “Жалезабетон”, “Чорная металургія”, але там пра асобныя наркаматы, а тут — агулам. Аўтары гераічна выціснулі з сябе ўсе сокі, увесь талент да кроплі. Праўда, іх усё роўна расстралялі потым, што зробіш, але нашая задача — працягваць іхнюю самаадданую працу. Цяпер калі расстрэльваць, дык не нас будуць, у нас алібі…

— У мяне маленькае пытанне: больш сучасныя тэмы ёсць у спісе?

— “Пайка хлеба, палітая потам” альбо на іншы густ: “Хлеб — усяму галава”, пра нашых працаўнікоў палеткаў, пра герояў бітвы за ўраджай, пра дажынкі.

— А калі хлеб не чапаць?

— “Гідра аранжавай рэвалюцыі” — самая, можна сказаць, свежая, свяжэйшай не бывае.

— Дайце мне! Я ім пакажу! А то: мы цябе прымаць не будзем да сябе, ты не дэмакрат, ты — за дыктатуру. Я?! Пра літаратуру трэба думаць, пра Яе Вялікасць Літаратуру! А то пачнуць як калісьці біяграфію вывучаць: ці апыналіся сваякі на акупаванай тэрыторыі, ці былі сасланыя, расстраляныя? Ці п’еш, колькі і чаго? А што я на свае капейкі магу піць? Гэта яны калісьці за ганарар маглі машыну купіць, цяпер нашая чарга, цяпер мы! Я пра гэтую гадзіну аранжавую трылогію нашрайбаю, толькі дайце!

— Выдатна! Пачнем складаць спіс аўтараў ці, можа нават, суаўтараў, будзем бачыць. Можна нават ствараць брыгады, як Ільф & Пятроў. А наконт паходжання слушна: не трэба саромецца свайго, так званага рабоча-сялянскага, бо апошнім часам пачалі выцягваць са склепаў чаго раней баяліся як агню, што дзед быў кулаком ці ў балахоўцах служыў ці зусім у паліцаях. Некаторыя сталі вышукваць шляхецкага паходжання, засохлых каранёў. А калі ў НКВД быў, дык па-іхняму ўжо і не чалавек, кат, крывасмок! А хто тады яшчэ напісаў: “Слава нашаму Яжову, што з-пад Ленінграда!” — іхні! Расстралялі Яжова, а аўтару вершыка, між іншым, пашанцавала, адтрубіў дваццаць-пятку і дахаты, на літаратурную работу з глыбокім веданнем жыцця вярнуўся. Напісаў нібы які Дастаеўскі свой “Мёртвы дом”, літаратура толькі выйграла!

— Так, а наконт Дастаеўскага я таксама думаў, калі мы пра аўтараў узгадвалі, пра расстраляных, за якіх дапісваць будзем, работу дарабляць іхнюю. Калі баішся — не пішы, а калі не, калі вырашыў даказаць, што ты не чарвяк, што таксама права маеш, дык не згінайся потым у падкову, я так думаю.

— Добра, улічым. Канечне, трэба зважаць на найлепшыя ўзоры, на “Слова аб палку Ігаравым” хай. І паменей думаць аб славе, аб “букерах” розных. Калі “Слова” пісалі, увогуле не падпісваліся, але атрымаўся шэдэўр. Тое ж самае ў нашых сяброў сёння ў народна-дэмакратычнай рэспубліцы, таксама без прозвішчаў кніжкі. Нам можа зусім так не трэба, але варта адрадзіць народнасць у імёнах, псеўданімы ўзяць адпаведныя. А то гэтыя “згуртаванцы” пачалі хто найгучней, экзатычней, парабілі прозвішчаў падвойных: Сапегі, Радзівілы, Ягелы... ледзьве не Аляксандры Македонскія і Напалеоны, ха-ха. Шляхта местачковая.

— У нас іншыя героі, мы з імі з рознага цеста зроблены! Мы — гэта чорны хлеб, цаглінка, ён і ў хлебароба ў пайцы, і на салдацкім стале, а яны пад панскія булкі, пад заварныя пірожныя працуюць, але нам вядома, што гэтыя пірожныя несапраўдныя і нясмачныя, падробка.

— Але што датычыць прозвішчаў, літаратурных імёнаў, паэтычных псеўданімаў, дык прашу паглядзець на сцены, на партрэты нашых дарагіх класікаў: Сцяпан Бязродны, Лявон Жабрак, Пракоп Галодны, так, далей — Вера Бурлакова, Пятро Парабак, Рыгор Бясхлебны, Кастусь Батракоў — усё наш гонар, залаты фонд літаратуры, я б нават сказаў, нашага краснага пісьменства. Было іншыя, цэлая кагорта, якіх мы і партрэтаў нават не маем, і твораў таксама, усё згінула, як той казаў, у лагерным пыле, але засталіся імёны: Алесь Беззямельны, Арыстарх Камбедавец, Васіль Саўдзепаў, Саша Саматужны, Вальдэмар Продразвёрсткін, Міхась Маўзалейны, Лукаш Безлашадны, Маша Бяздзенежная. Слава героям! І яшчэ: увага! У калідоры вывешаны прыблізны спіс псеўданімаў, якія можна выкарыстаць прысутным, там усякія: Зубасты, Бяскрыўдны, Штукатуркін і гэтак далей, можна разбіраць.