Выбрать главу

— Не будзем паглыбляцца ў нетры. Лепей дапісаць недапісанае, будзе высакародна, ушануем памяць. Мы атрымалі з архіваў Міністэрства палітычнай бяспекі некаторыя няскончаныя раманы. Ім яны не далі, не даверылі аматарам дэмакратыі і свабоды. Мы — людзі дабранадзейныя, у гэтым наш плюс, ганарыцца маем поўнае права.

— А я вось думаю пра таго Самасуя. Спаліў са страху. А можа там нічога й не было такога крамольнага? Можа ён як Гогаль — зрабіў працяг у станоўчым рэчышчы, усе перавыхаваліся, усвядомілі памылкі, палепшалі? Не ведаю...

— Не дуры сабе галавы, лепей сам дапішы свайго Самасуя як табе падабаецца, на ганарарнай аснове.

— Хачу толькі папярэдзіць: наш народ, наш урад — не дойная карова, але для слушных, чэсных пісьменнікаў цыцка ў яго знойдзецца, нам трэба харчавацца народным малаком, каб усмактаць, прасякнуцца, пісаць на патрэбу народа. А што яму падабаецца, чаго хочацца простым людзям, працаўнікам сяла, фабрык і заводаў? Ім хочацца, што не сакрэт, душэўных гісторый. Але навошта нам бразільскія, ціцікакскія?

— Ды ў нас саміх ужо рукі свярбяць!

— Каб без парнухі, без чарнухі, крывішчы і жахаў, мардабою. Без Тэрмінатараў і Рэмбаў. Адрадзіць задача найлепшыя традыцыі вытворчага рамана: калі яна не хоча замуж за лайдака, за бракароба, калі шчыра й прынцыпова папярэджвае — не дам, пакуль не справішся, план не выканаеш, каб не чырванець за цябе.

— Іхнія кніжкі ў сячкарню траплялі для паперы ў рэшце рэшт: на канфеці, на “спагеці”, на туалетныя рулькі. Затаварыліся! Іхняе пісьменніцкае “карыта” пустое закарэла. Мы пакажам якасць, тое, што народу цікава, шырокім чытацкім масам. Таварышы, браты па пяру! Нам разам з усёй народнай гаспадаркай трэба без лішняй раскачкі вярнуцца ў 1984-ы! Колькі тады на гара выдавалі нашыя раманісты?

— Нам патрэбны станоўчы герой, ні паліцай ці зубровец, а сапраўдны герой нашага часу! Амонавец, які не даў разгарнуць незарэгістраваны сцяг, які парваў партрэты ў руках, скруціў ў бараноў рог і — у варанок! Які кайданкамі карыстаецца віртуозна як фокуснік! А дубінкай — адпачывайце ўсе Брусы Лі! Зухавы, спартовы, за якім дзеўкі табунамі! У крапавым берэце.

— Ёсць прапанова: цяпер усе бяруць адстаючы калгас, фермерскую гаспадарку — банкі, установы. Трэба пупавінай з народам злучыцца. Будзе тады ў пісьменніцкай сталоўцы і сваё малачко, і шніцаль з эскалопам.

— Так яшчэ сталоўкі ніякай няма, я, шчыра кажучы, за рэстаран або хаця б за карчму.

— Я наконт пагонаў нібы нашых. Яны здзекуюцца: пагоны зробім, званні, зорачкі, аксельбанты. Брахня! У нас будзе дэмакратычна: іерархія згодна працоўным дасягненням — хто колькі напісаў, колькі выдаў. Канечне і падлік абавязковы: колькасць старонак, колькі тамоў, тыраж, само сабой. Працоўныя нормы, працадні, каб ні дня без радка. Каб кожнаму паводле высілкаў. Хто не працуе — той не ясі! Калі што — можна і на вагу. А то сёй-той брашурку зробіць і ходзіць гогалем.

— А на вагу — увесь тыраж, ці кожнай кніжкі па адной?

— Гэта пакуль невядома.

— Лаканічны адказ.

— Нам патрэбна не толькі станоўчага героя адрадзіць, трэба выкрываць ненадзейных. Я памятаю раманы лаўрэатаў: у адным машыністка-шкодніца рассылала па рэдакцыях адмоўныя лісты на раман Леаніда Ільіча, падрабляючыся пад чытачоў, пад голас народа, была выкрыта органамі і змешчана ў псіхіятрычны шпіталь. Далей, паэт Артур Бяссмертны ў іншым рамане сціляжнічаў, слухаў джаз, пісаў пра каханне ды пра віно, і скончылася тым, што ў рэстаране скраў пашпарт з грашыма. Нам трэба і сёння выкрываць адмоўных герояў — у рэчышчы нашай багатай раманнай традыцыі, заклікаю!

— Я таксама толькі “за”! Хопіць, апрыклі, астачарцелі кількі ў тамаце! Хай самі ліверку каціную жуюць! Я таксама акулы мяса хачу, ананасы, прабачце, у “Напалеоне” пакаштаваць нарэшце! Дайце мне цэлага індыка, гуся! Ездзяць па замежжах, па фуршэтах! На якія грошы? А нам non grata! Хіба справядліва? Гульні ў эміграцыю, спектакль! Уладу не любяць, не паважаюць!

— Папрашу без эмоцый. Будзе усім і кофэ, і какава з чаем, пачакайце да банкета. У нас ёсць калектыўныя заяўкі ў нашую арцель пісьменніцкую. Перш літаратурны гурток пры газеце “Слава Богу Вайны”, усе добра ведаюць “Варашылаўскіх стралкоў” палкоўніка Сцечкіна. Дэлегаты атрымалі бясплатна новы раман нашага калегі пра палюбоўніцу амерыканскага прэзідэнта, у ім выкрываюцца язвы заакіянскага ладу жыцця. Нам сёння не хапае часам вайсковага гарту: байцы трымаюцца заўжды да апошняга патрона, пішуць салдацкай мовай — “так точна!”, “ёсць!”, “нікак нет!” — без рэверансаў, без саладжавых “калі ласка!”, “дзякуй!”, без ніякага “спадарства”, а толькі “таварыш” —“таварыш маёр!” — старшыня сходу знянацку ўстаў, рэзка адсунуўшы крэсла, з цвіка зляцела дубальтоўка, бразнуўшыся аб маснічыны, але стрэлу ніхто не пачуў.