Размахвайце сваімі ятаганамі колькі заўгодна! Зрэшты, цяпер, на нашым карнавале гэта й адбылося: танцы з бутафорскімі крывымі шаблямі, таксама з кінжаламі ды гуцульскімі сякеркамі, пазней — каля статуі на плошчы, перад плоймай гледачоў. На галаву караля, аднак, знайшлася іншая прылада замест ятагана, тэхнічная вынаходка, апошні енк моды. Гільяціна, само сабой. Але прынамсі янычарскай музыкай каралеўскі двор паспеў нацешыцца. Існавала толькі праблема: палонныя янычары не жадалі граць пад прымусам, у зручную хвілю рабілі сабе харакіры, дый кароль углыбках душы сам быў задаволены, што яны незгаворлівыя.
Каралеўскую янычарскую капэлу складала збор-дружына: пара служак-мурынаў, татарскія ахоўнікі, музыкі балетнай трупы, апранаў іх тэатральны кравец. Галасу янычары ўчынялі шмат, рачылі вочы, рабілі непатрэбныя рухі — не раўнуючы як у будучым нямым кіно, гіперактыўнасць удзельнікаў у якім мусіла пераконваць гледачоў, што на экране напраўду жывыя людзі, якія не здатныя ні хвіліны пасядзець на месцы.
Янычарская капэла грала на вайсковых парадах, на балях і маскарадах, на каралеўскіх пікніках. А потым нечакана пачалося суперніцтва паміж каралём і князем Радзіловічам. У караля была зграбная, не празмерная янычарская музыка: вялікі турэцкі барабан-бухала, пара меншых, сем медзяных труб, пяць шалмеяў — накшталт габоя і дзве талеркі. Тым часам князь Радзіловіч зрабіў сабе цэлы аркестр — сем барабанаў вялікіх, два тулумбасы, дзве талеркі, ажно шэсць сурмаў і дзве флейты. Кароль без сваіх музыкаў нікуды не ездзіў, заўсёды трымаў у абозе, яны гралі нават на пахаваннях, ствараючы неўласцівую для цырымоніі какафонію. Дырыжыраваў інструментамі капэльмайстар Шнуроўскі.
Цяпер у каралеўскім палацы музей, ад самога караля ў вітрыне застаўся кальян, якім ён любіў карыстацца, слухаючы янычарскую музыку, джэзва і дзве шпоры. Тулумбасы ды іншыя інструменты янычарскай капэлы не захаваліся, але затое ёсць калекцыя крывых ятаганаў, — удзельнікаў усенароднага шэсця вадзілі на экскурсію іх глядзець. У рэшце рэшт і кароль, і князь Радзіловіч займелі пазней не толькі капэлы, але й янычарскія харугвы — ганаровую варту — дзеля прыбамбасаў…
На плошчы каля статуі ўсіх сшыхавалі па ўзору вайскоўцаў, паўзводна, як звычайна на дзень Вялікай перамогі. А наш гарадскі галава сказаў прамову пра аб’яднаўчую місію — злучаць Поўнач з Поўднем, варагаў з грэкамі і Захад з Усходам, янычараў з памеранцамі. Стракацеў тварамі ды апраткамі пляц, стракацелі сцягі на флагштоках, стракацела статуя, святочна аздобленая, з замаскаванай рэкламай цыгарак мясцовай вытворчасці, ад якіх — смерць на месцы.
Так, але я яшчэ не сказаў усяго пра спеўнае і танцоўнае шэсце, а яно месцамі нагадвала рыхтык біблейскія сцэны, асабліва калі крочылі бедуіны з вярблюдамі альбо палесцінцы з асламі. Жывёлу пазычылі ў заапарку, карову для індусаў — у прыгарадным калгасе. Асабліва экзатычна выглядалі зулусы з паскамі на клубах, у плаўках з пальмавага лісця папуасы (казалі, што некаторыя з іх нават канібалы) і абарыгены з баёвай размалёўкай твараў ды з бумерангамі ў руках. Дзе іх толькі адкапалі?
А галава наш (вось неспадзеўкі!) не проста так прамовіў — як на шэраговым мітынгу, калі заклікае болей працаваць, мець лепшыя паказчыкі і павялічваць лічбы, не! Ён усіх натуральна прыгаломшыў: выехаў на кані а-ля князь Радзіловіч. Караля ўлады не любілі, ён карону атрымаў з рук Папы Рымскага, а князь сам сябе, можна сказаць, прызначыў. Наш галава выканаў ролю князя, нібы актор тэатральны — у жалезным прыкідзе, маўляў, мы не такія заімшэлыя ды старамодныя, каб толькі пад гальштукам, як бюракраты. Так папросту расчыніў забрала, нібы кармушку ў турэмных дзвярах, і ўсе яго пазналі, прыемна здзіўленыя.
У адказ гаварылі ў мікрафон ад кожнага народа па чалавеку — словы падзякі і г.д. А мурын у стэтсане, пад выглядам з дзікага Захаду, публічна грэбліва, нібы брудную анучу, вымыў у вядры зорна-паласаты сцяг з намёкам на каўбойскія звычкі тамтэйшага прэзідэнта. Нашыя ўлады штосьці не падзялілі з янкамі і пры любой дробнай нагодзе спрабавалі падкласьці ім канцылярскую кнопку. Мужчыны ў пер’ях з каманды мурына таксама мала нагадвалі шашонаў, як і ён шэрыфа, але ж маскарад і ёсць маскарад!
Як ні стараліся ўлады, атрымаўся звычайны антыімперыялістычны мітынг. Замежныя азіяцкія студэнты чыталі з паперкі праклёны янкам, трымалі плакаты ды транспаранты ў духу салідарнасці: “Рукі прэч ад Ціцікакі!”, “Гуантанама — на замок!”, “Яўрэйскія самалёты — на прыкол!” Сонца пякло жудасна, і калі першыя прамоўцы, асабліва сам Радзіловіч, радаваліся надвор’ю, успамінаючы станоўча сілы нябесныя, апошнія стараліся прамаўляць тэлеграфным стылем, асабліва чукчы ды эскімосы.