На другі дзень наш галава зрабіў візіт ветлівасці ў нацыянальныя кватэры. Усе народы і народцы мелі жылплошчу у Вежы дружбы народаў, якую збудавалі ўлады. Цырымонія звычайна адбываецца зверху ўніз: галаву завозяць ліфтам на апошні паверх, адкуль яны са світай рухаюцца пешшу. На парозе яго сустракалі кожнага разу хлебам-соллю, так што ў яго ў горле зрабілася салёна да гаркавасці. Дзякуй Богу, заўсёды падносілі чарку якой-небудзь зулускай тэкілы і давалі закусіць чымсь экзатычным — нават смажанай саранчой, раскормленымі чарвякамі, лічынкамі, аднойчы — яйкамі кракадзіла. Трапляліся і больш традыцыйныя стравы — бішпармак, плоў, чыхамбілі.
Галава кожнага разу гаварыў тост з нацыянальным каларытам, які меў адзнакі кароткага экскурсу ў недалёкую гісторыю і педагагічны момант. Адных паўшчуваў, што ў іх на радзіме запаролі калгасы, сталі назад раздаваць зямлю, зрабіўшы крокі задам. Успомніў пра ІХ-ы форт, пра Лукішскі пляц і Літбел. Іншым закідаў за пасылку жаўнераў у Ірак, за жаданне дагадзіць янкам і нагадаў, што паны зноўку пачалі душыць просты вясковы люд, захамуталі яго. Дзеля гістарычнага прыкладу ён спаслаўся на Картуз-Бярозу. Некаторым іншым ён прачытаў кароткую лекцыю-тост наконт таго, што “у нас не будзе рэвалюцый — фінікавых, урукавых, разынкавых і асабліва гранатавых”, ваша здароўе!
Уладам па-свойму вельмі пашанцавала: учора на нашую тэрыторыю выпадкова пераляцеў дзуцкі лётчык на прыватным самалёціку, яго ледзь не збілі па звычцы, але потым самі былі задаволеныя, што ўзялі ў палон. У самалёце апынулася яшчэ кабета, думалі жонка, аказалася — палюбоўніца. Карацей, скандал міжнародны наспяваў нібы пажар — ён хацеў прамацаць супрацьпаветраную абарону! Як калісьці карэйскі “Боінг” пасажырскі! Але ўрэшце і нашая ідэалагічная машына пачала працаваць больш далікатна, па-свойму віртуозна, не так тапорна як заўжды было.
Назаўтра каля статуі, калі зноўку быў агульны збор, усе мы сталі сведкамі відовішча. Прыехаў нечакана турэмны фургончык, публіка нават зніякавела. З яго выпусцілі палоннага лётчыка з каханкай, знялі з іх кайданкі, і ён зачытаў пакаянны ліст, з якога вынікала, што яму не падабалася тое, што робіцца ў ягонай краіне, таму яны з сяброўкай уцяклі ў Славянскі базар. Ім без размоў далі палітычны прытулак і ордэр на аднапакаёўку у Вежы дружбы народаў з акном на поўнач — у бок іхняй былой радзімы.
Спевы з танцамі на плошчы закончыліся вялікім хорам, агульным з усіх наяўных рэшткаў народаў. Спявала плошча, спявала гімн фэста прыблізна гэтак:
Мне міжволі ўзгадалася, як нас пасля школы маладога байца калісьці калонай завялі на сцяты марозам заледзянелы шыхтавы пляц, каб пракрычаць тройчы “Ура!” новай камуністычнай канстытуцыі ды праспяваць на манер “Уставай страна агромная!” новую рэдакцыю гімна, які мы развучвалі ў пакоі для антыімперыялістычнай падрыхтоўкі. Дыхаючы марознай парай спяваў пляц мужчынскімі галасамі ў рэчышчы “Пралятары ўсіх краінаў, яднайцеся!” Твары рэзка скажона асвятлялі ўздоўж шыхта пражэктары. Музыка грала праз клубныя дынамікі, бо аніводзін нават вайсковы аркестр не вытрываў бы марозу.
Цяпер свяціла сонца, усе пацелі на адкрытай плошчы, але неўзабаве з палёгкай дзукі, зулусы, гуцулы ды іншыя калонай накіраваліся на прыстань. Іх пагрузілі на рачны цеплаходзік з прычэпам — баржай-рэстарацыяй, каб завезці на пікнік у рамантычнай мясціне з вогнішчам і каўбаскамі на ражончыку. Пакуль яны адсутнічалі, на беразе збіраўся шматтысячны натоўп, увечары абяцалі пражэктарнае шоў ды феерверк. А публіцы сёння адно часцей падавай шашлыкі з півам ды піратэхнічныя відовішчы! Пакуль нацмены плавалі — столькі народу на беразе сабралася — як на Грунвальдскую бітву!
Калі з-за рачной лукавіны паказаўся цеплаходзік, які з напругай супраць плыні цягнуў рэстарацыю, поўную рознакаляровых тубыльцаў, бераг азваўся радасным галёканнем. Небаракі зулусы маглі змярцвець з нечаканасці! Але ўсё яшчэ было наперадзе. Калі цеплаходзік апынуўся паміж берагоў, запоўненых публікай, нібы трапіўшы на сярэдзіну стадыёна, да борта падплыў увішны катэр быццам з лоцманам. Але гэта былі тэрарысты! Гуцулы і абарыгены ўжо, мабыць, пашкадавалі, што захацелі паўдзельнічаць у свяце. Тэрарысты праз мегафон паведамілі, што патрабуюць мяшок з грашыма і самалёцік дзуцкага лётчыка, які атрымаў удзень палітпрытулак.