— Няма ўжо незалежных.
— Ну, дык вось.
— Арывэдэрчы, — нечакана абазваўся ідэалагічны начальнік. Я зірнуў на яго: якіясьці каламутныя вочы за шкельцамі акуляраў. У іх здалося ці то шкадаванне, ці туга, ці нават зайздрасць. Таксама, дарэчы, “пісьменнік”, выпускае брашуркі аб “паслярэвалюцыйнай” гісторыі гарадской: калі трамвай пусцілі, калі каналізацыю зноўку наладзілі ці пачалі шыць чаравікі для простага люду…
— Гільяціну ў залу! — выгукнуў распарадчык сходу на капыл вядомага шоўмэна, які ў “скрынцы” разыгрываў прызы сярод аматараў разгадваць слоўныя шарады. Але гэта была ўжо кульмінацыя, арганізатары яўна спадкаемнічалі эпатажнай маладзёвай суполцы “Макулатур-літ”, якая сваімі хэпенінгамі разбурала граніт афіцыйных пісьменніцкіх мерапрыемстваў. Notabene: то маладзёны “плавалі” на сцэне ў трунах, вяшчаюшчы пра човен Харона, то па-пірацку хапалі на абардаж доўгую скрыню з канкурэнтамі з часопіса “Літара”, складалі ў дамавіну застыгла-акадэмічныя творы, фаліянты класікаў, дагматычныя першакрыніцы і залівалі жыжай, што нагадвала вадкія экскрэменты. Аднойчы падпалілі кніжную макулатуру, загасіўшы чым хутчэй агонь: нават гарэць-не гарыць, сырая!
Кардонны герб новага літаратурнага таварыства заклікаў да неадкладнага дзеяння: “Пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць...” Я, зрэшты, асабліва не сачыў за выступамі. Дыскусія хутчэй нагадвала крыўды-маналогі, трыбуннае разрыванне на грудзях кашулі зняважанымі і пакрыўджанымі. Я сябе паэтам сапраўдным не лічыў, мяне не турбавалі бляшаныя лаўры. Я быў чужым на гэным свяце-рэваншы, на кірмашы дробнай помслівасці.
Мяне зацікавіў двухтомнік, атрыманы дэлегатамі бясплатна, пра заакіянскае жыццё. Калі дакладней, гэта быў раман-дылогія пра амерыканскага галаву, пра Джоні Холідэя, якога аўтар, мякка кажучы, не любіў. Галоўны герой быў чорным каўбоем і жудасным бабнікам. У ягоным урадавым “Боінгу” існаваў стрыптыз-бар, хатні кінатэатр з парнаграфічнымі фільмамі і спачывальня а-ля шэйх з гарэмам сцюардэс. На саміце ён вышуквае вачыма дзяўчат, робячы візіт да “калматага мядзведзя”, і таксама думае толькі пра юр: пазнаёмце мяне, Валодзя, з гэнай элеганцкай міс, якая нас суправаджае. А яна — маёрка міліцыі, у дасканаласці валодае знакамітымі прыёмамі самаабароны без выкарыстання зброі! Адным словам, гэны Джоні трапляў увесь час у дурныя сітуацыі, на радасць іхняй жоўтай прэсе. Апынуўшыся ў калгасе, папрасіўся да даярак у чырвоны куток “паабшчацца”. У эміратах хацеў у гарэм на экскурсію.
Жонка спачатку злавала, знаходзячы ў ягоных кішэнях трусікі, станік, рэшткі памады на адзенні, нават спрабавала скончыць самагубствам: наглыналася таблетак. Але пры дапамозе доктара-псіхатэрапеўта, які неўзабаве зрабіўся каханкам, яна навучылася ставіцца да мужа як да бэйбуса: што з яго спытаць, калі ў яго свярбіць увесь час адзіная думка? Псіхатэрапеўт па-фрэйдысцку тлумачыў агрэсіўную палітыку Холідэя, зыходзячы з яго заклапочанасці сэксам, самы свежы прыклад: напад на Арабіку, маштабная ваенная інтэрвенцыя. Прыбыўшы сакрэтным авіярэйсам, каб падбадзёрыць войскі ў саракаградусную спёку, той накіроўваецца ў медсанбат, каб пазнаёміцца з санітаркамі, на пазіцыях просіць пакінуць яго ў бэтээры з жаўнеркай, чорнаскурай грудастай Джудзі. Не прапускае ніводнае спадніцы.
Часам я перарываўся, прамоўцы перашкаджалі чытаць. Хто сваёй апантанасцю, іншыя звяглівасцю, месцамі лямантам, рыхтык парсючыным віскам, як мне здавалася. А часам прамоўца мог зацікавіць, пачуўшы пра пісьмовыя машынкі, я міжволі спыніўся чытаць:
— Мы павінны адабраць пішучыя машынкі і баста! У іх цэлы склад. Выдавалі як у пазычальні, асабліва маладым, першыя вершыкі надрукаваць, ёсць мемарыяльныя, калі сем’і ахвяравалі ў літзвяз машынкі нябожчыкаў. Ёсць рарытэты — хоць у скупку здавай антыкварную. Я знайшоў зусім музейныя — з шыльдачкамі — ад Саўнаркама, за ўдарную працу на літаратурным фронце, за поспехі, за вынікі ў першай пяцігодцы, за трылогію, ад палітупраўлення арміі, ад наркамата шляхоў зносін, нават ад НКВД славутага! Цэлы музей, яны яго не даглядаюць, занядбалі! Гэта павінна належаць усяму народу, дзяржаве!
— Дык можна з дзяржкантролем на іх, даць бой! Хай паспрабуюць нашу гісторыю не вярнуць! Можна зрабіць пакой з машынак: расставіць на паліцах і — шыльдачкі.
— Абавязкова, і партрэты нашых карыфееў, майстроў слова, народных паэтаў. Але я не закончыў. Стаяць у падвале ў змазцы, сапраўды — хоць цяпер у бой — на літаратурны фронт! Можна займаць нашу славутую “Лінію Молатава-Рыбентропа”. І хай паспрабуюць! Гэта ж багацце — матэрыяльнае, духоўнае! Самі назвы гавораць з табой на мове гісторыі: “Бальшавічка”, “Ударніца”, “Камунарка”!