— Прапаную правесці інвентарызацыю: колькі “Камунарак”, “Бальшавічак”, колькі “Ударніц” і “Энтузіястак”. Падлічыць, стан ацаніць, якіх дэталяў не хапае, каб мець дакладнае уяўленне пра “парк машын”.
— Але спачатку разграміць пісак, ключы, замок пакуль у іхніх руках…
— Не: спачатку лічба машынак, размеркаваць і не прымаць больш нікога, каб не было лішніх, “безлашадных”, каб ніхто не быў пакрыўджаны, не адчуваў сябе другім гатункам. А то: ты член і я член, але ў цябе ёсць машынка, а ў мяне нямашака! Дзе справядлівасць?
Так, жарсці распальваліся надалей, але я зазірнуў адным вокам у раманец, які трымаў на каленках… Здраднікі сацыялістычнай радзімы мучыліся ад спякоты Арабікі, адсутнасці “Сталічнай” і салёнага гурка, часамі ў іх прачыналіся згрызоты сумлення, але часцей яны пакутвалі ад дзённых страхаў і начных кашмараў. Разам з усім акупацыйным корпусам як агню лякаліся людзей-бомбаў, машын і звычайных, якія адважныя мясцовыя падпольшчыкі не ленаваліся падкладаць у самых нечаканых месцах: на кірмашах, у кінатэатрах, у чайханах і мячэцях. Карацей, зямля гарэла пад нагамі захопнікаў, як калісьці здарылася ў далёкай саюзніцы Арабікі, дзе патапталіся заваёўнікі, уключна з фрыцамі, каторых аўтар рамана называў пагардліва таксама гансамі і немчурой. Ён зусім не спрабаваў прыхоўваць сімпатыі, яўна захапляючыся зухавымі падрыўнікамі ў паранджах і чалмах. Празаік нават прыводзіў слоўнае апісанне шахідскага паса, інструкцыю для ахвотных.
Мне рабілася зразумелым, што раманіст, як прадстаўнік партызанскай нацыі, быў на баку любых падпольшчыкаў і паўстанцаў, “рэбельянтаў”, як часам па-замежнаму называў іх з ноткамі павагі. Пазней, аднак, любоў гэтая рабілася супярэчлівай, заблытанай, як смак няякаснага вінца, увогуле цьмянай. Выяўлялася, што аўтар цёпла ставіцца да рэвалюцыйных матросаў, да абвешаных маўзерамі і наганамі кінагерояў, але чамусь не вельмі любіць Чэ Гевару, адных шахідаў гатовы на руках насіць, а тых, хто змагаецца ў Праметэевых гарах, абзывае вылюдкамі.
Угодкі рэвалюцыі з гваздзікамі на пінжаках ён падпольна святкуе нават у арабіцкай пустыні, дазваляючы сабе выпіць акупацыйнага напою вуснамі заканспіраванага, смелага і няўлоўнага пасланца паўночна-партызанскага народу. А вось рэвалюцыя з ружамі ў руках, з гваздзікамі ў рулях ўрадавых жаўнераў, каварна абяззброеных, выклікалі ў аўтара непрыхільнасць. Асабліва калі рэвалюцыянеры абменьваюць апельсіны на гумовыя кулі, каб спецназ не страляў па людзях. Пацыфісты выклікалі ў раманіста знішчальныя маланкі, амаль іскры выкрасаліся з радкоў. Чытач ніякавеў: якіх шахідаў шанаваць, а якіх — не і завошта? Бо рабілі яны адну справу, прыблізна з аднолькавым поспехам, адно што ў розных геаграфічных мясцінах…
— Скажыце, дзе роўныя ўмовы для вясковага жыхара са сталічнікам?! Дайце машынку бясплатна і я перакулю свет! Я пакажу, што слёзы кракадзілавыя праліваць на гарадскім асфальце — немаральна! Я сродкамі літаратуры пакажу. (Гэта я зноўку звярнуў увагу на дыскусію дэлегатаў-літаратараў, сярод якіх апынуўся). Дайце мне машынку, прашу вас! Дзеля ўсяго святога!
Яны яўна не здолелі паставіць птушку ў парадку дня насупраць пытання аб прафесійных варштатах, не маглі ніяк падзяліць машынкі, якія заставаліся пакуль шкурай не ўпаляванага мядзведзя. Дакладчык не хацеў здавацца. Ён вывучыў машынкі нібы археолаг, які расшыфраваў надпісы на антычных амфарах і пазнакі на каменных сякерах! Напраўду? Я зацікавіўся. Дакладчык вызначыў па нумарах на дэталях машынак: каму яны належалі, калі былі арыштаваны і ў якіх следчых апынуліся. Пашкадаваўшы на словах час дэлегатаў, ён паабяцаў падрабязнасці надрукаваць у акадэмічным часопісе, але не спыніўся. На фабрычных шыльдачках некаторых пісьмовых машынак, а таксама на дарчых — “Ад Саўнаркама…” і гэтак далей — ён знайшоў выдрапаныя пазнакі. Спачатку яму здалося, што гэта — лічба значных твораў, напрыклад, раманаў, надрукаваных на машынцы. Але прозвішчы былых уладальнікаў, членаў літаратурнага цэху, не давалі магчымасці пацвердзіць гіпотэзу. Адзін з расстраляных, напрыклад, напісаў толькі адзіны раман, а два не скончыў, другі выпусціў тры кніжачкі вершаў, тым часам колькасць пазнак на машынках не супадала.