Даклад набыў ніякаваты, калі не мовіць: непрыемны прысмак. За кніжкі больш не расстрэльвалі, але падрабязны экскурс спараджаў у душы цьмяны несвядомы сумнеў. Усё ж лепей бы іхнія машынкі хавалі разам з імі, клалі ў магілу, як калісьці меч побач з ваяром ці гаршчкі ў адной яме з ганчаром, які іх вырабіў, падумалася мне. Машынку — у магілу было б больш па-людску. Аднак іх працягвалі мучыць, вытрасалі душу, замест раманаў друкавалі вусцішныя пратаколы. Як яна чулася, механічна пішучы, сцяўшы зубы, несусветныя прызнанні свайго ўчорашняга гаспадара, найлепшага сябра, які любіў яе, дбаў, пяшчотна звяртаўся да яе? Яна пачынала з глузду з’язджаць: раней даводзілася часам вымушана лайдачыць, а цяпер гарбацілася без выхадных, без сну, у следчых з натхненнем праблемаў не існавала. Прамоўца ўсё ж перакінуўся на падрабязнасці, на лічбы, хоць абяцаў устрымацца… Я міжволі пагартаў раман пра вайну ў Арабіцы.
Сяброўская для Арабікі партызанская рэспубліка патаемна прыслала знаўцаў дыверсійнай барацьбы, у кожнай групы была свая задача: навучыць непісьменных дэхканаў знішчаць чужынскія бронемашыны, знайсці і зліквідаваць здраднікаў сацыялістычнай айчыны, адшукаць сакрэтную турму, дзе янкі трымалі правадыра арабіцкага народа, якому доўга ўдавалася быць няўлоўным, ды наладзіць партызанку ў захопленай ворагам краіне. Акупанты тым часам дапытвалі адважнага правадыра і рыхтавалі судовы фарс.
У гэтым месцы, нічога больш не тлумачачы, аўтар палічыў патрэбным пазнаёміць чытача з незайздросным існаваннем здраднікаў, якія баяліся выйсці па-за межы “зялёнай зоны”, дзе мясцілася акупацыйнае начальства, і якую ахоўвала бронетэхніка, а ў паветры баражыравалі “кобры”. У гатэльным нумары яны сядзелі нібы ў турме: глядзелі порнаканалы, смакталі “канабіс”, жлукцілі “бурбон”. Яны пачыналі ненавідзець саміх сябе, амерыканцаў, кісель з бромам, ад думкі пра які ванітавала. Па начах снілі словы ваеннай прысягі, якія гарэлі нібы татуіроўка на грудзях, гарэлі мацней за іхні ўлюбёны спірытус, як той напалм: “А еслі я нарушу гэту сваю прысягу, дык хай мяне спасцігне справядлівае вазмездзіе, суровая кара і ўсеобшчэе прэзрэнне і нянавісць працоўных”…
Небаракі! Я адхінуўся ад раманнай спякоты, ад згрызотаў сумлення здраднікаў сацыялістычнай радзімы, зноў адчуўшы гук трыбуннага мікрафона, нібы вату з вушэй выняў. Гаварыльня не спынялася, знаўца пісьмовых машынак дайшоў да разынкі сваіх росшукаў:
— Я зрабіў адкрыццё, дарагія сябры, аб чым марыць кожны даследчык, кожны гісторык краснага пісьменства! На шыльдачках машынак, якія захаваліся дзякуючы НКВД, толькі два віды пазнак, на што я амаль адразу звярнуў увагу. Рыскі вертыкальныя і крыжыкі, яны таксама на рамах выдрапаны. Ніколі не здагадаецеся! Але я здаўмеўся: калі лічба пазнак не супадае з колькасцю напісаных кніжак, дык трэба пашукаць у тых, каму дасталіся машынкі, калі гаспадароў арыштавалі. І — эўрыка! Супала! Яшчэ чакала праца, архіўныя пошукі, але я высветліў, што проста рыскі — гэта колькасць прысудаў, калі паэт ці празаік заставаўся жывы, звычайна давалі дваццаць-пятку, чвэрць стагоддзя, можна сказаць. А вось крыжыкі — гэта куля, гэта ўсё. Шкада, канечне, але вынікі навуковага пошуку пра гэта сведчаць. Гэта нібы засечкі снайпераў на прыкладзе.
Дакладчык разважаў: шкада, што ўладальнікаў няма, і нават магіл, але захаваліся машынкі, на якіх хай не адновіш колішнія раманы, не дапішаш незакончаныя, аднак мы цяпер ведаем каму канкрэтна належала асобная машынка, а гэта — мемарыяльная рэч, помнік пісьменніку…
Мне сталі мроіцца бронзавыя, гранітныя галовы літаратараў на друкарках, нібы бюсты на пастаментах. Я ўявіў пісьменніцкія могілкі: на гранітных плітах пішучыя машынкі — “Ударніца”, “Бальшавічка”, “Камунарка”, а ў кагосьці нават “Ундэрвуд”, калі паходжанне сумнеўнае, не чыста рабоча-сялянскае. А ўсім дэлегатам я б паставіў хутчэй “Энтузіястак”, гэта апошні выраб, найбольш сучасная машынка, якую сацыялістычная радзіма выпусціла незадоўга перад смерцю. Яна не архаічная “Бальшавічка”, але ж таксама — пабочны прадукт аграмаднай махіны вайсковай прамысловасці, якая тавары народнага спажывання выпускала ў вольны ад асноўнай работы час, пасля вялізных танкаў, атамных субмарын, бомбаў ды іншага дынаміту. Асноўныя тавары, як паўсюль сцвярджалі, былі не горшыя ад капіталістычных, а вось астатняе, шырспажыў, тыя ж машынкі для газетных артыкулаў і раманаў, як, зрэшты, і самі газеты ды раманы, не маглі задаволіць замежнага спажыўца, прызначаліся выключна для ўнутранага рынку.
Мне захацелася падлічыць пісьменніцкія галовы, каб ацаніць колькі спатрэбілася б машынак, каб хапіла на ўсіх, каб нікога не пакрыўдзіць. Магла б атрымацца грандыёзная сцэна: кожнаму выдалі “Ударніцу”, яны з імпэтам пачалі друкаваць вершы і замалёўкі. Дакладчыку трапілася гаргара, ён лупцуе па літарах прамову пра следчых, якія не злазяць з карка, калечаць машынкі, нечакана ратуючы іх ад здачы ў ламачча, пакідаюць яшчэ прытомнымі, хай у інвалідных вазках, на мыліцах, прыкаванымі да ложкаў. Тым часам у маіх мроях прэзідыум дробна выстуквае свае рэзалюцыі ды пастановы.