Выбрать главу

Раптам бух “Камунарку” на каленкі: карыстайся, не змарнуй даверу! І я, нечакана для самога сябе, клац-клац адным пальцам. Узнімаю голаў і бачу, што зала нагадвае нібы гіганцкае машбюро самай галоўнай газеты вялікай сацыялістычнай радзімы, дзе друкавалася артыкулаў у дзесяць-дваццаць разоў болей, чымсьці можна было змясціць у нумары. Каб выбраць геніяльныя! У нас вельмі высокі крытэры адбору, наш узровень ніхто не перасягне, у нас найлепшыя з найлепшых пёраў краіны!.. Маніш-маніш, думалася мне, ведаю вас як аблупленых: заўтра — больш, чым учора, пагоня за лічбамі. А спаборніцтва паміж машыністкамі?! А нормы выпрацоўкі? Хутчэй-хутчэй-хутчэй!

Божа мой, што робіцца: мы выбіваем са сваіх “Ударніц” усю душу, нібы прапылены кілім. Што азначае наша нясцерпнае стракаценне? Прызабытую сімфонію сацыялістычнага будаўніцтва? Выкрыванне ворагаў унутры літаратурнага працэсу? Якія пішуць не тое, не так, пішуць з камнем за пазухай? Скурай спіны я стаў адчуваць, што з хвіліны на хвіліну можа прыехаць НКВД, высмыкнуць надрукаваныя аркушы з партытурай, арыштаваць машынкі. Выкрыта падпольная арганізацыя механічных друкарак!

Мне ўжо вядома, што ў іх там цэлы аддзел пішучых машынак! Так-так, сховішча арыштаваных друкарак, навуковыя супрацоўнікі-следчыя. Дасье на кожную: колькі й чаго, якіх антысавецкіх твораў паспелі надрукаваць схаваныя ворагі, двурушнікі ў пралятарскай літаратуры! У дасье ўлічана ўсё да дробязі: імя ўладальніка, біяграфічныя дадзеныя, звесткі пра сваякоў, пра маральна-палітычны стан, ідэалагічнае аблічча ды іншыя агентурныя паведамленні. А таксама — дадзеныя пра сакрэтных супрацоўнікаў і следчых, якія вывелі на чыстую ваду, выкрылі яго разам з ягонай “Бальшавічкай” на пару.

У нас выдзіраюць з рук машынкі, як дзяцей у матак карнікі ў ваенных кінафільмах, брудна лаюцца, што гаргары цяжкія, цягнуць у “варанок” з закратаваным акенцам. Хаця, на добры розум, прасцей было прымусіць гэта рабіць нас саміх. Дубовыя галовы! Не паспеў я падумаць, мяне выцягваюць за каршэнь, і я з несусветнай палёгкай апынаюся зноў на сходзе, абуджаны званочкам старшыні прэзідыума!

Спачатку ачмурэла гляджу вялізнымі, нібы акуляры, вачыма перад сабой, нагінаюся, падымаю з падлогі раман. Сяджу я, між іншым, на галёрцы ў самым куту, можна зручна прытуліцца да сценкі і не надта сачыць за трыбунай. Я хутка рухаюся, ужо на “экватары”. Праўда, у наяўнасці яшчэ другі том. Варта зараз хаця б дагартаць першы, тым больш аўтар рашуча адпрэчыў традыйцых Мар’ю з цэбрам ля калодзежа ды круцеля-старшыні калгаса, якому не дае разгарнуцца напоўніцу прынцыповы парторг альбо, па-сучаснаму, намеснік па ідэалагічнай частцы. Але мяне ніхто не гоніць.

Па інерцыі працягваю апатычна думаць пра падпольную арганізацыю пісьмовых машынак, пра Саюз вызвалення ад непісьменнасці шляхам друкавання любых папер, дакументаў, любоўных лістоў і шпаргалак, а таксама, само сабой, і агентурных паведамленняў, бо органы НКВД ніколі не памыляюцца! Гэтыя словы ў маіх думках выпісаны залатымі літарамі на фасадзе “дома з вежай”, які традыцыйна называюць яшчэ, праўда заўжды шэптам, “жоўтым домам”. Так, яны не памыляюцца ніколі! Небяспечная вольнадумная арганізацыя пісьмовых машынак, якія час-часам збіраюцца ў адным месцы разам са сваімі гаспадарамі, каб закідаць горад тысячамі ўлётак. Што ў тых улётках? Безумоўна крамола, накшталт “…твой народ дачакаецца залацістага яснага дня!”

Выкрыванне ворагаў унутры літаратурнага працэсу заразлівая тэма. Вось яны штось мышкуюць, выдумляюць дыверсійныя чыны, сабатажныя здарэнні, недарэчныя выпадкі, хаця б дробныя прыкрасці. У машынках пачынаюць западаць цвёрдыя знакі, “шча”, тмутараканскія падвойныя “і”, “ха” пачынаюць танчыць нібы нападпітку. Слова “правадыры” яны адбіваюць правакацыйна з маленькай літары. Замест “ха” друкуе “гэ” і наадварот, блытае “а” ды “о”. Эпідэмія няўхільна распаўсюджваецца сярод машынак, нават калі яны не мелі паміж сабой ніякіх кантактаў — пацалункаў і гэтак далей, не елі з аднае місы, не галіліся адной “жылеткай”, не карысталіся адным шпрыцам. Але запомніце, зрабіце сабе засечку: органы НКВД ніколі, чуеце? ніколі не памыляюцца!