Ат, задурыў вам галовы! Трэба й белетрыстыку пагартаць, “захад сонца” тым больш ужо замільгацеў за дрэвамі, дакладней за барханамі. Аўтар бадай не зусім ведаў чым заняць рукі вісусу-прэзідэнту, таму зноўку накіраваў яго ў Арабіку падтрымаць баёвы дух свайго войска, якое адмаўлялася піць колу з бромам. На лётнішчы сшыхавалі марскіх пехацінцаў, якія праслухалі прэзідэнцкі спіч, лянотна жуючы “рыглі-спірмінт”. Холідэй быў палымяны і не забываўся пра сястру таленту — сцісласць:
— Салдаты! Мы — самыя моцныя, самыя свабодныя, самыя справядлівыя ў свеце! Мы нясем дэмакратыю на сваіх сцягах усім іншым народам, якія яшчэ згінаюцца пад ярмом, гібеюць, не ведаючы аб нашых дасягненнях, аб дабротах і плюсах нашага ладу жыцця! Няхай не чапляюцца за свае закарэлыя перажыткі, прымітыўныя забабоны. Мы ўсё адно пераможам! Усе будуць жаваць жуйку, піць колу (толькі без брому! — з жаўнерскіх шэрагаў) і радавацца сакаўным хот-догам з маім улюбёным, спадзяюся, што й вашым таксама, — кетчупам з чылі-перчыкам! А зараз — у сталоўку, усіх чакаюць сапраўдныя біг-макі, самага вялікага памеру, дэмбельскія! (Дэмбель! Дэмбель! — ухвальна-радасна з жаўнерскіх шэрагаў). Вас таксама ніяк не могуць дачакацца фіш-макі і (факі! — з жаўнерскіх шэрагаў). Не, нават чыкен-макі — найапошняе дасягненне нашых кулінараў і рэстаратараў, якія падбалі, каб доблесныя марскія пехацінцы таксама ў пясках адчувалі сябе нібы дома альбо ў бліжэйшай ад дому закусачнай з сапраўднай амерыканскай ежай, што ніколі не прымушае чакаць, бо яна таксама — вынаходніцтва нас, шчасліўчыкаў, якія назвалі яе проста і любоўна “фаст-фуд”! (Фак-фуд!! — з жаўнерскіх шэрагаў). Запрашаю ўсіх да стала, вас частуе сам прэзідэнт! Смачна есці!
Прызнаюся, я прачытаў гэты кавалак нават са здаволенасцю, усё ж у аўтара даволі навостранае пяро, мне амаль што самому на хвілю захацелася пабыць сярод апанаваных спёкай марскіх пеханінцаў, якіх у сталоўцы пад паветкай чакалі прысмакі нібы ад Санта-Клаўса, бо на радзіме якраз рыхтаваліся адзначыць менавіта Каляды, і прыблізна палова жаўнераў дома ў святочны час бачылі сапраўдны белы прыемна-прахалодны, а некаторыя — пякотна-лёдаваты снег. Зрэшты, настрой у мяне адразу рэзка змяніўся, мне расхацелася ў пяскі, есці ход-догі “біг-сайз” і чытаць салдацкую газету “Старз энд страйпс”. Мне раптам успомніліся здраднікі памерлай сацыялістычнай радзімы, якія пакутавалі ў “зялёнай зоне” ад амерыканскага “бурбону”, марачы пра “сталічную”, іх небаракаў амаль увесь час ванітавала.
Тым часам, жуючы “біг-сайз”, жаўнеры абмяркоўваюць свайго хлебадаўцу: “П’е ўсё, што гарыць, факае ўсё, што варушыцца… Сапраўдны мача, у сэнсе бабнік”. “Гавораць, ён да брытанскай каралевы спрабаваў заляцацца і да жалезнай лэдзі падбіваць кліны. Ха-ха-ха!” Знянацку аўтар пакідае салдацкую сталоўку і паказвае чытачу Джоні Холідэя сярод снайперак, якія навучаюць яго цаляць у партрэтную мішэнь. Аўтар з непрыемнасцю для сябе пазнае рысы твару свайго ўлюбёнага Жалезнага Фелікса, але не можа стрымаць зласлівасці: буржуі, аказваецца, дагэтуль жудасна ненавідзяць і жывёльна баяцца славутага ворага, які амаль сто гадоў з магілы палохае іх наганам.
У наступных абзацах тлумачылася згубнасць амерыканскага спосабу харчавання, аўтра развенчваў тэлевізійны міф аб узорнай атлетычнасці элітных марскіх пехацінцаў. Яны тлусцелі на біг-маках гэтак, як раздзімаюцца ў печы булкі для “Макдональдса”. Кіраўніцтва марской пяхоты мусіла дазволіць жаўнерам з залішняй вагой не ўдзельнічаць у праграме схуднення, бо служба ў Арабіцы цяжкая без таго. Самі выбірайце: занадта пагладчэлыя не змогуць разлічваць на падвышэнне, таму капрал застанецца назаўжды капралам, а яфрэйтар — яфрэйтарам, бязлітасна падагуліў аўтар. Таўстун можа атрымаць або, прынамсі, разлічваць на дадатковую лычку ці зорачку толькі ў адным выпадку — за выключны гераізм у баях з партызанамі. Такая вось несправядлівая дыскрымінацыя! — бедаваў раманіст, а ўсё “фаст-фуд” вінаваты, амерыканскі лад жыцця, разрэкламаваны да прыкрасці.
Калі верыць пісьменніку, апазіцыйныя да “фаст-фуду” афіцэры распрацавалі праграму “бодзі кампазішн”: частае ўзважванне таўстуноў, дадатковыя фізічныя практыкаванні і абавязковыя лекцыі “сэмпэр фіт”, што азначае “заўжды у форме”, якія прысвечаны слушнаму харчаванню ва ўмовах баявых дзеянняў. Сутнасць заняткаў — засцерагчы жаўнераў ад “фаст-фуду”. Хаця гэта прагучала ў пясках Арабікі зусім непераканаўча, есці ж усё роўна трэба! Інакш “эм-шаснаццаць” не зарадзіш. Нібы прысуд выглядалі нормы залішняга тлушчу — для жаўнераў максімум васемнаццаць адсоткаў, для жаўнерак — дваццаць шэсць. Калі не можаш — ліпасакцыя альбо прымусовы дэмбель! Аўтар упершыню крыху паспачуваў простым амерыканскім салдатам, якіх загнала ў гарачыя пяскі і прымусіла жэрці нездаровую ежу іхняе камандаванне, яно харчавалася ў рэстарацыі і не журылася. Тут раманіст не ўтрымаўся ад невыгоднага для амерыканцаў параўнання, узгадаў фантастычны пах баршчу з перасоўнай салдацкай кухні і незабыўны смак грэцкай кашы, якімі штодня ласуюцца салдаты партызанскай рэспублікі.