Хтосьці на трыбуне тым часам усур’ёз узяўся за рэвізію “машыннага парку”, пачаўшы здалёк: памятаеце, дарагія таварышы? Раптам скончылася халодная вайна, а ў нас танкаў, ракет, самалётаў — хоць ср… еш, на сто гадоў наперад. Але разабраліся: самалёты прадалі, ракеты — задарма мусілі, танкі пачалі аўтагенам рэзаць па-жывому. А з машынак — ці шмат жалеза? Вось і засталіся на пісьменніцкім складзе.
— На машынцы трэба ўмець. Гэта як з падставамі мастацтва, трэба класічным жывапісам спачатку авалодаць, а тады ўжо маляваць абракадабру. Калі закарціць, канечне. Без падмуркаў няма будынка! Замкі на пяску нам не патрэбны!
— Машынкі нашыя былі не такія зграбныя, але больш-менш надзейныя, запчасткі знайсці можна было. “Маўзалейная”, “Марзянка”, “Бальшавічка”. Прасаў нарабіць з іх? Як мячы — на арала?! Трасцы вам! Самі назвы святыя.
— На складзе яшчэ бюсты затаварыліся, гэта цяпер таксама нашы трафеі. Сто гадоў пыляцца ў падвале, пазелянелі. Ёсць, напрыклад, магчымасць выдаць Кукушкіна і Пахлёбкіна. Былі яшчэ Якуб ды Янка, іх нацыяналісты разабралі, ледзь не пабіліся, усім не хапіла.
— Зараз нам будзе неабходны літтрыбунал, каб судзіць. У нас цэнзуры не было, у нас быў “Галоўліт”! Але ўстанова патрэбна абавязкова, якая ставіць ідэалагічны знак якасці: праверана, мін няма! Будзьма іхнія разглядаць опусы, паглядзім хто каго, каб не называлі нас больш рэваншыстамі. А то: прымаць не будзем, усё, што пішаце — камуняцкі рэваншызм! Ярлыкі прыляплялі! Як гарчычны пластыр нібыта.
— Мы іх саджаць не будзем, канечне, не той час, і ссылаць, бо няма куды. Але публічны, грамадскі трыбунал — абавязкова — на эшафоце шаблю над галавой ламаць, каб дапялі, што пісаць можна, а чаго нельга. І кніжкі іхнія — у машынку, на вермішэль пакроіць. Нам у аўтадафэ няма патрэбы.
— А я лічу, што пісаць у шуфляду — гэта дулю ў кішэні хаваць. Калі ты такі смелы, выходзь з адкрытым забаралам, крытыкуй, змагайся з язвамі грамадства. Не будзь як той маладзец супраць авец…
— Правільна, дарагія сябры, пяро калісьці прыраўналі да вінтоўкі, мы на перадавой, у акопе, у тыле адседжвацца не збіраемся. Мы не тылавыя пацукі!
— Я сябе адчуваю менавіта на ідэалагічным фронце. Сам служыў калісьці ў хімабароне. А іхні Звяз аматараў літаратуры, ідэалагічных усіх дылетантаў — у каршэнь! У каранцін — ненадзейных, кнігі з душком. Дэзінфекцыя патрэбна, дэзактывацыя.
— Мы апынуліся ў літаратурным завулку, у тупіку: наша хата скасабочылася пісьменніцкая, наш плот кніжны пахіліўся. Наш храм літаратурны застаўся без іконы царкоўнай.
— Прагрэсіўныя пісьменнікі ўсіх краін — яднайцеся! Хто не залежыць ад грашовага мяшка, хто не жадае танчыць пад чужую дудку, хто хоча сам замаўляць музыку! Масавая літаратура, масліт і масталіт — высокадухоўная, сапраўдная — сацрэалізм на новым этапе без залішняга дагматызму. Вось што галоўнае цяпер!
— Яны хацелі як гаспадары — у палацы літаратурным, але наша дарагая ўлада выспятка дала, на сметнік іх, сканфіскавала палац, каб яны там нацыяналізмам не займаліся, каб урад не крытыкавалі. Яны хацелі без нас, як паны, грэбавалі, а засталіся ля разбітага карыта, куды ім ніхто не падкіне бульбачкі, костку не дасі, не гаворачы пра цымусы…
Дыскусія пра далейшыя шляхі краснага пісьменства не сціхае, нібы шторм, а тым часам у Арабіцы таўстуноў з зорна-паласатага войска ганяюць як ахвярных казлоў. Дзедаўшчына дый годзе. Дарагая наша сацыялістычная армія сканала, але справа яе жыве: up-down, up-down, упаў-аджаўся. Піша пра здзекі янкаў-“дзядоў” гладкі і сціплы шэраговец Мікі, дасылае свае сыновыя скаргі ў штат Місуры, але ўсюдыісная вайсковая цэнзура мала не ператварае нараканні ў панегірыкі марской пяхоце.
Джоні Холідэй нудзіцца ў Белым доме і прылятае зноўку да марской пяхоты, каб асабіста паведаміць: мамачка-Амерыка падрыхтавала вакуумныя пакункі з хот-догамі для ўдзельнікаў спецаперацый, з адпаведным змесцівам — згодна густам прадстаўнікоў розных расаў і рэлігій. Маўляў, мы ўсіх любім аднолькава і ўрад дбае нароўні.
— Хаў а ю? — бадзёра выгукае прэзідэнт з трапа “Боінга”.