У сваім вялізным “Боінгу” Холідэй рэпеціруе перад люстэркам: “Мы — санітары лесу! (Дзе ён бачыў у Арабіцы лес?!) Ядахімікаты супраць шкоднікаў. Мы — скальпель, выратоўнае апраменьванне. Пухліна, апендыцыт, гангрэна — нашая спецыяльнасць”. Пагуляўшы ў аратара, ён бавіцца ў камп’ютарную гульню: самалёты, удары па цэлях у пясках… “Сам ад В’етнаму “адкасіў” калісьці, у пацыфісты запісаўся, у хіпі, але ў маленстве у вайну не нагуляўся як след. Вось жа лайдак!..”
Аднак устаноўчы сход яшчэ не закончыўся. Трыбуна не сумуе ні хвіліны, плойма літаратараў згаладнела па вуснаму слову. Я бачу: ім хочацца нагаварыцца, нібы наступнага разу не будзе, ці яны не вераць у паўторную магчымасць. Часам выступы не зусім пра літаратуру:
— Яны варацца ва ўласным соку! А мне больш падабаецца кансерва з аліўкавым алеем ці хаця б з дадаткам сланечніковага. Але важна не гэта. Яны ў макулатуру здалі нашыя дарагія зборы твораў — Лукіча, Фрыдрыхавіча, Карлавіча, Вольфавіча, Навухаданасоравіча. Збэсцілі першакрыніцы, святыя тэксты, азбуку барацьбы, наш рэвалюцыйны буквар! Раней стаялі ў кожнай бібліятэцы, у кожным рэўпакоі і чырвоным кутку. А запальныя прамовы Кастравіча, Кадаф’евіча, Фідэліча, Фірдуосьевіча?! Усіх нашых айцоў-заснавальнікаў, правадыроў і вялікіх настаўнікаў!
— Хачу машынку бясплатную! “Камунарку”, “Ударніцу” — электра! Я іх люблю вачыма, пальцамі: вялізныя, грунтоўныя, нібы напраўду грудастая кабета — перадавічка дзябёлая…
Я заплюшчваю вочы: сячкарня — нібы мясарубка для паперы — кніжны фарш. Чарвякі. Сечка кабанам, каб потым — скварка да чаркі… “Кнігажэрку” адцягнулі за кулісы, але яе відарыс ужо адбіўся ў свядомасці, выдрукаваўся на сятчатцы, застаўся ў табе фотанегатывам.
— А папера ў іх якая? Шэра-чорная якаясьці! Яны гаварылі, ім свабода важнейшая за ўсё, на мітынгах выступалі, на трыбуну лезлі пішчом, мікрафон з рук вырывалі! Улёткі вершам пісалі! Свой талент растрачвалі! З гэтымі крыкунамі спаборнічаць — дурная справа!
— А ці быў талент?!
— Ды няхай, не ўсе ж там страчаныя для літаратуры. Можа хто да нас папросіцца, я прапаную не адмаўляць, даць магчымасць справіцца. Пакаранне — каб перапісаў ад рукі “Капітал” які-небудзь, мы так ва ўніверы ў сшыткі даклады газетныя перапісвалі і нічога — жывыя.
— А гэта цікава! Хай лепш вывучыць напамяць паэму ці праспявае “Сягоння мы не на парадзе!” А лепей даць, каб перапісвалі “Дзяржаўную мяжу або дзесяць тысяч км калючага дроту” — эпапею, якую дужа не любяць. Ім ужо мяжа не падабаецца наша, якая на крэпкім замку…
— Трэба не на мітынгах распальваць нездаровыя эмоцыі, а выкрасаць у народзе іскру надзеі, веры і любові, заклікаць працоўныя масы да ўдарнай працы, каб даказаць перавагу нашу спецслужбам, якія акапаліся ў іхніх рыгсдагах, рэйсратах і увогуле рэйхстагах. Прабачце дзеда за старамоднасць, але — больш малака, больш чыгуна, хлопцы, угнаенняў! І тады будзе як у песні: сягоння стала лепей, чым учора, а заўтра будзе лепей, чым сягоння!
Апошні прамоўца рабіў уражанне патрыярха, які мог памятаць яшчэ літаратурныя працэсы, расстрэлы, арышт машынак і пераразмеркаванне іх паміж карнымі установамі. Яго прывезлі ў інвалідным крэсле, быццам, каб паўзіраўся на вяртанне акопаў на літфронце, дзяльбу трафеяў і святкаванне перамогі. Зрэшты, выглядаў ён даволі дзіўна, крыху можа нават па-вар’яцку. Я раней яшчэ міжволі звярнуў на яго увагу, але сам ён пра адыёзныя часы арышту машынак не ўспамінаў, ды не прэтэндаваў на трафеі са складу друкарак. Агулам на трыбуне не ўсе крыўдавалі ўголас, гучалі й цікаўныя меркаванні.
— А памятаеце: кнігі на талоны за макулатуру — за газеты здадзеныя? Вось з іх і рабілі паперу, на якой друкавалі літаратуру потым. Кругазварот. Каб не было “Праўды”, атрымліваецца, не было б і іхніх “Гулагаў”!
Я прыгледзеўся бакавым зрокам: сусед крэсліў у нататніку шыбеніцы з павешанымі фаліянтамі…
— Свабода, дарагія таварышы, хачу нагадаць, — не анархія, не усёможнасць, яна — усвядомленая патрэба. Няможна быць цалкам незалежным ад грамадства, ад дзяржавы. Асабліва датычыць нас, пісьменнікаў, мы ўсведамляем адказнасць за друкаванае слова, як ніхто іншы не ўсведамляе. А са свабоды можна як двойчы ў два зрабіць прафанацыю. Возьмем іхнюю статую. У руцэ паходня. Але ж падпальшчыкі вайны як адзін — з паходняй, ку-клукс-клан таксама. Выбачайце: ёй на галаву птушкі таксама какаюць, як нашаму Сярпову. І нават значна болей — галава большая, акіян побач — процьма чаек, альбатросаў. І не кепка, а цэлы бельведэр зверху!