Як аратар збіраўся прытарнаваць да сваёй прамовы літаратуру (ці наадварот) мне было незразумела і я вырашыў пацікавіцца, як маецца герой бясплатнага рамана, разгарнуўшы другі том пра Джоні Холідэя.
Усе інтэрвенцыі аднолькавыя: дэсант — марскі ці паветраны, захоп плацдарма і гэтак далей. Джоні Холідэй намучыўся ў Арабіцы, дзе марской пяхоце не давалі спаць народныя мсціўцы ў чалмах, яго рэйтынг пачаў няўхільна, а неўзабаве — імкліва падаць, а рэйтынг у іх — самае важнае, нават грошы, капітал, на другім толькі месцы. Каб палепшыць сваю папулярнасць, Джоні нічога разумнейшага не прыдумаў, як выкінуць дэсант у Партызанскай рэспубліцы, почырк яе інструктараў надта ж праглядаў у дыверсійных дзеяннях мухаме-даўцаў, якія шкодзілі ў Арабіцы на кожным кроку. Марская пяхота па вушы ўгрузла ў пясках, не здолеўшы хаця б адшукаць славуты залаты чэляс Аляксандра Македонскага, а гэтая абставіна для Холідэя — кепская прыкмета.
Аднак яго напаткала неспадзеўка: Партызанская рэспубліка нібы чакала нападу, армія, не лезучы на ражон, адступіла за абарончы рубеж, за “Лінію Молатава-Рыбентропа”. На захопленай тэрыторыі начальства схавалася ў лесе, каб разгарнуць партызанскую дыверсійную барацьбу. Холідэй быў непрыемна ўражаны: “У іх, чарцей паласатых, усё прадумана, фак-фак!”
Марскую пяхоту відавочна заваблівалі ў пастку, але спыніцца яна не магла. Бо такая логіка няўмольнага наступу, інерцыі вайсковай махіны, якая рушыць безупынна, пераследуе, пакуль не сутыкнецца з супрацівам. Яе мэта — страляніна, бой, страты ў шэрагах праціўніка. Але самы прыкры “сюрпрыз” чакаў армаду Холідэя наперадзе: супрацьтанкавая абарона “Лініі Молатава-Рыбентропа” узнікла натуральнай перашкодай, стоп-машына! — далей язды не было, марская пяхота мусіла рыхтавацца да начлегу.
Прачнуліся Джоны і Стывены пад чорным небам па вушы ў снезе, як у кепскім анекдоце. Сакрэтная авіяцыя Партызанскай рэспублікі зрабіла сваю снежную справу… У паходным шатры Холідэя доўга гучала адзінае кароткае, з трох літар, слоўка. Хоць вушы заторкні! Пакуль ён няўрымсліва лаяўся, у бой уступіла снегавая артылерыя праціўніка. Сумёты павялічваліся хутка як ў кіно. Марская пяхота пад зорна-паласатым стала нагадваць царскія войскі на Шыпцы некалі, на карціне баталіста Верашчагіна.
Яны былі падрыхтаваныя да вайны ў пустэльні, у спёку: бронекамізэлькі з ахаладжэннем, каскі з вентыляцыяй, усё на барацьбу з цяплом! Але знянацку нібы трапілі на антыподы, дзе ўсё дагары нагамі з надвор’ем. Гвалтоўная зіма ў такі час, калі зімы не бывае, калі думкі занятыя зборам ураджаю… Аўтар ганарыўся за партызанцаў: хай верасень стане снежнем. Дажынкі пачакаюць! Хай яблыкі гінуць, хай ураджай прападае, чаго не зробіш дзеля перамогі над ворагам?! Мы вам пакажам банапартаўскі паход, Кітай-горад і Сярпоўград, калі армады вымерзлі да костак і здаліся ў палон. Штучны снег, штучная зіма. Кіно! Напачатку трымаўся больш-менш толькі полк “Палярных мядзведзяў” з Аляскі.
Усе друкаваныя органы Партызанскай рэспублікі выйшлі з пераможнымі шапкамі: “Іх затрымалі на “Лініі Молатава-Рыбентропа!!!” Раманіст адкрыта радаваўся разам з насельніцтвам, са смакам называючы воінаў-інтэрнацыяналістаў з марской пяхоты амерыкашкамі, грынга, янкі, нават зорна-паласатымі чарцямі. Трапляліся і старыя газетныя штампы: бразгаць зброяй, падпальшчыкі вайны, назапасілі небяспечныя арсеналы. Чытача пераконвалі, што гэтак неабачліва трапіць у пастку маглі адно небаракі-ваякі, недарэкі са стрэльбамі, якія прызвычаіліся ваяваць заўжды з камфортам: лядоўня з кока-колай, бугі-вугі, джаз, “Джоні Уокер” і нават біятуалет абавязкова. Аказваецца, першыя марпехі самлелі ў прыбіральні на аўтастанцыі, калі прызямліліся з парашутамі і не дапялі схадзіць у хмызы, ха-ха-ха!
Марской пяхоце зрабілася не да праціўніка, трэ было змагацца са снегам. Выдалі аспірын і па бутэльцы віскі, у насельніцтва скуплялі кажухі і аблавушкі. У Шатландыі замовілі пледы. Адным з сакрэтаў партызанцаў было тое, што мяжа зімы праходзіла дакладна па “Лініі Молатава-Рыбентропа”, яе шчодра пасыпалі соллю, і на пазіцыях абаронцаў трывала па-ранейшаму восень, даспявалі ў райскіх фарбах познія яблыкі і грушы, сяляне працягвалі збіраць ураджай, а начальства — рыхтавацца пакрысе да любімых дажынак, перасунутых на пазнейшы час. Амерыканцы ўпершыню наяве сутыкнуліся з халоднай вайной, ведаючы аб ёй раней толькі на словах. Пекла таксама здараецца сцюдзёным, не абавязкова полымя шугае.
Штаб Джоні Холідэя займаўся звыклай у такіх выпадках задачай: як спрабаваць прыцягнуць на свой бок насельніцтва і калі не выклікаць сімпатыі, дык хоць бы знейтралізаваць антыпатыю? “Дамо ім статую Свабоды замест Сярпова, колькі можна на яго маліцца? Копію, канечне, зменшаную. Бронзавую дошку таксама — канстытуцыю рукапісную нашу. Хай чытаюць, хай вучацца дэмакратыі”. “Жалезнай рукой завядзем іх да шчасця: “кадылак”, супермаркет, джынсы. Жалезны кулак, жалезная воля, сталёвыя нервы, лоб, сківіцы, вось што зараз нам патрэбна, каб зрабіць па-свойму”. Прыблізна так адбываліся спрэчкі ў штабе вачыма раманіста.