Не доўга думаючы, заняткі па дэмакратыі зрабілі для сялян, каб прышчапіць каштоўнасці свабоднага свету! Развучвалі з мясцовым народам заакіянскую канстытуцыю, Біль аб правах, пазнейшы — аб вызваленні мурынаў, “Хаціну дзядзькі Тома”. Пасля дойкі, кармлення парсюкоў. Сваю ваенна-палявую газеціну пераклалі на беласлаўскую, атрымалася “Зоркі і палоскі” — накшталт “Вясёлых карцінак”. Смеху варта! Вось у беласлаўцаў грунтоўна, салідна называецца друкаваны орган мінабароны —“Слава Богу Вайны”… Раман чытаўся нечакана лёгка!
Жаўнеры пачалі мяняць даляры на мясцовыя паперкі. Малым дзецям яны раздаюць жуйку, пераздымныя малюнкі, кока-колу. Старэйшым — гамбургеры у вакуумных пакунках (сяляне пляваліся!), налепкі з зорна-паласатым сцягам. А таксама запальнічкі, ліхтарык, люстэрка, пачкі гарбаты, нажніцы, “жылеткі”, шарыкавыя ручкі, мыла, шкарпэткі, запалкі, карты з партрэтамі. Колішнія дэфіцыты, што раней былі па талонах.
Акупанты абвясцілі ўзнагароду за голаў “айца” і нібыта нават за скальп. У іх там цяпер у модзе індзейскія традыцыі, стрэлы з курарэ, пардон, кулі. Баявая афарбоўка твараў таксама. Даручылі справу батальёну, які называў сябе “Афганскімі выжламі”. А тым часам партызаны актыўна ловяць амерыканскага галаву! Пад акупантам і падпальшчыкам вайны гарыць заснежаная зямля. Над Холідэем патаемна — у айцоўскім бункеры рыхтуецца новы Нюрнбергскі працэс. Айцу-камандзіру мроіцца: Холідэй выслізгвае з рук партызанскіх, уцякае ў сукенцы пад выглядам палкавой паходнай прастытуткі, маска падрыхтаваная загадзя. Уся Амерыка абурана і патрабуе неадкладнага імпічменту. Ён апраўдваецца ў Сенаце і на тэлебачанні, прыкладаючы далонь да сэрца…
У гэтым месцы я прыпыніўся. Вясёлы аказаўся раманец, асабліва другая частка. Але кніга не кінакамедыя, яна не абавязкова паляпшае настрой, асабліва калі навокал усе чымсьці незадаволеныя: крыўды, прэтэнзіі, заклікі забраць, падзяліць, штосьці давесці, адпомсціць, узяць рэванш. Колькі можна скакаць на тую Варшаву, шабляй размахваючы? Ці не прасцей сесці ў цягнік, бо самалёт — задорага, а-а — па візы чэргі? Дык, значыцца, усе насамрэч хочуць у купэ, ніхто — з шабляй?
На чыгуначных станцыях, паўстанках мне даводзілася бачыць зусім не могілкі паравозаў, не музеі, а дэпо пад адкрытым небам, дзе стаялі закансерваваныя жалезныя гаргары, цэлыя счэпленыя ланцугі, эшалоны з адных паравозаў, нібы чакаючы свайго часу, каб зрушыцца, пакінуць “запасны пуць”. Дзіўнае відовішча ў часы “еўраэкспрэсаў”. Раптам мне стала відавочным, што гэтак жа недзе стаяў вагон з арыштаванымі машынкамі… Перада мною патыліцы да самага прэзідыума: плечы і галовы, нібы бюсты задам наперад. Мая уява пачала маляваць машынкі-галовы: акуляры, вусы, бакенбарды, літарынкі-зубы, прычоскі, парыкі, а потым — кепка, капялюш, берэт, шапка, пыжыкавая, заечая.
Новы паварот: дэлегатам падзяліць прапанавана бюсты. На выбар: паэт прыдворнай камарыллі Кукушкін, сялянскі Сярмяжны Сярожа, пясняр чыстай красы Саша Алмазаў, Смаленскі Дабрыня. А найболей затаварыліся Феліксам Жалезным, які вершаў не складаў. Пераблыталі, мабыць, калісьці з Роджэрам Жэлязным…
Я сеў у цягнік без машынкі, на ўсіх не хапіла, але на каленках трымаў антыхолідэеўскі раман ды ў рукзаку членскі бюсцік Фелікса Жалезнага. Меланхалічна падумалася: а ён жа першы і ўзяўся за паэтаў, якія не так пісалі, не тое гаварылі і зусім ужо безнадзейна кепска думалі, хоць і моўчкі… Які я ўсё-ткі песіміст, халера.
За акном мільгацелі мясціны, дзе разгортвалася уяўнае раманнае дзеянне: Джоні Холідэй з крылатым фаласам Аляксандра Македонскага, барадатыя дзяды Талашы выклікаюць паніку сярод марскіх пехацінцаў, у лясах хаваецца няўлоўны айцец-камандзір. Патрыятычна-чуллівая сцэна: схоплена партызанка, яе прыводзяць на допыт асабіста да Холідэя. Ён: пераспіш, адпушчу на ўсе чатыры. Яна — не, радзіму не прадаюць, самым дарагім не гандлююць. Холідэй чыніць з ёю па-езуіцку: выдае візу і адпраўляе “Боінгам” у свой амерыканскі “рай”, як калісьці мясцовых гостарбайтэраў прымусам вывозілі на працу ў “рай-х”, зазначае аўтар. Яму хочацца намякнуць, што іхні рай “хрэнавы”.
Дзеля эпічнасці ён узгадвае мангола-татарскую навалу, янычараў, псоў-рыцараў, банапартаўскі паход, “Барбаросу”, дубіну народнай вайны. І яму не дае спакою антычны фалас Македонскага у паходнай палатцы Джоні Холідэя. Ён падвешаны як матыль пад столлю ці мадэль летака. Залаты фалас замест вайсковай разведкі знайшлі тэрмінова вучоныя-археолагі, выкупілі на аўкцыёне. Знялі меркі: сапраўдны, як у летапісе. Буржуазныя газеты крыкма крычэлі, захлыналіся ад захаплення! Славуты чэляс вялікага палкаводца марская пяхота здабыла ў бабілонскім музеі, абвяргаў “таблоід”, захапіла ў якасці трафея!