V
Пад вечар — сустрэча з Сашкам.
Двор старога Міны неяк падабраўся, звузіўся, папрыгажэў. Некуды зніклі доўгія хлявы і адрыны з праваламі саламяных стрэх, і ад гэтага на двары стала весялей і святлей. Хата перасыпана, новы падмурак і дах. Малы хлевушок, навес, пад якім штабель напілаваных і наколатых дроў. Агарод, дзе па бульбе ганарыста пасталі сланечнікі. Некалькі дрэў у садку: вішні, слівы. I кветкі пад вокнамі хаты. Адкуль у Міны кветкі?
Разгадка наступіла ў хаце. 3 першага позірку было відаць, што лад і парадак тут наводзяць не дзед з унукам. Белыя занавескі, вазоны, чыста вымытая падлога, рэчы, кожная з якіх ведае сваё месца, і, самае галоўнае, дамавіты прыемны пах — усё гэта сведчыла, што ў хаце ёсць дбайная гаспадыня.
Яна напомніла аб сабе адразу.
— Вы да мамы? — спытала дзяўчына, выйшаўшы з-за перагародкі. — Яна ў бальніцы і прыйдзе не хутка.
Дзяўчыне гадоў васемнаццаць, у яе прыемны грудны голас, у якім чуваць ноткі блізкай жаноцкасці, і ў поўнай адпаведнасці з узростам, горды і незалежны выгляд. У руках трымае кніжку.
— Не, я не да вашай мамы. Некалі я ў гэтай хаце жыў. Зайшоў паглядзець.
Стрэлкі чорных брывей ляцяць угору, на твары лёгкае замяшанне, якое дзяўчына зусім не ўмее хаваць.
— Саша, прыйшлі да цябе.
Я зусім не разлічваў на прысутнасць дзяўчыны, і таму ўся загадзя вызначаная стратэгія проста бескарысная. Я хвалююся. Тых слоў, якія падрыхтаваны, не скажаш.
Саша выйшаў з-за той жа перагародкі. У яго руках таксама кніга. Незнаёмы танклявы хлапец з адкрытым тварам і даволі смелым паглядам шэрых вачэй.
— Добры дзень. Прабачце, што перашкодзіў. Міна Іванавіч прасіў зайсці. У вашай хаце я кватараваў. Яшчэ да вайны...
Я назваў сваё прозвішча. Сесці мне не прапанавалі. Трэба было як-небудзь ратаваць становішча, і зрабіць гэта прыйшлося мне, як старэйшаму.
Я сеў без запрашэння. Потым пачаў аглядаць хату. Перагародка дзяліла яе на дзве палавіны — большую і меншую. У большай, пярэдняй частцы, дзе сядзеў я, відаць, жылі самі гаспадары. Ад бакоўкі, першага майго рабочага кабінета, не засталося і следу.
Двое маўчаць, нібы згаварыўшыся. Па ўсяму відаць, яны і не збіраюцца са мной размаўляць. Зусім магчыма, што яны ўжо загадзя дамовіліся паміж сабой. Няма нават і намёку хоць бы на звычайную чалавечую ветлівасць. Я чамусьці спакайнею. Зрэшты, на што-небудзь іншае разлічваць і не прыходзілася.
— Гады ідуць,— кажу я.— Столькі перамен у вас, што і не пазнаеш. Калі я тут працаваў, была толькі сямігодка. А цяпер дзесяцігодка. Вы, Саша, дзесяць класаў скончылі?..
Саша маўчыць. Ён апусціў сваю русую галаву і глядзіць у падлогу. Дзяўчына адышла ў кут, села і робіць выгляд, што чытае кнігу. Маўчанне наўмыснае, дэманстратыўнае, у гэтым няма ўжо ніякага сумнення. Мяне нарэшце апаноўвае злосць. Сто разоў мела рацыю Алеся. Чаго я сюды прыехаў? Што мог перамяніць? I, зрэшты, якая мая справа да таго, што нехта некалі напаскудзіў. Мала я з-за гэтага нацярпеўся? Мала меў згрызоты? Хопіць філантропіі, яна мне вылезла бокам. А калі гэтыя двое думаюць пра мяне дрэнна, няхай думаюць. Яны, відаць, даўно спеліся, і мне да іх няма ніякай справы...
Я падняўся. Мой твар гарэў. У грудзях бушавала злосць, але я пастараўся развітацца спакойна...
...Полем іду да раз’езда. Крокаў за дваццаць ад сцежкі Мінаў шалаш, але заходзіць мне туды нё хочацца. Няма нават жадання развітацца са старым. Таго, што здарылася, не паправіш. Не было ніякай патрэбы прыязджаць у Дзеўкі, варушыць лахманы гэтай старой, амаль забытай гісторыі...
На раз’ездзе пуста і ціха. Цягнік хвілін пятнаццаць як прайшоў. Наступны — у дзве гадзіны ночы. Настрой мой панылы і маркотны. I, мабыць, ад гэтага здаецца змрочным усё навакольнае. Будка, у якой жывуць брыгадзір пуцейцаў і абходчык, пафарбавана ў недарэчны жоўты колер. Чаму ў жоўты? Чаму будка не карычневая, не зялёная, не каштанавая? I наогул, што такое колер? Сіняе сутонне вечара заўсёды навяваё лёгкую маркоту. Як і цяпер. А сінеча летняга марыва вабіць, хочацца ісці, ісці. На Сашы была сіняя безрукаўка, дзяўчына стаяла ў белым. Ёсць цесная сувязь настрою, які валодае чалавекам, і колеру...