Выбрать главу

Сваты селі каля стала. Алеся ж парупілася хутчэй склізнуць з хаты. Нядоўга чакаючы, пачалі сыходзіцца званыя з жанкамі; хата папоўнілася гасцьмі ў святочнай вопратцы, пачалася гамонка, як у вуллі пчол.

Сені хутка напоўніліся хлопцамі і дзяўчатамі. Дзеці, як машкара, віліся і блыталіся пад нагамі. Музыка Мекраш запілікаў скрыпкаю, настройваючы яе. Вось зацяў ён «Лявоніху», і пар з пятнаццаць пусціліся ў круг.

— Пачакайце, пачакайце! Дзе ж Ясь з Алесяю? У першую пару іх трэба!

Танец прыпыніўся. Алеся сарамліва падышла да Яся і выклікала яго ў сені. Адзетая ў чырвоную суконную спадніцу, вышываную сарочку і сіні гарсэт, яна ўся так і ззяла шчасцем, трымаючыся за Яся і гатуючыся скакаць. Мекраш зайграў зноў, і Алеся, як зачараваная, пайшла ў круг. Нічога не бачачы, апроч твару свайго каханага, яна лёгка насілася па сенях. Першая «Лявоніха» скончылася, і дзяўчаты абкружылі яе, заспяваўшы вясельную песню...

За сталом у покуці сядзелі Пранцісь, сват, Васіль і найбольш старыя і паважаныя з гасцей. Тут гутарка ішла сур'ёзная — аб бывалых справах і здарэннях, якія былі з кім у колішнія часы. Дзед Кісель, якому ўжо было год пад восемдзесят, без канца гаманіў, як ён плыў на кані праз Дунай у Турэцкую вайну.

Васіль, звярнуўшыся да Пранціся, гаварыў:

— Ліха ведае, як зроблена на свеце, што людзі жывуць па суседству, а глядзяць адзін на другога воўкам. Вось хоць мы з табою, Пранцісь: здаецца, за ўвесь век не зрабілі ніякае шкоды, ніякае пагарды адзін другому, а на ж табе! — да гэтага дня і спаткацца не хацелі.

— Але, але, сваце! I што ж такое, калі я малюся ў касцёле, а ты ў сваёй царкве?

— Праўду кажаш, сваце!

Шмат казак было сказана, шмат жартоўных апавяданняў абляцела стол.

Васіль таксама разышоўся і прапанаваў выслухаць яго сказ. Усе павярнуліся да яго, гатуючыся пачуць што-кольвечы смешнае.

— Усе вы ведаеце старую царкву ў Мурагах. Цяпер яна мае толькі сцены, а дах яе і званіца даўно ўжо праваліліся і згнілі; цвінтар зарос чартапалохам, крапівою і іншымі бруднымі зёлкамі. У даўнія часы гэта быў вялікі і далёка вядомы касцёл. Убранства яго было багатае, ксяндзоў туды пасылалі самых лепшых. Але не гэта цягнула ў касцёл людзей з усіх бакоў, нават здалёку: у касцёле быў лічбан св. Антонія, які памагаў і ад хваробы, і ад беднасці, і нават ад смерці. Пасля касцёл быў перароблены ў царкву. Прыехаў і поп — Завідовіч, здаецца — і ўсё каталіцкае выкінуў, толькі св. Антоній застаўся. У бліжэйшыя ж гады поп Завідовіч зразумеў, што адмылкі ён не зрабіў, пакінуўшы ў царкве лічбан: у адзін дзень свята Антонія папу даставалася столькі дабра, колькі ён не зарабляў за год. Рады быў поп, і кожны год на Антонія склікаў да сябе ў госці знаць ледзь не з усяго павета: і папоў, і ксяндзоў, і паноў, і рознае начальства. Добра жыў поп і гора не бачыў. Вось адзін раз уваходзіць ён у царкву, глядзь — няма Антонія на месцы. Туды-сюды — няма. Як на бяду, заставалася толькі дзён тры ці чатыры да свята Антонія. Што рабіць? Без лічбана і свята не ў свята — усе грошы і іншыя падарункі прапалі. Думалі-думалі з дзяком Завідовіч дый надумалі. Раніцаю ў свята яны папрасілі аднаго старога селяніна, які абліччам і доўгаю барадою паходзіў на лічбана Антонія, раздзелі яго, паставілі на пастамент, дзе стаяў лічбан, падвязалі яму абрус ніжэй чэрава паясніцы і папрасілі стаяць нерухома ўсю імшу. Добра! Усё пайшло па парадку: шмат папоў правілі імшу, народу процьма і ў царкве, і каля царквы. Свечкамі ўстаўлены ўвесь абрус перад Антоніем. Вось нейкая кабеціна, праціснуўшыся з свечкаю ў зубах да самога «Антонія», стала шукаць месца, куды б прыладзіць яе. Нядоўга думаючы, яна запаліла свечку і, нагнуўшы канец з агнём к назе «Антонія», пачала капаць воск, каб прыляпіць там і самую свечку. «Антоній» не вытрымаў, дрыгнуў нагою, ды так моцна, што добра такі штурхнуў кабету. «Цуд», — загаласіла яна на ўсю царкву...

— Куды ты, сваце?

— Што ж я прыйшоў да цябе, каб ты здзекаваўся з мяне? — хрыпла вымавіў Пранцісь. — Дык не, годзе! Недавярак ты быў, недавярак і ёсць! Хадзем, пан Сулкоўскі. Ясь, хадзем дадому!

— Ніхто цябе і не клікаў, сам прыйшоў, — ускіпеў Васіль. Пранцісь з сватам хутка выйшлі з хаты, ні з кім не развітаўшыся і не зірнуўшы ні на каго. Гасцям стала ніякавата — трохі памяўшыся, адзін за другім, нібы аблаяныя, яны пачалі разыходзіцца дадому. Хутка ўся хата апусцела, засталіся толькі свае ды Ясь.

Алеся спалоханымі вачамі пазірала на бацьку і не магла ўцяміць, што зрабілася. Васіль, пачырманеўшы ад злосці, буйнымі крокамі таптаўся па хаце. Маці, падпёршы галаву рукою, моўчкі сядзела каля стала.