Выбрать главу

— A ў мяне Коўган з Кармачовым пабіліся за пяро. Ледзьве разбараніла,— жалілася Аўдоцця Мітрафанаўна.

«Што рабіць, калі зачнуць бойку ў мяне?» — аж сцепанулася Вера.

Зазваніў званок. Па калідоры жвавей затупалі абутыя i босыя ногі, заляпалі дзверы, але гармідар не сціхаў.

На школьным двары апрача асноўнага будынка стаялі яшчэ два невялікія дамы з тоўстага кругляка, сцены абмазаны глінаю i так-сяк пабелены. Ix адны звалі «заімкамі», другія — «хутарамі». На такі «хутар» праз двор ішла Вера на свой першы ўрок. Яе пераганялі дзеці i крычалі: «Ідзе! Ідзе!» З калідора выглядалі дзяўчаткі, а як толькі Вера ўзышла на ганак, усе сыпанулі ў клас i зачынілі дзверы. Сэрца затахкала зноў, здавалася, яго ўдары гучаць у апусцелым калідоры, а скрэмзаныя крэйдаю дзверы ўяўляліся прорваю, у якую трэба сігануць i не разгубіцца, перамагчы няўпэўненасць i страх, сціснуць усю волю ў кулак i не паказаць хвалявання. Здзівіла цішыня ў класе, напружаная, насцярожаная, трывожная. Як толькі адчыніла дзверы, усе стаялі за партамі, a заднія цягнуліся на дыбачкі, каб лепш разгледзець яе. Вера паклала на стол падручнік, крэйду i сшытак, што замяняў класны журнал, спакойна i ціха павіталася. Клас дружна адказаў.

— Сядайце, дзеці,— з усмешкаю сказала настаўніца.

Заляпалі вечкі старых, зрэзаных імёнамі i літарамі партаў.

— Перш за ўсё давайце пазнаёмімся. Завуць мяне Вера Рыгораўна. Я буду называць прозвішчы i папрашу кожнага падняцца, каб ведаць i вас. Добра? — яна разгарнула сшытак i пачала выклікаць усіх па алфавіту.

Ускоквалі стрыжаныя хлапчукі, дзёрзка паблісквалі чорныя i блакітныя вочы, усмешкамі расплываліся вусны. Спакойна падымаліся за партамі старанна зачэсаныя дзяўчынкі з беленькімі каўнерыкамі, з каснічкамі ў валасах.

Па прозвішчах i па абліччах Вера заўважыла, што сярод яе выхаванцаў ёсць татары i чувашы, украінцы i беларусы, нават адзін асцяк. На перадапошняй парце сядзела рослая дзяўчынка з доўгаю грыўкай над шыракаватым пунсовым тварам. Яна прыкметна згіналася, каб не вытыркацца над усімі i не замінаць хлапчуку, што сядзеў за ёю. Веры запомнілася яе прозвішча — Аня Анікеева.

Калі апошні вучань сеў на месца, Аня падняла руку.

— Што, Анікеева? — спытала Вера.

Вучні пераглянуліся, здзіўленыя, што настаўніца ўжо ведае ix прозвішчы.

— Вам схлусілі, Вера Рыгораўна. Замест Тартынскага падняўся Бойка, a Тартынскі замест яго.— Аня пагразіла пальцам хлапчукам, што сядзелі ў куце на апошняй парце.

Вера Рыгораўна прайшла па праходзе, паклала руку на плячо хлапчуку з дробным тварам, густа ўсыпапым рудымі рабацінкамі.

— Віця проста пажартаваў. Праўда? Я раней ведала, які ён вясёлы, i адразу пазнала ў класе.

Тартынскі апусціў галаву i вінавата ўсміхаўся.

Чарнявы хлапчук тузаў ззаду Анікееву i сыкаў на яе: «Шпіёнка, ябеда!»

Вера бачыла ўсё i разумела, што свавольнікі, як кажуць, «робяць прыстрэлку»: разгубіцца настаўніца — будуць чаўпці, што захочуць, паставіць сябе цвёрда, праявіць волю — будзе гаспадыняй у класе.

Але як паетавіць сябе? Як знайсці неабходны такт? Перагнеш — зломіш, недагнеш — цябе ж па лбе хвастане дубец.

Вера павольна падышла да стала, абвяла позіркам клас i ціха сказала:

— Я прывыкла верыць людзям. A схлусіць хто — тады ўжо не верыш, калі ён i праўду скажа. З хлусам ніводзін салдат не пойдзе ў разведку. Чаму? Таму што хлус — самы апошні баязлівец, хлуснёю ён прыкрывае свой страх. Лепш горкая праўда, чым салодзенькая хлусня. Дамовімся гаварыць толькі праўду. Добра?

Клас маўчаў.

— Калі маўчыце, значыць, згодны,— знайшлася Вера, каб толькі парушыць маўчанне.

Вера раскрыла хрэстаматыю, правяла рукою па старонцы, загаварыла спакойна, але выразна, бо памятала: каб слухалі, ніколі не трэба крычаць.

Яна расказала пра народныя песні i быліны. Спыталася, чаму Ілью завуць Мурамец.

— Таму, што ён здаровы, як мур,— адказаў ціха Сцёпа Альхімовіч.

Клас засмяяўся. Усміхнулася i Вера:

— Ты з Беларусі, Сцёпа?

Пачырванелы хлопчык кіўнуў i нагнуўся над партаю.

— Дык чаму Ілью звалі Мурамец, хто скажа?

Руку падняў надзьмуты, з вузкімі вочкамі хлапчук з апошняй парты.

— Таму, што ён нарадзіўся каля горада Мурама.

— А дзе гэты горад?

— У Расіі,— адказала Аня Анікеева.

Вера коратка расказала пра лясны прыокскі край, пра старажытны горад, сказала, што ён упамінаецца ў летапісе пад 862 годам. Нават дату запомніла. Потым чытала быліну. Выразна, усхвалявана.

У класе было ціха. Вера часам адрывалася ад кніжкі, бачыла то іскрыстыя, то задуменныя вочы, падбародкі, падпёртыя кулачкамі ў чарнільных плямах; на адной руцэ заўважыла намаляваны пяром якарок i рулявое кола. Падумала — могуць з'явіцца татуіроўкі, трэба будзе тактоўна пагаварыць з хлопчыкамі. На апошняй парце Тартынскі паклаў шчаку на вечка, толькі паблісквалі рудыя вочы. Відаць, не хацеў адразу паказаць сваёй скоранасці новай настаўніцы. Яна паглядзела доўгім дакорлівым паглядам, хлапчук лена выпрастаўся, заклаў рукі за спіну, парта прарэзліва рыпнула. Нехта сыкнуў: «У-у-у, Тартын!»