— Хто раскажа змест быліны? — спытала настаўніца.
Амаль усе цягнулі рукі адзін за другога вышэй. Не падняў толькі Тартынскі, але глядзеў на Веру Рыгораўну так, нібы нечага прасіў.
— Ты, Віця, не хочаш расказаць? — падышла яна да апошняй парты.
Хлапчук павольна падняўся.
— Можна i расказаць,— памаўчаў, паглядзеў на настаўніцу.
— Калі ласка, расказвай,— i па вузкім праходзе пайшла да століка.
— Значыць, так: Ілья Мурамец сядзеў на печы трыццаць гадоў. Еў, піў, нават у школу не хадзіў. Ой, пашанцавала мужыку! — Вера ўсміхнулася, а па класе пракаціўся рогат.— Ну, што тут смешнага? Хіба не праўда?
— Расказвай, Віця, далей.
Рудыя вочкі хітра забліскалі.
— Прыйшлі да яго тры старцы. Кажуць: «Жраць ахвота».
Вера спакойна паправіла яго.
— Гэта, Віця, вельмі грубае слова. Як сказаць больш далікатна?
Хлопчык, унурыўшыся, маўчаў. Паднялося некалькі рук. Віця спадылба зірнуў на ix.
— Ну, папрасілі парубаць. Ілья кажа, што не можа ўстаць. Дзяды былі чараўнікі i вярнулі Мурамцу сілу вялікую. Такую, што ён дубы з каранямі, як моркву з грады, выдзіраў... — Усміхнуўся, крутнуў стрыжанаю галавою.— Каб мне такую сілу, я паказаў бы...
— Што б ты зрабіў? — спытала Вера.
— Немцаў лупіў бы i... не паддаўся б нікому.
— Ілья Мурамец рабіў людзям дабро, бараніў ix ад Салаўя-Разбойніка. А ты?
— Я паказаў бы таму Салаўю!— сціснуў кулачок Віця i далей пераказваў быліну хоць i па-свойму, але захоплена i падрабязна. Настаўніца паставіла Віцю чацвёрку.
— О-го-го! — уздыхнула Аня Анікеева.— Тартыну чацвёрку!
Вера не звярнула на яе ўвагі, зірнула на гадзіннік: да званка заставалася дзесяць хвілін. Можна яшчэ падняць аднаго-двух вучняў, каб адказалі на пытанні па змесце, i даць заданне на дом — з палёгкаю падумала яна. Першы ўрок у самым небяспечным класе, здаецца, прайшоў гладка. Мабыць, таму, што яшчэ но прывыклі да яе, не прыгледзеліся, не ўведалі ўсіх слабасцей. Прыглядаюцца.
Вера слухала адказы вучняў, папраўляла ix жаргонную мову, але думала пра сваё: як утрымаць клас так, як сягоння? Празмерная дабрата можа абярнуцца супроць яе, сухая патрабавальнасць выкліча злосць i супраціўленне дзяцей, якія даўно адвыклі ад матчынай ласкі...
Толькі задала на дом, як празвінеў званок. Хтосьці паспрабаваў ускочыць, але яго ззаду асмыкнулі. Вера вытрымала паўзу, абвяла ўсіх добрым позіркам.
— Урок скончаны,— сказала яна.
Усе ўсталі, загаманілі, заляскалі вечкамі. Хлапчукі рвануліся ў дзверы, штурхаючы i шлёпаючы адзін аднаго па плячах. Дзяўчынкі абкружылі настаўніцу.
— Мяне заўтра выклічаце?
— Раскажыце нам пра Маскву.
Дзяўчынка з прыгожым ружовенькім тварыкам ціха спытала:
— A ў вас мама ёсць?
— Ёсць у мяне мама,— неяк вінавата адказала Вера.
Над галавою праляцеў папяровы галубок, стукнуўся ў дошку i ўпаў. Вера спакойна адказала на пытанні, склала сшыткі, выйшла за дзверы. Дзяўчынкі праводзілі яе праз увесь двор, перабівалі адна адну, запрашалі прыйсці да ix у дзіцячы дом.
— Памідоры ў нас даспяваюць. Прыходзьце, праўда! — гаварыла Аня.
У настаўніцкай Вера села ў куточку доўгай канапы. Яна адчувала, як палаюць шчокі, як тахкае ў скронях. Па засмяглых вуснах яна непрыкметна правяла языком.
— Ну, як вам спадабаўся пяты клас? — гучна спытала Наталля Іванаўна, чакаючы скаргаў i папрокаў.
— Клас як клас. Харошыя, кемлівыя дзеці. Можа, трошкі іхнія душы зачарсцвелі без цеплыні i ласкі. Вось i тапырацца некаторыя, як маленькія вожыкі. Напускаюць на сябе абыякавасць. I свавольства ў ix паказное, хутчэй гульня ў адвагу. Калі i далей так будзе, лепшага i не трэба.
— Дзіўна, дзіўна! — пакруціла галавою Наталля Іванаўна. — Пабачым, што вы праз тыдзень заспяваеце.
5
Туманная раніца густа прысыпала золкаю расою прымятыя травы i лапушыстае лісце дзядоўніку. Кропля за кропляю скочваліся з набурэлай рабіны i жоўтых вяргіняў. У туманным полі трывожна крычалі гусi. Можа, чулі ў высокім небе шэлест крылаў сваіх вольных родзічаў, трубную тугу жураўліных ключоў, што адплывалі ў вырай з таежных балацін i прырэчных плёсаў. Гусі лапаталі крыламі, a ў неба падняцца не маглі.