Калі скончылі работу, сонца яшчэ кідала доўгія цені i вісела вялікім чырвоным кругам над вяршалінамі далёкага лесу. Вера збольшага ацерабілася ад пылу i падышла да Аляксея.
— А дзе тут Тара, Аляксей Іванавіч?
— Онь за тымі кустамі. Я якраз іду туды паглядзець, ці не распутаўся наш конь. А то заутра яго да паўдня не зловіш.
— Абавязкова праверце,— параіў дырэктар, — Заўтра зранку трэба прывезці вазы са два гліны. У калідоры ўмажам кацёл, каб на зіму была гарачая вада мыць падлогі. А вы хіба не стаміліся, Вера Рыгораўна? Ішлі б дадому.
— Стамілася i прапылілася. Хачу трохі апаласнуцца ў рэчцы. Бо тут мелка,— яна кіўнула на імклівую Біязінку,— i вада ледзяная. Бывайце здаровы, Анатоль Паўлавіч! — Перакінула на руку целагрэйку i легка пайшла па цвёрдай, зарослай запыленым трыпутнікам i рамонкамі сцежцы.
Аляксей яшчэ пагаварыў з дырэктарам пра гаспадарчыя справы i пайшоў следам. Нагнаўшы, спытаў, каб не маўчаць:
— Не баіцеся прастудзіцца? Бо тут гэта небяспечна. Бальніца толькі ў Тарску, а наш фельчар Ніна Пятроўна ўсе хваробы лечыць выключна вітамінамі: ад грыпу — жоўценькія, ад жывата — ружовенькія, ад галавы — зялёныя.
— Я загартаваная. Дома купалася з мая да самых замаразкаў... А вы часам бываеце злосны.
— Але пра Ніну Пятроўну гавару не ад злосці, а хутчэй ад спачування хворым i ёй. Веды ў яе, відаць, слабенькія, вопыту яшчэ не набыла. A вітаміны — надзейны сродак ад любой хваробы: калі не памогуць, дык i не нашкодзяць.
— Цікава, што вы скажаце пра мяне, калі давядзецца пачуць урок?
— Магу сказаць цяпер,— ён усміхнуўся i хітравата прыплюшчыў вочы.— Сказаць?
— Што вы можаце сказаць, нічога не ведаючы пра маю работу?
— Ведаю, што з вас выйдзе сапраўдны педагог, калі хопіць дабраты, цярплівасці i натхнення. Дзеці вас палюбілі з першага ўрока, паверылі вам, чакаюць вашага слова. Цяпер самае важнае — не патушыць ix веру, не расчараваць, не сарвацца. Такі «цяжкі» хлапчук, як Віця Тартынскі, хваліць вас. За што? За павагу да яго асобы. А кожнае дзіця — асоба, чалавек. Асабліва чулыя да дабраты дзеці вайны. Вы гэта заўважылі на першым уроку. Так?
—Адкуль вы ведаеце?
— Ад сваіх сяброў з дзіцячага дома. Дзіўна, праўда? Яны мне раеказваюць усё. Прыходзяць з радасцямі i горам.
Вера маўчала. Яны падышлі да крутога берага шырокай паўнаводнай ракі. Паміж густога кушчэўя тамсям працярэблены i пратаптаиы сцежкі, прырэчны пясок здратаваны вострымі авечымі капыткамі. Сонца закацілася за лес, i ў вадзе адбілася гарачая чырвань неба.
— Вось, калі ласка, i Тара. Толькі не заплывайце за тую луку. Там віры i поўна калод. Ну, шчасліва.— I Аляксей знік у надбярэжных зарасніках. Вера бачыла, як гойдаюцца верхавіны тальніку i чарэмшаніку — усё далей i далей цішэе i глухне яго спакойнае: «Коськось-кось!»
Вада здавалася нерухомаю, толькі каля берага варушыліся ад плыні травінкі i кружыліся апалыя лісты. Вера зайшла за вялізны куст, што навіс над ракою, агледзелася, прыслухалася і, азіраючыся, пачала распранацца. На збуцвелай калодзе ўбачыла маленькі змылачак. Каля берага было мелка. Яна ступіла ў ваду, халадок i гусіныя пупышкі пабеглі па целе. Акунулася i прысела, схаваўшыся ў вадзе па шыю. Ад мыла i пылу вада памутнела. Здавалася, сплывае стома з усяго цела. Адштурхнулася i паплыла, па-мужчынску, сажонкамі, дно знікла з-пад ног. Вярнулася i адчула, як імклівая i пруткая плынь гоніць на стрыжань, а ногі дакранаюцца да глыбіннага холаду. Нават зрабілася страшна, што можа скурчыць ногі i не хопіць сіл даплысці да берага. Ірванулася з усяе сілы, адштурхоўвалася нагамі, крута адграбалася ад стоенай плыні, пакуль не дакранулася да слізкага дна. Па мелкім дапаўзла на руках да берага, азірнулася, прыслухалася i толькі тады за бегла за разлапісты куст. Далонямі сцірала струменьчыкі вады з пахаладзелага цела, з рук i ног страсала кроплі, i яны, як буйныя дажджынкі, скочваліся на пясок. Па целе прабягалі дрыжыкі ад асенняй вады, ядранага надвячорку i імгненнага страху. Хуценька апранулася i пабегла на круты адхон берага. Спынілася i паглядзела на задуменную, таямнічую Тару, на гнуткае вецце тальніку, нахіленае да самай вады, на затканыя сіняватай смугою лясы.
У нізінах курыўся туманок, недзе недалёка ржалі i тупалі коні, на старой алешыне кігікала нэйкая вячэрняя птушка. Ад адзіноты зрабілася сумна. Падсвядома азірнулася на ўсе бакі, некага шукаючы. I зразумела, што шукае Аляксея. Зашпіліла целагрэйку, але дрыжыкі час ад часу пацепвалі плечы. Пайшла хутка, ледзь не подбежкам, i ўбачыла знаёмую постаць над кустамі лазняку. Убачыла, i затахкала сэрца. Нават спалохалася радасці: «Няўжо здурнела? А чаму?» — запярэчыла сама сабе. Ён ужо ішоў насустрач.