На агонь можна глядзець бясконца, марыць i ўспамінаць толькі прыемнае i светлае. Напэўна, гэтая цяга да агню засталася чалавеку ад старажытных продкаў. Відаць, каля вогнішчаў нараджаліся першыя песні i казкі, надзеі i летуценні.
Вера паклала на калені стосік сшыткаў. Заўважыла, што амаль увесь клас напісаў «лошедь» i «Томара». Трэба ўсё папраўляць.
Разгарнула пацёрты неахайны сшытак i здзівілася — зверху i ўсярэдзіне вокладкі былі малюнкі, малюнкі, малюнкі: палалі падбітыя нямецкія танкі, з-пад касак глядзелі суровыя вочы байцоў. На апошняй вокладцы было некалькі дзявочых галовак, i сярод ix Вера пазнала свой профіль. Вельмі падобны. Хто ж гэта так малюе? Адгарнула першую старонку... Віктар Тартынскі. Вось які ён, гэты колкі, як вожык, свавольнік! Яго затузалі папрокамі, выклікамі ў настаўніцкую, скаргамі дырэктару дзіцячага дома. A ў хлопчыка жывая душа, а магчыма, i талент. Вось хто можа спатрэбіцца ў драматычным гуртку.
Вера задумалася, з чаго пачынаць. Галоўнае — захапіць дзяцей, каб яны самі прыдумлялі, шукалі, стараліся, жылі сваім захапленнем. Трэба паставіць цікавую казку, яскравую, з незвычайным сюжэтам, прыгожымі касцюмамі i дэкарацыямі. Але дзе гэта ўсё ўзяць, калі нідзе не дастанеш i метра паркалю ці марлі? А фарбы? Нават карабка акварэлі ў школе няма. У вайиу не да паркалю i фарбаў было. A марлі не ставала на бінты. Колькі яе пайшло за чатыры ваенныя гады, колькі i цяпер ідзе на раны знявечаных калек! Відаць, яшчэ не да спектакляў. Але рабіць нешта трэба. Можа, дзеці падкажуць. Яны вынаходлівыя. Яна механічна выпраўляла памылкі, ставіла адзнакі i старанна пісала парады: «Пішы разборліва», «Вывучы § 37», «Перапішы практыкаванне», «Выпішы ўсе словы правільна»,— а сама думала пра сваё, успамінала, з якім хваляваннем некалі разгортвала свае сшыткі з практыкаваннямі i дыктантамі.
Клубочак успамінаў каціўся далей i далей, у маленства, сагрэтае гарачым летам, ахутанае водарам яблыневых садоў, бесклапотнай лёгкасцю першых радасцей i хваляванняў. Як гэта ўсё было даўно! Як усё далека цяпер ад яе! Вайна, відаць, спапяліла ўсё дараroe яе сэрцу: i ўтульны жоўты дом каля завода, i школу, i сад на ўзбярэжжы ракі. Можа, няма на свеце яе школьных сябровак, што не паспелі выехаць у тыл. Там жа тры гады дзень i ноч бамбілі, стралялі i палілі. Колькі яна выплакала, чытаючы пра жахі ў Гомелі, Касцюкоўцы, Навабеліцы i Добрушы. Хоць бы пабываць калі там, хоць бы што-небудзь знайсці з дарагога маленства.
Зарыпелі, расчыніліся вароты, за акном заківалася галава каня, пачуўся знаёмы голас Аляксея: «Тпр-р-ру!» Загрукала сухое звонкае паленне. Вера замітусілася. Хуценька нацягнула сукенку, абула боты, накінула паліто i выбегла на ганак.
Замецены снегам, з пабялелымі бровамі, Аляксей складаў пад паветкаю дровы. Твар аж пабурэў ад сцюжы, а вочы ўсміхаліся ветліва i добра.
— Вы толькі скіньце, Аляксей Іванавіч, а я сама складу,— сказала Вера і, правальваючыся ў мяккім снезе, зайшла пад паветку.
— А хто ж вас лячыць будзе ад запалення? Зараз жа ідзіце ў хату.
Але Вера не паслухалася. Яна голымі рукамі брала настылыя плашкі i клала ў паленніцу. Пальчаткі, прывезеныя з дому, шкадавала.
— Вера Рыгораўна, старэйшых трэба слухацца i не замінаць ім,— знарок сурова сказаў Аляксей.— Ha пімы вы так i не разжыліся? Што ж вы сабе думаеце? А як ударыць сорак, а?
— Можа, як абыдуся... I дзе ix узяць, не ведаю.
— A ў каго вы пыталіся?
— Hi ў кога.
— Які нумар носіце?
— Трыццаць шосты. А што?
— Значыць, пімы трэба трыццаць восьмы. Пакуль абуем, бяжыце хутчэй у хату i не замінайце, калі ласка.
— Хіба i абуваць уваходзіць у вашы абавязкі?
— Уваходзіць.— Ён узяў Веру за плечы i далікатна выправіў з-пад паветкі.
— У мяне паліцца ляжанка. Заходзьце пагрэцца. Абавязкова.
— А з канём можна? Яму ж таксама холадна,— пажартаваў Аляксей.
— Можна i з канём,— з ганка сказала Вера i пайшла ў хату. Згарнула галавешкі, падгрэбла жар, але больш не села да ляжанкі. Праз акно пазірала, як спрытна Аляксей парадкуе дровы. I зрабілася шкада яго. Настылы, абсівераны, робіць нялёгкую работу.
Пад сэрцам трымцела нейкая тоненькая струна, самі сціскаліся пальцы. Вера чакала. А навошта? Што яна скажа? Лавіла сябе, што хоча бачыцца, гаварыць з ім, i адразу ж апраўдвалася: «Параюся пра драмгурток. Ён жа ўсё ведае, усё ўмее. Можа, згодзіцца памагчы. Я ж бачыла сцэну толькі з залы, а як там усё робіцца, i не ўяўляю».
Аляксей склаў дровы, падцягнуў церассядзельнік i завярнуў каня. Вера сиалохалася, што так i паедзе, i пастукала ў шыбіну. Аляксей кіўнуў галавою, закінуў лейцы на калок ад прызбы, абабіў рукавіцамі з вялікіх падшытых валёнак снег, патупаў па ўсходцах i ціха пастукаў. Вера адчыніла насустрач дзверы.