Выбрать главу

Наталля Іванаўна ўскочыла i ляснула журналам па стале.

— Паклёп! За такія размовы — ведаеце, чым пахне?

Да яе падышоў дырэктар, далікатна дакрануўся да локця.

— Супакойцеся, Наталля Іванаўна, сядзьце. Вера Рыгораўна запіша, а з газаю сапраўды трэба нешта рабіць: у Бергулі i ў Асцяцку хапае, вось, кажуць, у Троіцку ёсць, a ў нас усё цяжкасці.

— Не лезьце i не супакойвайце, Анатоль Паўлавіч. Тут справа прынцыповая. Бач ты ix, распанелі, журнал не запаўняюць, адзнакі не пастаўлены, усім незадаволены ды яшчэ бэсцяць сумленных работнікаў... На педсавеце пастанавілі стварыць драмгурток, а плана няма,— гарохам сыпала Наталля Іванаўна.

Вера схілілася над журналам i моўчкі запісвала тэму сённяшняга ўрока.

Дырэктар толькі пакруціў галавой, узяў падручнік i ўказку i выйшаў з настаўніцкай.

Усталявалася напружаная цішыня. У Веры дрыжала рука, пяро драпала паперу.

Вера сабралася і, не развітаўшыся, выслізнула з настаўніцкай. Сцяжынку замяло, за халяўкі боцікаў набіраўся снег. Ад холаду i ад хвалявання праціналі дрыжыкі, a шчокі гарэлі, i тахкала сэрца, шэры снег парыпваў пад нагам.і.

Яна завярнула ў вуліцу. Там-сям мільгалі кволыя агеньчыкі, бялела наезджаная дарога. У рагавой хаце светла гарэла лямпа, a ў двары чулася гамана. «Гэта ж хата Усцігавых!» — успомніла Вера, пазнала Аляксееў голас i запаволіла хаду. Рыпнула брамка, захрупаў снег за некалькі крокаў за ёю. Вера не азірнулася. Аляксей дагнаў яе i пайшоў побач.

— Ну, як працавалася?

— Як вам сказаць... На ўроках часам была шчаслівая, захаплялася сама, бачыла, як гараць вочы дзяцей, як яны ўважліва слухаюць, a ў настаўніцкай завучу не спадабаўся мой план. Вельмі лаканічны. Пішы ёй падрабязны канспект. А навошта? Іншы раз у план i не зазірнеш.

— Дзетдомаўскія хлапчукі вельмі траппа празвалі вашага завуча...

— А мяне як ахрысцілі?

— Вас яны завуць Верачка. Не крыўдуеце? Вам варта схадзіць да. ix, паглядзець, як жывуць, як рыхтуюць урокі. Яны будуць рады. Дык што ўсё ж адбылося, калі не сакрэт?

— Калі не спяшаецеся, зойдзем да мяне. Раскажу. Вы ж абяцалі параіць, што рабіць з драмгуртком.

— Спяшацца мне няма куды. Гаспадароў няма дома: прапіваюць сёння дачку. Заседзелася яна ў ix. Яшчэ нядаўна тут былі цэлыя асцяцкія паселішчы, нават нацыянальны асцяцкі сельсавет. Усе яны паляўнічыя на собаля, на вавёрку, на каланка. А цяпер зняліся i рушылі далей, на поўнач, за Васюганскія балоты. Адзін Іван застаўся. Вось i ўсваталі яму Ленку.

— Навошта кпіце?.. Хіба яна не мае права на сваё шчасце, на сям'ю, на мацярынства?

— Кожны чалавек нараджаецца для шчасця, хоць не ўсім яно даецца. Чалавек чалавеку павінен прыносіць радасць, узаемна быць падтрымкаю i апораю, а, на жаль, мы яшчэ часам атручваем жыццё адзін аднаму. I без дай прычыны. Вось вам сапсавала Наталля Іванаўна настрой, а за што? Навошта?

Вера апусціла галаву i толькі паціснула плячыма. У небе задрыжалі буйныя зоркі, а на поўначы яснелі i знікалі водбліскі блакітнага святла.

— Што гэта мільгаціць на небасхіле? — спытала Вера.

— Часам даходзіць i сюды святло паўночнага ззяння.

— Усё вы ведаеце!..

На Трахімішынай палавіне міргала газоўка, у астатніх чорных вокнах дрыжалі зоры. Аляксей прамінуў сваю хату, а каля Верыных веснічак спыніліся.

— Зойдзем на хвілінку, я вас доўга не затрымаю.— Яна дакранулася да рукава Аляксеевай целагрэйкі.

— А раптам дазнаецца завуч? — горка ўсміхнуўся Аляксей.

— Яна сама сказала, што я непалахлівая. Хадзем!

Змрок дыхнуў сухім цяплом i пахам бярозавых дроў. Аляксей чыркнуў запалку. Яна дагарала ў пальцах, пакуль Вера здымала паліто i сцягвала мокрыя боты. У ляжанку Трахімаўна наклала тонка наколатых дроў i падаткнула берасцінку. Вера адсунула юшку i папрасіла запаліць у печы. Весела загуло, зашугала полымя, кідаючы на сцяну мяккае святло. Аляксей прычыніў дзверцы, каб лепей угарэліся дровы. Праз дзірачкі на падлозе i на сцяне заскакалі трапяткія аранжавыя зайчыкі. Вера не спяшалася запальваць лямпу.

Аляксей павесіў на цвік вільготную целагрэйку i шапку, падсунуў да печы табурэтку.

— Даверыце пакачагарыць?

— Калі ласка. Я з дзяцінства люблю сцюдзёнымі вечарамі ў паўзмроку глядзець на полымя ў печы, моўчкі падумаць, памарыць. Вы не супроць?

Аляксей зразумеў, што Вера пабойваецца, каб пры святле не ўбачылі ix разам, i сказаў, што таксама любіць вечараваць каля запаленай печы. Дровы ўгарэліся. Аляксей адчыніў дзверцы, змрок адпоўз у куты, а пакой загайдаўся ад хісткага святла. На канфорку ў ляжанцы Вера паставіла бляшаны чайнік, укінула ладны кавалачак цвёрдага брыкету «Фруктовага чаю», працерла гліняны кубачак i рубчастую шклянку, зазірнула ў гладышку, што стаяла на стале.