— Трахімаўна ў мяне як родная маці. Бачыце, дроў наклала, хлеб на мяне палучыла, малака паставіла. О, а тут яшчэ i шаньгі з нейкаю цёмнаю начынкаю.
— Пэўна, з чаромхаю,— сказаў Аляксей.
— Як з чаромхаю?
— I я першы раз здзівіўся. Чаромха тут вясною па берагах Біязінкі — як сумёты снегу. Наламаў я аднойчы вялізны букет, іду па сяле. Жанчыны ківаюць галовамі i папракаюць: «Дарослы чалавек, a зглуміў столькі дабра». Якое дабро? Нічога не разумею. Прынёс дадому, a Дзяменцеўна мая як ускінецца: «Гэта ж столькі ягад загубіў!» Потым толькі зразумеў. Пад восень на чаромхах даспяваюць буйныя, як нашы вішні, ягады. Ix збірае кожная сям'я. Сушаць, мелюць у жорнах на муку. Вараць кісель, начыняюць пірагі i шаньгі. Пераканаецеся, што гэта смачна. A калі забаліць страўнік — самыя радыкальныя лекі.
Вера павярнула набок табурэтку, села на яе перад адчыненымі дзверцамі i сашчапіла на каленях рукі. У яе вялікіх вачах скакалі чырвоныя i сінія агеньчыкі, пышныя валасы свяціліся залацістым німбам.
— Але ж вы мяне запрасілі не пра чаромху расказваць. Кажыце, чым памагчы?
— З прыемнасцю слухаю i пра чаромху. Драмгурток у мяне. Ужо сёння Наталля Іванаўна патрабавала план работы. А што планаваць? З чаго пачынаць? Хоць забіце — не ведаю. Адна надзея — на вас.
— Любы спектакль пачынаецца з п'есы. Вы яе ўжо знайшлі?
— Ёсць у мяне зборнічак казак для лялечнага тэатра. Глядзела, але ўсё, здаецца, складанае: каралі, баяры, рыцары, змеі, царэўны...
— Цудоўна! Такую рэч i трэба ставіць. Дзе гэтая кніжка?
Вера падала тонкі сіненькі зборнічак. На вокладцы — рассунутая заслона. Аляксей пагартаў яго, зазірнуў у змест, знайшоў патрэбную старонку, прачытаў дзейныя асобы.
— Вось тое, што трэба: «Мікіта Кажамяка i Змей Гарыныч». Можна зрабіць такі спектакль — прагрыміць на ўсю вобласць.
— Можна... Але як? — безнадзейна спытала Вера.
— Спытайце, хто хоча іграць. Падбірайце тых, што выразна дэкламуюць. Прачытайце з імі п'есу. Размяркуйце ролі, няхай кожны перапіша свой тэкст i вучыць яго на памяць. Рэпетыцыі пачынайце, седзячы за сталом. Кожны гаворыць свае рэплікі як мага натуральней.
Потым рэпеціруйце мізансцэны, рухі, жэсты. Пра дэкарацыі, касцюмы i бутафорыю падумаю я. A рабіць будзем разам, усім гуртком.
— З чаго? Як? — развяла Вера рукамі.
— З чаго i як, пакуль не ведаю. Трэба параіцца з дзецьмі.
— А змея як зрабіць?
— Ну, гэта проста. З пап'е-машэ. Так што пішыце план i не разводзьце безнадзейна рукамі.
На чайніку заляскала накрыўка, з рыльца пыхкаў струменьчык пары. Аляксей нацягнуў на далонь рукаў гімнасцёркі i перанёс чайнік на лаўку каля парогa. Чай з малаком i шаньгамі пілі ўпрыкуску. Ад полымя печы i гарачага пітва абое расчырванеліся, палагаднелі, a ўтульны чырванаваты паўзмрок настройваў на шчырасць i натуральнасць адносін.
Аляксей расказваў пра свае падпольныя прыгоды, як цяжка іграць падвойную роль: быць сакратаром управы i люта ненавідзець немцаў; як трэба было гнуцца перад фашысцкім начальствам, калі хацелася схапіць за сыты карак i прыдушыць кожнага з ix. Самае горкае i крыўднае — цярпець дакорлівыя позіркі, абразлівыя папрокі сваіх былых вучняў i ix бацькоў, прыкідвацца глухім i нямым, не маючы права ніводным учынкам расшыфраваць сябе. Успомніў, як перадаваў «аўсвайсы» партызанскім сувязным, ёд, бінты, скальпелі, розныя парашкі i таблеткі. Расказваў пра Якава Спірыдонавіча Самцэвіча, які заўсёды ўмеў суцешыць i памагчы, хоць самому было цяжэй за ўсіх, хоць часта пагражалі местачкоўцы ў патаемных пісульках, якія знаходзіў то ў сябе пад дзвярыма, то прылепленыя да брамкі. Усё зразумелі i каяліся, калі з пятлёю на шыі сівы камуніст паспеў крыкнуць: «Мы пераможам. Біце праклятых вора...»
Менш за ўсё Аляксей расказваў пра сябе. Веры нават здалося, ці не тоіцца ён часам. А можа, не хоча Еярэдзіць самае балючае?
Па вуліцы набліжаліся звонкія дзіцячыя галасы. Дзеці нешта дружна крычалі, адсякаючы кожнае слова. Аляксей усміхнуўся:
— Ну вось, жывая рэклама,— i прыслухаўся.
За вокнамі ўжо было выразна чуваць:
«На кіно ў клуб! Карціна гукавая «Нябесны ціхі ход»! Дарослы па рублю, дзіцячы пяцьдзесят капеек!» Зноў i зноў паўтаралася адно i тое з канца ў канец доўгай вуліцы. Вера адхінула фіранку. Пасярод дарогі, па-салдацку размахваючы рукамі, ішлі два хлапчукі i крычалі на ўсю моц, а за імі каціўся сабачы перабрэх.
— Не пазнаяце сваіх вучняў? Гэта лешпыя крыкуны раённага кінамеханіка. Зарабляюць права паглядзець фільм. Праўда, бывае, што сеанс расцягваецца на два вечары.