Выбрать главу

— Чаму? — спытала Вера, не адыходзячы ад акна.

— Заглухне рухавічок, поркаюцца, поркаюцца ўпоцемках на марозе i адкладаюць на заўтра. Кінамеханік тут фігура! Самі пабачыце. А як яго імя, ніколі не здагадаецеся: Молат. Праўда, Молат Дзмітравіч. Самае індустрыяльнае імя ўляпілі бацькі на ўсё жыццё.

— Жартуеце...

— Гэта яго бацькі жартаўнікі.

— А як яго звалі маленькага?

— Жонка i цяпер яго заве ласкава — Моля. Схадзіце, абавязкова схадзіце ў кіно. Бывае яно рэдка, так што спяшайцеся.

— Не да кіно, калі столькі работы. Ды i карціны ўсё старыя. Глядзела па некалькі разоў... Аляксей Іванавіч, а што гэта за яскравая зорка?

— Каторая? — Аляксей падышоў да акна.— Гэтая? Венера. Можа, памятаеце: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю...»

— «Светлыя згадкі з сабой прынясла»,— падхапіла Вера.

— «Помніш, калі я спаткаўся з табою, зорка Венера ўзышла». А мелодыя якая! Я некалі яе спяваў у студэнцкім хоры. Уявіце сабе, са-а-лі-раваў.

— Праспявайце ціхенька-ціхенька. Я так яе люблю i так даўно не чула. Ca школы. Мы таксама часта спявалі.

— Тады давайце разам.

Вера ўзяла Аляксея за руку, падвяла да ляжанкі i села зусім побач. Дровы перагарэлі. Ад гарачага вуголля дрыжала малінавае святло i твары ix здаваліся чырвонымі, як з медзі. Аляксей ціхенька заспяваў густым, трошкі прастуджаным i пракураным голасам. Але столькі ў ім было пачуцця, шырокага дыхання, a ў паўзах — шматзначнага сэнсу. Пасля першай страфы ён ціха папрасіў: «Памагайце»,— i яны заспявалі разам:

З гэтай пары я пачаў углядацца

Ў неба начное i зорку ніукаў,

Ціхім каханнем к табе разгарацца

З гэтай пары я пачаў.

Пранікнёны Верын голас, як чысты струменьчык, уплятаўся ў нізкія ноты, узлятаў вышэй, вёў за сабою i зноў сцішваўся да шэпту. Аляксей хацеў скончыць, але Вера падхапіла апошнюю страфу i з асаблівым акцэнтам, амаль рэчытатывам, заспявала:

Глянь іншы раз на яе — у расстанні

Там з ёй зліём мы погляды свае...

Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,

Глянь іншы раз на яе...

Яны моўчкі глядзелі на зыркае вуголле, што начало абрастаць сіваватым прыскам. Аляксей рэзка ўстаў i, усміхнуўшыся, працытаваў:

— Але расстацца нам час наступае. Бо так можна да першых пеўняў праспяваць.

— А чаму б i не? — гарэзліва кінула Вера, павольна паднялася з перавернутай табурэткі, абсмыкнула пакамечаную спаднічку i стала каля Аляксея.— Каб вы ведалі, як мне адзінока i маркотна. Так i гаварыць, чаго добрага, развучышся. Адна радасць — у класе. Калі слухаюць цябе, ловяць кожнае слова, пытаюцца, нават калі трошкі сваволяць. Заходзьце хоць часам да мяне. Ведаю, вам цяжэй, як мне, але вы ўмееце трымацца... Не сумуйце, от пабачыце, будзе добра,— i працягнула Аляксею абедзве гарачыя мяккія далоні. Ён ix моцна сціснуў. Хацеў пацалаваць, але стрымаўся.— Не зможаце прыйсці, хоць паглядзіце на Венеру. Я цяпер яе знайду адразу. Добра?

Аляксей моцна сціснуў Верыны рукі, кіўнуў галавою, пажадаў добрай ночы i ціхенька, каб не рыпелі настылыя ўсходцы, сышоў з ганка. Спыніўся каля брамкі, паглядзеў у абодва канцы, перайшоў на другі бок вуліцы i заспяшаўся па хрусткай падмёрзлай сцежцы. Азірнуўся: у Верыных вокнах загарэлася святло. «Што яна думае цяпер? Што адчувае? Не, гэта, вядома, не каханне. Яна проста пакуль што адчувае сябе адзінокаю. Вось i цягнецца да мяне».

I Аляксей выразна ўбачыў яе вільготныя вочы з бляскам гарачых вугольчыкаў, даверліва працягнутыя пяшчотныя рукі i прагныя, з прыпухлінкаю, вусны, што спрабавалі нешта прашаптаць, ды так i не адважыліся. Ён хацеў разабрацца ў сваіх адносінах i пачуццях да Веры, прызнаўся, што часта думае пра яе, радуецца, калі хоць здалёк убачыць. А сёння... хоць i думаў не ісці да яе, ашукваючы сябе самога, зайшоў да Усцігава, раз-пораз пазіраў у акно, некага чакаючы, і, зірнуўшы на вялікі трафейны гадзінак, выйшаў, калі ў яе павінны былі закончыцца ўрокі, Знарок у двары загаварыўся з Паранькаю, некага цікуючы. Усё было падобна на хованкі з самім сабою.

Ён глушыў i адганяў свае пачуцці, а яны прарасталі ўсё настойлівей i настойлівей. Успомнілася Ніна. Ён да болю сцяў зубы. Гэта ж знявага яе памяці!.. «Няўж,о насіць усё жыццё жалобу? I яна б не дазволіла. Што я кепскага зрабіў? Думаю пра Веру. Толькі думаю. А мог бы пайсці напрасткі, прызнацца, што шукаю, чакаю яе, што яна напоўніла жыццё новымі спадзяваннямі i сэнсам. Можа, яна i ёсць тая пакуль што недасяжиая зорка Венера? Чым недасяжней, тым лепш: у трапяткім чаканні — свая асалода i радасць»,— разважаў Аляксей i думаў, што трэба паехаць у Мінск, знайсці людзей, з якімі вучыўся ці працаваў, адшукаць партызанскіх сяброў.