Калі засвяцілі лямпу, Аляксей праз шчылінку прыжмуранага вока разгледзеў хісткія постаці людзей. У адзінага ў сяле гарманіста, глухога Лёнькі, на адным плячы целяпаўся расцягнуты гармонік; расчырванелая Аксення ў ружовай блішчастай кофце без дай прычыны сакатала гарэзлівым смехам, а яе дробненькі кладаўшчык чыркаў нагою каля жонкі. Рудая барада Архіпа Кузьміча пры слабым святле здавалася агністачырвонаю. Ён мітусіўся, запрашаў «госцейкаў» на чыстую палавіну.
Над Аляксеем навешалі кажухоў i світ, на ногі ўзвалілі цяжкую даху, накідалі хустак. Ён ляжаў як замураваны. Гаспадар хацеў пабудзіць кватаранта, але Дзяменцеўна спыніла: «Чалавеку рана ўставаць. А яго доля нікуды не дзенецца». Яна выкаціла з-за печы вялізны бітон i медзяным карцом налівала ў гладышкі жаўтаватую пенную бражку. У хаце запахла свежымі дражджамі i хмелем. Занесла Дзяменцеўна лямпу i гладышкі на другую палавіну i шчыльна прычыніла дзверы.
Чуліся прыглушаныя галасы i смех, разы ca два рыпнуў гармонік i сціх. Не было толькі маладых. Відаць, Ленка засталася ў Івана, а можа, там дагульвала яго радня. Аляксей хацеў заснуць. Ён далічыў да ста i паплыў у змрок, усыпаны дробненькімі зорачкамі, а гамана за сцяною здавалася водгуллем далёкай кананады.
Праз сон Аляксей чуў, як здымалі кажухі, як палегчалі ўгрэтыя ногі, грукалі дзверы, у твар шугала марозная пара. Нарэшце патухла святло, улегліся свае, а нехта з гасцей расцягнуўся на падлозе ў кухні, стагнаў, крактаў з бульканием i пераліўным свістам i заснуў. Аляксей зноў праваліўся ў чорную прорву сноў.
Кожную ноч для яго ўсё яшчэ грымела i палала вайна. Ён поўз па мёрзлай зямлі, змешанай са снегам, бег i падаў, часам нылі старыя раны, ён заціскаў ix, каб суняць кроў, сіліўся крыкнуць, а голасу не было; бачыў збоку сябе i таварышаў, якіх даўно не было на свеце. Яны смяяліся i гаварылі, а ён нічога не чуў. З полымя i дыму над полем выплыла дзявочая поста ць у доўгай белай кашулі, з распушчанымі валасамі, ружовыя ножкі не датыкаліся да зямлі. Твар быў затканы чырвоным дымам разрываў, a калі наблізілася i прасцерла да яго рукі, пазнаў Веру. Ён цягнуўся, каб затрымаць, i не мог скрануцца з месца, хацеў паклікаць, хапаў паветра, a гукі не маглі вырвацца з горла.
У сон зноў уварваўся грукат на ганку, хляснулі дзверы, за клубамі пары ў хату ўсунулася нейкая капа. Цубкія халодныя саломінкі казыталі твар, Аляксей прахапіўся i адразу нічога не мог разабраць. Нехта сеў яму на ногі. Аляксей спіхнуў яго.
Той ледзьве ўскараскаўся з падлогі i прамармытаў:
— Cпi, cпi, ляшак.
Але яго зноў павяло да сцяны, ён адсунуў Аляксеевы ногі i прымасціўся на краёчку насцелі.
— Што трэба, мужчыны? Ану, марш адсюль! — абурыўся Аляксей.
— Ц-ц-ц-с-с! Не шумі, салдат.— Пазнаў знаёмы голас заўсёды маўклівага i лагоднага каваля Грышы. Ніхто ў наваколлі так не ўмеў паляваць на мядзведзя, як ён. Лісу, каланка ці вавёрку не лічыў за дзічыну i шкадаваў на ix шрот. Толькі на мядзведзя ставіў хітрыя загарадкі, да пнёў прыкручваў ланцугамі двухпудовыя пасткі з прынадаю. Казалі, аднойчы мядзведзь зашчаміў лапу, тузаў, тузаў капкан, нарэшце сам сабе адгрыз лапу i пачыкільгаў на трох нагах. Кожную восень Грыша прывозіў трох-чатырох мядзведзяў, саліў мяса, вырабляў шкуры. Выпраўляючыся зімою ў далёкую дарогу, у каваля пазычалі мядзведжыя футры, a ў ix кладзіся на снег i cпi ў саракаградусны мароз. I Аляксей не раз хадзіў да яго ў пазычкі, таму i памякчэў:
— Хлопцы, дайце спакой, ідзіце дадому або вунь кладзіцеся на сваю салому i спіце.
— Не-е-е, на с-са-ломе мы не прывычныя,— азваўся ляснік Петра Анціпаў.— Пакліч Дзяменцеўну.
— Не трывожце, спіць Дзяменцеўна.
Каваль з лесніком, як валачобнікі, заспявалі:
— Га-рыць, Дзяменцеўна, гарыць, давай, хадзяйка, чым тушыць!
— Га-рыць, гарыць, а чым тушыць?
З каморы пачуўся кволы гаспадынін голас:
— Каб ты ў смале гарэў, язві цябе, Грышачка. Ані кроплі болей няма. Дзе ж цябе насіла нялёгкая?
— Ну дай, не шкадуй,— прасіў Грыша.
Бліснула запалка, Петра паднёс яе да саломы, кіну-
тай на падлогу. Усхапіўся i пабег агеньчык.
— Вы ж хату спаліце, мужчыны! — абурыўся Аляксей.
— Спа-лім! А табе чаго, салдат, баяцца? — спакойна адказаў каваль i так прыціснуў коўдру, што i не паварухнешся. А Пётра адчыніў дзверы на другую палавіну:
— Дык чым тушыць? А, гаспадыня? Бачыш, гарыць!
Не здолеючы ўстаць, без асаблівага страху завойкала Дзяменцеўна:
— О-о-й, i праўда, ірады хату спаляць. Няўжо вам у Івана мала было? Наліліся ж па саменькае рыльца.