Толькі параўняўся Міша з сельсаветам, дай, думае, зайду, закіну старшыні пра касірства. Можа, i не зашкодзіць. Успомніць, калі дойдзе да таго, глядзіш — i пры дзеле буду.
Зайшоў, стаў у парозе, шапку падмасціў пад мыліцу — так мякчэй i рукі вольныя.
— Праходзь, садзіся,— прапанаваў старшыня.— Ну, як жывеш?
— Жыву, хлеб жую. Адно кепска — нудна без дзела. От каб работу якую па маёй сіле, весялей было б, i — глядзіш, да пенсіі капейчына набегла б.
— Якую ж табе работу?
— Васіль Пракопавіч казаў — яму касір хутка спатрэбіцца, дык я падышоў бы па ўсіх стаццях. Сам жа недаеш, як я некалі задачкі лузаў i табліцу зверху ўніз i знізу ўверх назубок помню. За мільёны не бяруся, а сотням дам рады.
— Васілю аднаму драмаць абрыдла, дык напарніка шукае.
— Кажа, не паложана ўсё ў адных руках трымаць.
— Калі тое будзе, можа, i цябе падтрымаем.
Старшыня сеў за стол, пабарабаніў пальцамі па краёчку, адсунуў шуфляду. Міхаіл прыгледзеўся, як ён зблажэў. Жыватом пакутуе чалавек. Таму i на фронт не ўзялі. Пасланяўся ў тылавых інтэнданцтвах, i адтуль спісалі па здароўі. Так усю вайну тут i камандаваў бабамі ды падлеткамі. Паглядзеў старшыня на Мішу i пытае:
— Скажы ты мне, Усцігаў, што за ён, гэты твой дружок, што ў школе заўхозам робіць?
— А што?
— Калі пытаюся, значыць, трэба.
— Мяне ж гэты, як яго там, ну, пракурораў пісьмавадзіцель пытаў.
— Стажор? Пушанкоў?
— Стажор, кажаш? А вантробы мудрэй за ніткі матае. Хацеў я паслаць яго... але прыкусіў язык, вось яго шануючы,— Міша паказаў на сцяг, што стаяў у куце.— Ты мяне ведаеш? Паручыцца можаш? Ці, можа, i я пераапранутьз фашыст? Га?
— Ну які з цябе фашыст? — зарагатаў старшыня, змераўшы поглядам Усцігава.
— От так i я за Ляксея галаву гатовы пакласці. А што ў цябе за клопат пра яго? Ты ж у пракурорах не служыш.
— Ты, Міхаіл, не вельмі хайлай за свайго дружка i галаву зазра не кладзі.— Абрамаў пакорпаўся ў шуфлядзе, выцягнуў самаробны канверт, пачухаў патыліцу.— Панімаеш, бумага прыйшла. Далжон я ёй ход даваць ці, па-твойму, пад сукно сунуць? Як бы ты зрабіў на маім месцы, га? Паслухай, што пішуць з яго стараны. Во, адсюль: «Як стала вядома, у вашай дзярэўні пражывае нехта Буевіч Аляксандра I. Сабшчаю, што вышэйуказаны Буевіч А. І. I. пры немцах служыў у Кльніцкай управе (БССР), насіў пры сабе пісталет i выдаў гестапу патрыётаў-падпольшчыкаў. Затым Буевіч уцёк за лінію фронту i хаваецца ў вас ад законнай кары.
Як сумленны савецкі грамадзянін даводжу да вашага ведама, каб перадалі гэтага Буевіча А. I. надежным савецкім органам на мястах.
К сяму савецкі патрыёт тав. ........
Абрамаў паднёс ліст да вачэй:
— Пад капірку пісана, a подпіс не разабраць: кручкоў i загагулін цэлы азярод. Упачатку ні то пэ, ні то нэ... Ну, што скажаш, яфрэйтар? От твой «святы»!
— А скажу, таварыш старшыня, блясна, а не жывец. Клюнеш i павіснеш на ёй: ні пракаўтнуць, ні выплюнуць. Хто пісаў, ведаеш?
— Лixa яго разбярэ.
— Адрас гэтага «сумленнага грамадзяніна» ёсць?
Старшыня так i гэтак агледзеў ліст i пакруціў галавою.
— На канверт паглядзі, што за пячатка на марцы.
Аляксандр Іванавіч уздзеў акуляры, каб разгледзець паштовы штэмпель.
— Сэтэ. Ла-за-в... а далей расплылося.
— Пакажы сюды.— Усцігаў скокнуў да стала.— Ну, канечне, Лазавая. Ведаеш, дзе гэта?
— Ну, дзе?
— У Данбасе. A Ельніца? У-га! Каля Мінска. Якая ж гэта яго старана? Падобна, што гэты самы «патрыёт» сам пяты падмазвае.
Старшыня задумаўся.
— А ты, Усцігаў, вушлы. Табе б не касірам быць.
— Я ў разведцы носам за вярсту чуў, чым вораг учора вячэраў. Тушонкаю i каваю ікае — афіцэра ўпалюю, a галетамі — салдат. Так што не сумлявайся: блясну закінуў... Ла-за-ва-я... Ах ты, гад, каб з цябе самога лазу дралі! Ты ўсякаеш, куды гне? Піша туды i сюды, бытта ix некалькі даносчыкаў, а гэта ж адна шэльма. Баіцца, каб самога не папуталі. Думае, хай ад цябе «сігнал» пойдзе. Сельсавет трывогу заб'е. Каб яго падучая біла.
Старшыня задумаўся i спахмурнеў.
— Што ж рабіць?
— Кінь у печ, i ўся работа.
— Не маю права: зарэгістравана ў кнізе ўхадзяшчых. Трэба даваць ход, a які — ліха яго ведае.
— Пісаць адказ няма каму: ні адраеа, ні прозвішча няма. Адна дарога — у печ, i нікому ні гу-гу. Каб толькі бабы на языкі не падхапілі. A Буевічу пра ўсё скажу. Ты нікому гэтую «фількіну грамату» не паказваў?
— Табе паказаў. Дай, думаю, распытаю. Ты ж яго прывёз сюды. Каму, як не табе, ведаць лепей? I свой ты чалавек, савецкі з галавы да пят. Наталлі Іванаўне паказаў. Яна ж школьнае начальства, як ні кажы.