— Тут прамашку даў. Ёй паказаць — што на слуп прыляпіць, Скажы — так i так, дзела сакрэтнае, каб не званіла. А паперку гэтую аднраў не ў раён, а каму трэба ў Мінск. Там на месцы разбяруцца, дакапаюцца, хто піша. A ў нас, у раёне, не дадуць рады. Хто ім што скажа? Напішы: паступіў гэты самы данос, а чалавек з вашае стараны, разбярыцеся i паведаміце. От «ухадзяшчае» стане «ісхадзяшчым», i клопату мала.
— Слухай, дзе ты так падкаваўся? Мудрэй за адваката сячэш!
— А ты думаў — Усцігаў вахлак вахлаком? Я, брат ты мой, франты прайшоў, самому генералу дакладаў, у асобым аддзеле каравульную службу нёс. Так што будзь спакойны, яфрэйтара таварыша Усцігава на пальцы не падсмажыш! Аднаго прашу: Аляксея не руш. I гэтай сакатусе скажы, каб хоць трохі памаўчала.
Міхаіл устаў, выцер шапкаю ўзмакрэлы твар.
— Ну, пайду, а ты, Аляксандра Іванавіч, рабі, як казаў. Лепей не прыдумаеш.
— Можа, у раён таварышу... гэтаму, Пушанкову, адаслаць. Няхай разбіраюцца.
— Адсюль разбірацца — што грузды, седзячы на печы, шукаць.— Усцігаў насунуў шапку, казырнуў на развітанне i паскакаў на мыліцы.
Дадому прыйшоў маўклівы i задуменны. Калі ўбегла Фенька, паманіў яе да ложка, даў «падушачак» i наказаў, каб дацікавала Аляксея i сказала, што конча патрэбен.
— Дзядзька Алёша ў завозні хамут перавязвае.
— Скокні, дачушка, пакліч.
Да змяркання прыслухоўваўся Міхаіл, калі рыпнуць весніцы i на ганку пачуецца знаёмы тупат, смаліў цыгарку за цыгаркай i пазіраў у акно.
Аляксей зайшоў, як добра звечарэла. Залубянелы на ветры i сцюжы твар пабурэў, зашэрхлі губы, а вочы іскрыліся ўсмешкаю. Ад яго пахла свежасцю i сырою бярозаваю карою. Ён пацешна казырнуў, ляснуў падборамі i адрапартаваў:
— Па вашаму загаду з'явіўся.
— Вольна. Сядай,— сур'ёзна адказаў Міхаіл i пачаў грэбціся на край ложка. Аляксей памог яму сесці, расшпіліў куфайку i хацеў прымасціцца побач.
— Распранайся. Справа ёсць.
— Ой, як сур'ёзна. Выкладай, што ў цябе.
Miшa марудна скручваў цыгарку з жоўтай паперы ад махорачнага пачка, доўга жмакаў краёчак, зацягнуўся, папыхкаў i запытаў:
— Адкуль цяпер возіш дровы?
— З павароткі на шостым кіламетры. А што?
— Сахатыя не пападаюцца?
— Увесь асіннік стаўклі. Ці не на паляванне збіраешся?
— Хто ж такою парою на сахатых пойдзе? От як улежыцца метровы снег ды заледзянее зверху пальцы ў тры, тады ідзі, не прамахнешея... Я, брат, сваё адхадзіў,— уздыхнуў Міша.— Даўней, калі ix ніхто не лічыў i забароны не было, i я не аднаго зваліў. Пасля каляд, туды пад вясну, ходзяць на ix. Днём сонца прыгрэе, снег растае, ноччу мароз ціскане, i ўсё ледзяною скарынкаю бярэцца: як шкло, чырым блішчыць, любога трымае. Але без лыжаў далека не зойдзеш. Падшытыя ласёваю шкураю лыжы як па вадзе плывуць — заяц i той не пачуе. А трэба замерці на месцы — тузанеш назад. Поўсць натапырыцца, i стаіш, дзе спыніўся... Думаў пра цябе.— I Міша расказаў усё, што было ў сельсавеце. Слова ў слова расказаў. Аляксей пакусваў ніжнюю губу, не перапытваў, не перабіваў. Даслухаўшы, загаварыў:
— Значыць, некаму замінаю. Ка-му ж? Робіць ход канём: капае не туды, куды трэба, ідзе абходным манеўрам: няхай сельсавет, афіцыйны орган улады, «сігнал» падасць, а ён i тут убаку. Значыць, недзе жыве юда, дрыжыць за сваю шкуру, замеет сябе другога хоча падаткнуць. Разумеет, Міша?
— Я адразу ўсёк i тое ж самае Абрамаву сказаў.
— Выходзіць, трэба ехаць. I так заседзеўся не на сваім седале. Можа, там дзе яго знайду. A знайсці абавязаны! — Аляксей прайшоўся па хаце. Фенька, высунуўшы язычок, пісала слупкі лічбаў.
— Дзядзя Лёша, а ў мяне правільна выходзіць?
— О, дык ты малайчына! Ага, так, так, усё правільна.
— A ў цябе ўсё няправільна, Аляксей,— азваўся Усцігаў.
— Чаму?
— Відаць, у гарачай вадзе маленькага купалі ці на чаране нарадзіўся. Ты паедзеш, а што падумае Абрамаў? Уцёк, сляды замятае. Значыць, вінаваты. I мне вочы пачнуць пароць: «Усцігаў хаваў». Можа, даганяць пачнуць. А мне тут лыпай. Ты пацярпі: сельсавет пашле туды, у вашае міністэрства, а там адразу разбяруцца. I сам напішы, не лянуйся. А то два разы паслаў i лапкі склаў. Так што, братце, на мой дурны розум, астынь, падумай. А цяпер давай вячэраць. Паранька, што там у цябе?
З сянец убегла з даёнкаю Паранька.
— Калі нагаварыліся, садзіся, Алёшачка, садзіся. Толькі працаджу. I дранікі з раніцы ў печы прэюць, хоць на алеі, але смачныя. I смятанка ёсць.
— Эх, дзе наша не прападала! Давай дранікі... Саламонава галава ў цябе, Міша. Як па пісаным сячэш. Ло-о-гіка! Каму ж замінаю? Трэба ўспомніць.