Выбрать главу

Фенька пасунулася на ражок. Паранька загрымела засланкаю.

Ад рэзкага сухога ветру трымцела i дзынкала шыба, недзе ў сцюдзёнай цемрадзі захлынуўся сабачы брэх.

8

Высокае халоднае неба звісала над заінелаю аблямоўкаю тайгі. Ружовыя слупкі дыму стромка цягнуліся ўгору i раставалі ў вышыні. Снег іскрыўся россыпам мігатлівых зорачак i да слёз сляпіў вочы. Далёкія лясы, здавалася, адлітыя з паружавелага срэбра, застылі ў дзівосным зняменні. Кожная былка, кожны дубчык укрыліся бухматым зіхоткім інеем, рыпелі i наблісквалі каляіны, наслізганыя палазамі. Усё наваколле здавалася белаю іскрыстаю казкаю, ахутанаю цішынёю i сонцам.

Веры хацелася выскачыць на вуліцу, упасці ў пульхны снег, надыхацца колкай марознаю свежасцю. Пасля ўчарашняга вечара не хацелася думаць пра дробныя крыўды i складанасці быту, a калі будзе вельмі цяжка, прытуліцца да пляча дужага, разумнага i добрага чалавека. Яна ўсё часцей i часцей думала пра Аляксея, чакала сустрэчы з ім, адчувала патрэбу ў яго парадзе i падтрымцы. «Няўжо закахалася?» — спахоплівалася яна i суцяшала сябе: «Не, гэта ад адзіноты!»

Яна паспешліва напісала планы ўрокаў i работы драматычнага гуртка, склала кніжкі i пайшла ў дзіцячы дом. Зноў Аляксей... Іванавіч. Гэта ён параіў схадзіць да сваіх выхаванцаў, паглядзець, дзе i як яны жывуць.

Пад цубкімі ад марозу боцікамі пахруствала сцежка, сустракаліся людзі з пабеленымі інеем бровамі, стрэшкамі хустак i шапкамі. Усе далікатна віталіся. Часам жанкі пыталі: «Ну, як там мой сарвігалава?» Называлі прозвішча i клас, бедавалі, што няма калі налягаць на ўрокі: дома яшчэ чатыры раты, кароўка i парсючок. Усіх трэба накарміць i дагледзець. Ён жа большанькі. А сама на «фірме» ці на таку.

Вера толькі пасміхалася i ніколі не скардзілася на дзяцей, хоць часам i трэба было, a пахваліць ці скажа няпэўнае: «Нічога, так сабе». Яна адчувала, як дзеці цягнуцца да яе, вераць i паважаюць.

Дзіцячы дом етаяў на канцы сяла за высокім парканам. Чатыры вялікія будыніны пад шатровымі дахамі, з выразанымі карункамі маляваных налічнікаў былі не падобны на вясковыя хаты. Каля брамкі Веру сустрэла маленькая чорненькая дзяўчынка з рэдзенькаю грыўкаю, вострым носікам i разумнымі хітрымі вочкамі.

— Добры дзень. А я вас ведаю. Вы Сцёпкава настаўніца, Вера Рыгораўна. Вы да дырэктара ідзяце? — лепятала дзяўчынка.

— Да дырэктара. Як жа цябе завуць?

— Яніна. A ўсе завуць Аня. Васіль Сцяпанавіч у кабінеце. Ідзіце, не бойцеся. Ён у нас добры,— i ўзяла Веру за руку.— Я вас завяду.

— Дзякуй, Яня. Я не баюся.

— Мяне так толькі Сцёпка заве, як мама звала. Сцёпка ў вас вучыцца. Альхімовічы мы... Здалёку-здалёку, з-пад Баранавіч. Можа, чулі?

У акне паказаліся знаёмыя твары яе вучняў. З дзвярэй выбеглі распранутыя Аня Анікеева, Шура Іволіна i кінуліся, як да чаканай госці, заскакалі ад радасці, кожная запрашала ў сваю груду. Але Верыну руку моцна трымала Яня.

— Хадзем са мною. Я завяду да Сцёпкі,— i пацягнула за сабою.

— «Хадзе-ем, хадзе-ем»!.. — перадражнілі дзяўчаткі.— Вера Рыгораўна — наша настаўніца. А ты сваю вадзі.

Але Яня не адступалася. Як маленькі павадыр, вяла Веру на прыступкі, упусціла ў маленькі калідор i прывяла ў пакой, дзе вучылі ўрокі пяцікласнікі i яе брат Сцёпка. Усе ўсталі i голасна павіталіся.

— Сядайце. Займайцеся, дзеці, а я пагляджу. Можа, каму памагчы трэба? — Яна ўбачыла выхавацельку, маладую прыгожую дзяўчыну, i спахапілася, што нешта сказала нетактоўнае. Тая i сама, калі трэба, паможа. Падышла да яе, ціха папрасіла прабачэння i растлумачыла, што проста зайшла паглядзець, як жывуць i займаюцца дзеці.

Яня прыперлася да вушака, нібы нечага чакала. Да яе падышоў брат, нешта хуценька зашаптаў, паківаў пальцам, паправіў хустачку, аддаў сваю не вельмі чыстую насовачку i выправіў за дзверы.

Дзеці пісалі, вучылі, ківаючыся над падручнікамі, раз-пораз пазіраючы на Веру. А выхавацелька Марына Раманаўна ёй шэптам расказвала, як хто стараецца, што каму цяжка даецца, які ў ix тут парадак. З месца падняўся Віця Тартынскі:

— Можна спытаць?

— Падыдзі сюды,— адказала Марына Раманаўна.

— Не, мне ў Веры Рыгораўны. Што такое «волхвы не боятся могучих владык»?

— Я ж вам тлумачыла ў класе.

— Тлумачылі, тлумачылі,— раздаліся галасы.— У-у, Тартын! Галава, як рэшата.

Вера падышла да яго i ціха пачала расказваць, хто такія волхвы, кудзеснікі, уладыкі i заўважыла на Віцевай левай руцэ прыгожа намаляванага хімічным алоўкам рыцара на кані.

— Навошта ты малюеш на руках?

— Больш няма на чым. На корачках сшыткаў не дазваляюць...