Выбрать главу

— А ты вельмі любіш маляваць?

— Люблю. От каб фарбы ці алоўкі розныя.

— Хутка будзе ўсё: i альбомы, i алоўкі, i фарбы. Пацярпі трошкі. Да свята падрыхтуем спектакль, дык i табе будзе работа.

— На артыста я не здатны.

— Будзеш маляваць. Ну, вучы, вучы, Віця.

— А вы ў нашы спальні зойдзеце?

— Абавязкова.

Марына Раманаўна адпусціла на кароткі перапынак, але амаль усе засталіся ў пакоі: запрашалі Веру ў свае спальні, у сталовую, у майстэрню, у ленінскі куток.

— Вы займайцеся, а мне ўсё пакажа Марына Раманаўна. Толькі ж сядзіце ціха.

Марыну Раманаўну яна часам сустракала на педсаветах, у настаўніцкай, але гаварыць даводзілася толькі па справах. Ведала, што жыве яна за ракою, кіламетры за два адсюль, у невялікай вёсачцы з назваю Барысаўшчына.

Цяпер яны прыгледзеліся адна да аднае бліжэй. Выхавацелька вадзіла Веру па доўгіх спальнях. Зайшлі ў сталовую. Там дзяжурылі дзяўчаткі ў халаціках i каўпачках. Пахла квашанаю капустаю i бульбаю. Марына Раманаўна расказвала, як цяжка працаваць з крыўдлівымі, часам упартымі i свавольнымі дзецьмі. Як ix шкада, як на шчырую ўвагу i ласку раскрываюцца ix душы, як часам дзеці цішком плачуць, успамінаючы бацькоў i родны дом.

— А вы, здаецца, родам з Беларусі? — нечакана спытала Марына Раманаўна i ўдакладніла: — Сцёпа Альхімовіч казаў, як вы заступіліся за яго беларускае вымаўленне. У нас у сяле ўсе так гавораць, а бабка мая рэжа толькі па-свойму. Перасяленцы ўсе з-пад Барысава. Яшчэ да імперыялістычнай вайны пераехалі.

Хоць я там ніколі i не была, але, выходзіць, мы зямлячкі.

Вера прыгарнулася да яе, абняла за плечы:

— Не толькі зямлячкі...— i не знайшла патрэбнага слова.— Сумна мне адной. З жанчынамі ў школе агульнага мала. У ix свае клопаты. А мы ж маладыя. I пасумаваць лягчэй удзвюх. Заходзьце да мяне.

— Лепш вы да нас збярыцеся. Старыя i песні даўнейшыя спяваюць, i казкі расказваюць пра нейкага смока, i стравы гатуюць не так, як тутэйшыя, ну, карэнныя сібіракі, ці, як часам завуць, чалдоны. Хоць я i сама чалдонка: нарадзілася тут, вырасла, i звекаваць, мабыць, прыйдзецца.

— Што ты,— вырвалася ў Веры,— прабачце, што вы...

— Правільна. Ты — прасцей. Мы ж амаль аднагодкі. Добра? — усміхнулася Марына,

— Ага. Я хацела сказаць, што ў жыцці яшчэ будзе столькі нечаканасцей, столькі дарог, што i не прысніцца. Хіба я калі думала трапіць сюды? А вось жыву, працую.

— I шкадуеш, вядома?

— Як сказаць!.. Пакуль што жывецца нялёгка, няўтульна. А каму цяпер легка? Да самага Падмаскоўя ўсё спалена, зруйнавана, адны коміны стаяць, галаву няма куды прыхінуць. А тут людзі добрыя, шчырыя, адкрытыя. Мая Трахімаўна як маці даглядае. А хто я ёй?

У расчыненыя вароты на добрым заінелым кані, у лёгкіх саначках ехаў мужчына ў доўгім чорным кажусе i пакіраваў да стайні.

— З райфінаддзела прадстаўнік,— кіўнула ў яго бок галавою Марына,— цяпер усім хопіць работы ператрасаць старызну. Ну, пайду,— i павяла Веру да брамкі. На развітанне спытала: — Дык прыйдзеш да мяне? Ну, хоць у нядзелю?..

Вера ішла ў школу агародамі па сцежцы, пратаптанай дзетдомаўскімі вучнямі. На душы было легка i добра, што бліжэй пазнаёмілася з мілаю дзяўчынай. Бачыла яе i раней, a сысціся неяк адразу не магла. Гаварылі ў настаўніцкай, на калідоры пра агульных вучняў, пра адзнакі, паводзіны, а пра сябе — ні слова. А тут адразу перайшлі на «ты». Вось i сяброўка будзе.

I зноў успомніўся Аляксей. Гэта ж ён параіў схадзіць у дзіцячы дом. Можа, цяпер не такая патрэба будзе ў ім? Калі што, Марына параіць, паможа. Але зноў захацелася ўбачыць яго абветраны твар, зазірнуць у добрыя стомленыя вочы, адчуць цеплыню яго шурпатых рук.

Да званка яшчэ было далека. Каля круглай, акаванай чорнаю бляхаю грубкі тэхнічка вязала маленькую панчошку. Цікаў гадзіннік, ад сонца i снегу ў настаўніцкай было асабліва светла. Яна ўпершыню здалася такою ўтульнаю i ціхаю. Вера прывыкла да старое сасновае канапы з выцертаю фарбаю, да чырвонага настольніка з чарнільнымі плямамі, што нагадвалі то Чорнае мора, то абрысы Афрыкі, то вялікага васьмінога. Вера перакінулася некалькімі словамі з цёткаю Мінадораю, паклала на завучаў столік план работы драмгуртка i ўзялася за сшыткі.

— Каму гэта вы ўляпілі двойку? — ад печы спытала Мінадора.— Распісвацца, дзякуй яму, Анатоль Паўлавіч навучыў. Кажа, школьнаму работніку няможна ў ведамасці крыжыкі стаўляць. А па руцэ пазнаваць, што каму ставяць, даўно налаўчылася. Праўда, як толькі нанялася сюды, ніяк не разбірала на гэтым гадзінніку палачкі i крыжыкі. Ну i званіла як папала — то раней адпушчу, то пераседзяць. Цяпер ве-едаю,— устала, падаткнула пад хустачку прысоленыя сівізной валасы, паглядзела на гадзіннік, нешта пашаптала i пайшла званіць.