Выбрать главу

— Дзякуй, Трахімаўна. Схаджу.— I ўбачыла каля ложка новенькія зграбненькія валёначкі, з абцасікамі i шчыгульнымі кірпатымі наскамі. Яны пахлі прыпаленай воўнай, a гладкія, абсмаленыя, каб не калмацілася поўсць, халяўкі аж рыпелі. Падняла валёначкі i разгубілася: «Гэта ўжо занадта! Не, аддам назад! Вось чаму ён пытаў пра памер абутку!.. Узяць — значыць, быць нечым абавязанай, залежнай. Не, не, не вазьму». Але валёначкі былі такія лёгенькія i прыгожыя, такія неабходныя ёй, што закарцела памераць, a калі адчула ўтульную цеплыню, не захацелася здымаць.

Яна прайшлася па пакоі, паставіла на падлозе люстэрка i пакруцілася перад ім. Нават прыгожа! «Ну, што ж, заплачу колькі трэба i буду насіць. Ён проста паклапаціўся, каб не мерзла, i заказаў свайму гаспадару-пімакату напавер. Што тут, нарэшце, такога? Звычайная людская ўвага».

Веры было прыемна ад гэтай увагі, як i кожнаму, хто адчуе клопат пра сябе. I зноў захацелася ўбачыць Аляксея, але ведала, што ён сёння не прыйдзе. У «лазневыя» дні звычайна чужыя не хадзілі да суседзяў, бо з парнага пекла выскоквалі ў адных кашулях, пілі чай i астывалі неапранутыя. A Трахімаўна хвасталася так, што ледзьве ўпаўзала ў хату, клалася на кашму пасярод падлогі, стагнала i вохкала ад задавальнення, пакуль не засынала.

Хоць i страшна было лезці ў напаленае да трэску i шыпення пекла, Вера распранулася, накінула паліто, узаткнула на босыя ногі халодныя боты i пайшла ў лазню. Перад дзвярыма стаяла некалькі жэрдак, прыкіданых бульбоўнікам. За імі распраналіся i сігалі ў гарачы сухі дух з рэзкім пахам дыму i напаленага да чырвані жалеззя. Пры трапяткім святле газнічкі Вера адважылася ўзлезці на палок i асцярожна пахвастацца духмяным бярозавым венікам. Прыемна ныла i казытала цела, гарэлі вушы i рукі, адчувалася лёгкасць шчымлівай стомы, тоненькія малаточкі звінелі ў скронях. Хацелася папялёхкацца ў вадзе, але яе было мала. Сібіракі ў асноўным парыліся i ў канцы абліваліся адным-двума карцамі вады, а то выскоквалі, качаліся ў сумёце i зноў лезлі на палок.

Пасля лазні на палавіне Трахімаўны Вера піла завараны маліннікам чай. Хімка худою, падобнаю на вароніну лапу, рукою трымала вялікі сподак, дзьмухала i шумна сёрбала. У яе абліччы было нешта птушынае: доўгі сухі нос звісаў у сподак, тонкія губы выцягваліся дзюбкаю, а потым распаўзаліся вузкаю шчылінаю. Яна часцей маўчала, a ў глыбока запалых вачах жыла свая неадольная думка, мабыць, туга па даўно страчанай маладосці, адчуванне адзіноты, без радасцей, без ласкі i ўцех. Вера заўсёды шкадавала яе, была ўважлівая i далікатная, спрабавала разгаварыцца, але чула толькі кароткія адказы: «Ага», «Не», «I так добра». Хімка з нейкай зайздрасцю пазірала на Веру, на яе прыгожую маладосць.

Трахімаўна астывала на кашме i з вялікай глінянай міскі сёрбала чай. Падзьмула, адставіла:

— Гарачы, змей!.. Хадзейственнік улягае за табою. Hi разу не прайшоў, каб не зіркнуць на вокны. Я-то ба-а-ачу! A пімы так ці за грошы прынёс? Ты бяры. Не збяднее. Грошай у яго мех i на кніжцы яшчэ дзержыць. 1м з Усцігавым у лазарэце багата далі. А купляць не вельмі што купіш. Куды яму тыя соценныя?

Вера яшчэ больш залілаея чырванню, але на адкрытасць прастадушнай Трахімаўны нельга было крыўдаваць. Яна заўсёды гаварыла, што думае.

— Не, я заказвала гаспадару Аляксея Іванавіча i прасіла прынесці, як толькі зробіць,— схлусіла Вера i адразу спахапілася, што цяпер, хоць бы i хацела,— назад не вернеш. A Трахімаўна — сваё:

— Чаго ж? Мужык відны, i совесны, i рабацяшчы. Чым не пара? А то даперабіраешся да сівых валасоў, як мая,— яна дакорліва кіўнула на Хімку.— Цяпер бы рада хоць за казла, а бы дома не была, а той рыла верне ды на ярачку аблізваецца. Мая нявеста як сядзела, так i сядзіць. А ззамаладу — дзе там, i яна хвастом круціла: «Таго не ха-а-чу, за гэтага не пайду!» Даперабіралася. Хоць бы які зносак, абы ў штанах. Глядзіш, дроў навазіў бы, сена агораў, па карку, дурніцу, натоўк бы — усё лягчэй жылося б.

Хімка маўчала, нібы i не пра яе гаворка, толькі зласней студзіла чай, аж пырскі разляталіся, i чмыхала носам. Вера крадком зірнула на яе твар, валасы, на жылаватую шыю, доўгія рукі, i зрабілася так шкада гэтую спрацаваную i пакорлівую жанчыну, што, не расцвіўшы, завяла. Відаць, маці не раз дакарала, i яна наперад ведала, што тая скажа.

— AT, няма пра што гаварыць. Трэба мне тыя мужыкі, як у мосце дзірка. Хоць спакойна жыву, а то цягала б якога п'янчугу з-пад плота, ды яшчэ сінякі насіла б,— адгрызнулася Хімка.

— Дурная насіла б, а разумная любога мужыка зацуглянага водзіць. Цяперашнім часам на дзесяць баб добра калі адзін калека застаўся. Колькі ix, бедных, перабілі! Страх! Можа, тысячы тысяч. За вайну дзеўкі, як ласіцы, разгадаваліся. А да каго прыхінуцца? Так што, Верачка, не круці носам, бо i такога не дастапецца. Не думай — старая абы-што вярзе. Я-то ведаю: трэцюю вайну перагаравала.