— Ай, што вы, Трахімаўна! Я i не думаю пра гэта,— азвалася Вера.
— А ты думай. Думай, дзеўка, каб позна не было. Лазню ты хоць добра зачыніла? Пойдзеш, калком прыпры, каб вецер не расчыніў. Буран будзе: сабакі звечара качаліся.
Вера ўзрадавалася, што кончылася непрыемная размова, падзякавала i пайшла ў свой пакой.
На вуліцы сапраўды мяло. Паўзлі белыя змеі пазёмкі, з даху вецер сыкаў доўгімі языкамі снегу. Месяц, засланы хмарамі i снежнаю крутаверцю, здаваўся мурзатым i шэрым. У прамыінах воблакаў сям-там мільгалі i зноў хаваліся зоры. Па пустой вуліцы з гулам ляцелі слупы белага пылу. Недзе бразгала пустое вядро i нехаця, лена брахаў сабака. Усё было ў калэ-мутным хісткім святле: яно то яснела, то цьмела зноў.
A ў пакоі чыста i цёпла, ён пачынаў здавацца сваім i ўтульным. Спаць яшчэ не хацелася, але пасля лазні i чаю па ўсёй істоце разлілася прыемная млосць, хацелася легчы, укрыцца i слухаць за вокнамі гул завірухі i трымценне незакітаванай шыбы.
Вера да ложка прыставіла тумбачку з лямпай, легла i разгарнула томік Пушкіна. Многія раздзелы з «Анегіна» ведала на памяць, але калі находзіў летуценны настрой, адгортвала на любой старонцы i чытала, нібы сабе самой спявала натхнёную песню, зноў сустракалася з даўнімі знаёмымі i наперад ведала, што яны скажуць. Хто ў яе ўзросце не марыў пра чыстае i ўзнёслае каханне Таццяны, хто не пакутаваў яе пакутамі? I тут жа ўспомніла Аляксея. Яна яшчэ ў душы папракала яго за нечаканы клопат, што ставіў яе ў залежнаець, да нечага абавязваў, i было прыемна, што ён дбае i думае пра яе.
Вера павярнулася тварам на падушку, падбародкам абаперлася на разгорнутую кнігу i ўтаропілася ў акно. Знізу абмёрзлыя шыбіны замяло снегам, a ў чыстым зубчастым куточку мігцела вялікая сіняя зорка. Мабыць, Венера?..
Раніцаю завіруха аціхла, наўкол на сонцы іскрыўся чысты пульхны снег. Куды ж дзець выхадны дзень? Хацелася доўга ісці па заснежаных прасторах, дыхаючы празрыстым колкім паветрам, або прамчацца ў санках па наслізганай дарозе. Вера прымерала сваю абноўку, але зняла: пакуль не заплочана, яна нібыта не твая, a ў ботах далека не пройдзеш.
Яна наважылася схадзіць у Барысаўшчыну, зайсці да Марыны, а з ёю наведаць некалькі сваіх вучняў. У плане выхаваўчай работы гэта запісана, значыць, трэба выконваць.
Каторы раз лавіла сябе Вера, што часам сама з сабою вядзе дыпламатычную гульню: кожнае жаданне спрабуе разумна апраўдаць i пераканаць сябе ў неабходнасці нейкага ўчынку, хоць i ведала, што жаданне ўзнікла нечакана, а яна апраўдвалася i трошачкі хлусіла сама сабе.
I цяпер ёй хацелася сустрэць Аляксея, папракнуць, потым падзякаваць за клопат і, галоўнае, разлічыцца, каб не адчуваць сябе віннай. А за што папракаць? Сама ж сказала памер абутку i падсвядома спадзявалася, што дастане ёй пімы. Але так хутка i такіх прыгожых не чакала.
А чаму б проста не зайсці i не разлічыцца? Не-е, каб хто другі, так бы i зрабіла, а тут Аляксей... Убачыш яго, i затахкае сэрца. Чаму? Можа, сапраўды лес зводзіць людзей? Розумам працівілася, а сэрца цягнулася да яго.
Рыпнулі ўсходцы. Стук у дзверы перапыніў яе думкi. Ведала, што Трахімаўна i Хімка ніколі не стукаюцца, i адказала не адразу.
На парозе стаяў Аляксей, ружовы, чыста паголены, з беленькім падкаўнерыкам, у зграбным кароткім кажушку, загаварыў проста i натуральна:
— He застаў вас учора i пакінуў, каб памералі, пімы. Архіп Кузьміч скатаў прадаўшчыцы, а ёй у халяўках цеснаваты. Можа, думаю, вам падыдуць. Мералі?
— Аляксей Іванавіч, ну навошта вы? Мне проста няёмка.
— Дык добра ці не?
— Яшчэ як добра, але...
— Калі добра, дык якое можа быць але? Абувайце i насіце, бо ў вашых боціках толькі гуляць па асфальце.
— Скажыце, колькі я вам вінна?
— Мне нічога. За дастаўку не бяру,— пажартаваў Аляксей.— A Кузьмічу аддасцё, як будуць вольныя грошы. Абуйце, калі ласка, хоць паглядзець, як выглядае абноўка.
Вера паслухмяна абула пімікі i прайшлася ў ix па пакоі.
— Ну, віншую. Цяпер сапраўдная сібірачка. Можаце спакойна зімаваць.
Вера сказала, што збіраецца ў Барысаўшчыну да сваіх вучняў i Марыны Раманаўны.
— Слаўная дзяўчына. Сціплая, разумная... i прыгожая... Прыгожым чалавека робіць добрая душа. Яна свеціцца ў вачах, у кожнай рысе твару. Між іншым, таксама з нашых зямлячак, хоць i ніколі не была ў Беларусь Там ёсць вельмі цікавыя людзі — першыя хадакі, можна сказаць, Калумбы гэтых мясцін.