— Да каго вас падвезці?
— Спачатку зайду да Марыны Раманаўны. Яна пакажа., дзе хто жыве.
— Вунь яе трэцяя хата.— Васіль Сцяпанавіч крута павярнуў каня ўправа.— А мне яшчэ кіламетраў дваццаць ехаць. Даклад у Мядзведжанцы рабіць. Вы абавязкова заходзьце да нас. I часцей з добрымі весткамі. Яны важней за скаргі.
— Дзякуй. Буду заходзіць. Шчаслівай дарогі, Васіль Сцяпанавіч.
Дырэктар хвастануў каня ляйчынай, i толькі пыл закурэў з-пад палазоў.
У Барысаўшчыне не было земляных стрэх — усе хаты як званы, з тоўстага кругляка, пракідаліся i з чэсанага бруса, зрубленыя ў так званы нямецкі вугал, з маляванымі аканіцамі, з лавачкамі i гародчыкамі ад вуліцы. Яны нагадвалі знаёмыя з маленства сёлы на Гомельшчыне, з рыпучымі жураўлямі пры студнях, з прысадамі абапал дарогі. У іншых сібірскіх сёлах часам не было ані дрэўца. «А навошта яны? — здзіўлялася тая ж Трахімаўна.— Кругом урман, i так ад камароў i павутоў не адбіцца. Калі якая дзеравіна самасеем i вырасце — ссякуць, каб заядзь не заводзілася». А тут раслі галінастыя бярозы i стромкія рабіны — мабыць, як некалі там, дома.
I пад акном невялікай хаты Марыны Раманаўны на заледзянелым голлі невялічкай рабінкі пырхалі, узляталі, цвінькалі i садзіліся зноў шустрыя, з чырвонымі грудкамі, гілі. Марына ў матчынай безрукаўцы i галёшах на босую нагу выскачыла на ганак еустракаць.
— Я ўжо i не спадзявалася, што прыйдзеш. От малайчына! Дзе гэта цябе Васіль Сцяпанавіч падхапіў?
— Дзеці мяне запынілі каля вашага дома, а ён якраз з варот выязджаў i прапанаваў падвезці.
— Заходзь у хату. Ого, якія ў цябе пімікі. Відаць — Кузьмічова работа?
— Aгa.— Вера ўзялася дзеркачом абмятаць валёнкі.
Хата, перабітая дошкамі на дзве палавіны, дыхнула цяплом i нечым вельмі знаёмым. Ложак за неччу засланы недзе даўно бачанаю посцілкаю, кужэльны ручнік, вышываны чырвонымі i чорнымі ніткамі, печ з ямкаю для запалак i люстэркам, умазаным над чалом, нагадвалі далёкае i роднае.
Марыніна маці, невысокая, з прыкметамі нядаўняй прыгажосці, пры акне латала зрэбны мех. А загаварыла зусім так, як i Вера гаварыла ў маленстве. Адарвалася ад работы, выцерла фартухом табурэцік i запрасіла садзіцца.
— Скідайце пімы, няхай пагрэюцца на прыпечку,— i падала Веры атопкі, адрэзаныя ад старых валёнак.—Марынка мне казала, што новая настаўніца недзе з нашага боку прыехала. Дык гэта вы i ёсць? Далека ж вас, дзеткі, заслалі. Хоць яно цяпер па зялезнай дарозе, можа, не так i далека, a даўней колькі месяцаў дабіраліся. Тата, га, тата, колькі вы першы раз сюды ехалі?
На печы зашамацела сухая лучына, звесіў босыя ногі, а потым ускудлачаную галаву дзябёлы чырванашчокі дзед з сівой барадою.
— Звіняйце, барышня, прыдрамаў на чаране, застыў, халера, трохі з раніцы,— заракатаў густым басам дзед i спрытна шуснуў з печы.
— Ат, няма чаго рабіць, дык лісіц пасе па лесе,— без злосці ўпікнула Марыніна маці.— Пытаюся, колькі вы ехалі тады?
— Чуў, дачушка, чуў...— Выцягнуў з кішэні круглую бляшаную баначку, учэпістымі карычневымі пальцам! скруціў доўгую цыгару з карэньчыкаў самасаду. Зацягнуўся, папыхкаў.— Ехаў, ехаў сабе i людзям на пацеху. Што i казаць? Хіба цяпер так ездзяць, як даўней? Лёг сабе ў вагоне пан панам, а цябе вязуць — цёпла, добра i мухі не ядуць. А мы на сваіх дваіх дабіраліся. Недарма хадакамі звалі. I праўда, хадакі. Ох, i нахадзіліся. Чаму б i не? Малады быў, рэзвы, не раўнуючы, стаеннік. Праўда, ад дабра дабра не шукалі. Гора вяло, бяда паганяла. Адных у ланцугах гналі, другія самі ішлі. Маразамі, не раўнуючы, як мухі, сыпаліся... A выехаў, каб не схлусіць, адразу пасля вялікадня. У Камянцы ў нас пяскі сыпучыя. Свірэпа толькі i радзіла, а жыць жа неяк трэба было. От i надумаў у Сібір падацца. Многія тады з месца зрываліся...— Дзед пасмактаў дыгарку, пусціў клубы пякучага дыму.
— Ой, гэтай гавэнды да вечара хопіць. Можа б, свежых дранічкаў перакусілі? — кінулася да прыпечка Марыніна маці.
Вера аднеквалася, дзякавала, але на стале з'явіўся макотрык румяных, залітых тукам дранікаў. Яны так пахлі, што ўпінацца ніяк не выходзіла.
— Ешце, ешце на здароўе, а я дагавару. Ara, паехаў i я шчасця шукаць. Бацька, царства яму нябеснае, сальніку кабанчыка прадаў, даў мне нейкую злыбеду на дарогу i выправіў з богам. Ехаў дзе бокам, дзе скокам, дзе падвязухць, дзе падбягу. Аж на тройцу да Шадрынска прыбіўся. За душэго ані шэлега. Прыйшлося да самастаяцельнага хадзяіна наймацца, каб хоць трохі акрыяць. Паробіш трохі — i далей, i далей. Я i ў Краснаярскім быў. Дзе мяне нячыстая сіла не насіла? Толькі на другі год прыбіўся ў Дарафееўку. Цяпер Тарскам завуць, a даўней — Дарафееўка. Дарафей тут быў, купец пярвейшы. Кедрач па Тары сплаўляў, баркі свае ганяў, пшаніцу i масла дзежкамі вывозіў. Даўней сібірскае масла на ўвесь свет славілася. Ён i гроб аберуч. Але, казалі, апіўся, У самы траскун вываліўся з кашавы i, не тут казана, карчом трухлявым замёрз. А пры мне ўжо сын яго ўсім правіў. Пракоп. Ой, порсткі ды круты мужык быў, не давядзі гасподзь. Зіркне цыганскім вокам — умлееш. А кругом — урман i ўрман. I цяпер яму канца-краю няма, а тады — уга, кедрач да самае Тары як звон стаяў. Пракоп той наставіў заімак у тайзе, сяліў у ix такіх хадакоў, як я, харчы даваў, пілы, сякеры i стрэльбу. Валіце, карчуйце i біце дзічыну. Што раскарчуеш — дзве часці яму, трэцюю сабе. А маразы-маразы тады стаялі! Не-е, цяперашнія не дакажуць! Бывала, плюнеш — лядыш падае, вароны на ляту замярзалі. Цяпер што? Хіба гэта маразы? От тады, праўда, Сібір была! Людзей унь колькі — дыхаюць, печы паляць. Яно i цяплей,— сказаў i хітра прьхжмурыўся.