Выбрать главу

Колькі разоў Марына памыкалася перапыніць дзеда, а той ад недакурка прыпальваў новую цыгарку i толькі махаў рукою:

— Маладая. Няхай паслухае, як колісь было. Не зашкодзіць. Каб граматнейшы быў, апісаў бы ўсё чыста, хай бы людзі ведалі, як жылося ды былося. Але дзе там — цемната. Можа, таварыш настаўніца калі апіша: так i так, дзед Максім Слюсарэвіч пераказваў, родам з дзярэўні Камянкі Барысаўскага павета Мінскай губерні — сібірскі парцізан. Пры самым Крывашчокаве састаяў. Ага. Не перабівай, унучка, а ты еш, дзетка, i слухай, адно другому не зашкодзіць... Ara, дык гэты Пракоп, каб яму пуста было, Дарафеевіч, мудрэй за бандзіта вычвараў. Пластаюцца на карчах тыя хадакі-гарэтнікі, цярэбяць-цярэбяць, барану на сабе цягаюць, а як уробяць зямельку — падпаўзе, аспід, затоіцца ў карчэўі, падцікуе, лясь, лясь з дубальтоўкі — па жакану загоніць паміж лапатак, i бывай здароў, памінай як звалі. На валакушы зацягне ў вываратнік i кіне мядзведзям разгаўляцца. Уласці тут ніякае не было. Ураднік ці станавы з Кайнскага раз у пяць гадоў наязджалі. Залье ім Пракоп зіркалы спірытусам, сабаліных шкурак, як сушаных грыбоў, на шыю наніжа i сам у горад завязе. A былі людзі ці не, ніхто ні сном ні духам не ведае. Спытаюць, бывала, у самога, ці былі хадакі. «Была, была, кажа, гультаеча. Абпілі, аб'елі, па два карчы выдралі i пабеглі недзе лёгкага хлеба шукаць». А сам арэ ды пшанічку грабе з гэтых лядаў. Так яно было, дзеткі.

Ага, прачуў я, што на чалавекаў палюе, гад, ды ходу. Куды пойдзеш? Спераду ўрман, i ззаду ўрман, злева i справа ўрман. Адважыўся, пайшоў прадзірацца па вываратах ды ламаччы. Добра, што ўдвух былі. З-пад Вязьмы от такі мужычок, але страх які вёрткі i ў рабоце едкі. А совесны, прасці госпадзі цяжкі грэх, сам Хрыстос не дакажа. Удвух яно весялей i спадручней. Пабралі сякеры з піламі, запас, які быў, i падаліся. Па-а-бдзіраліся — адны, шануючы вас, транты матляюцца. Дзень ідзём, а нанач вогнішча распалім. Адзін спіць, другі з сякераю — напагатове. Мядзведзі, ваўкі, рысі так i шастаюць, так i шастаюць. На рачулку набрылі. Давай берагам пойдзем. Пайшлі. Яна нас на дарогу вывела. На масток узбіліся. Бачым, сяло недалёчка. А як зайсці? Чыстыя варнакі, i сораму няма чым прыкрыць. Далібог, лапухамі абапнуліся, але ў сяло не пайшлі, на задах паселі, чакаем, мо хто падыдзе. Аж бачым, парсюка пераймае от такенечкі хлопчык. Убачыў i аслупянеў, хацеў назад лупянуць. А мой дружок, царства нябеснае, Юстын, можа, ведаеце ўнука яго — пабіты, патрушчаны на вайне, Міша Усцігаў, у першай хаце ад школы жыве...

Вера кіўнула галавой, сказала, што ведае i яго i Параньку.

— Aгa, ага! Дык дзед гэтага самага Мішы пачаў хрысціцца i бажыцца, што i пальцам не кранём. Адважыўся-такі, падышоў той хлопчык, але не вельмі блізка. Юстын i пытаецца, як сяло завецца. «Біяза»,— кажа. «Кіргізскае ці татарскае?» — «Ёсць, кажа, усякія, а больш рускія».

Потым мы ўжо асвойталіся з людзьмі, на маслабойні ў купца Гальцова трохі парабілі. Гэта яго хата, дзе сельсавет цяпер, а самога, як Саветы прыйшлі, за балота справадзілі.

Нараілі нам добрыя людзі — за Тару падаліся, заімку скідалі, пралысіну дзесяціны на тры знайшлі, прыкарчавалі, на каняку аднавокую ўзбіліся, разжывацца пачалі. А зямля тут: яйка кінь — певень выскачыць. Сваім прапісалі: так i так, прыязджайце. Ну, i паехалі. Больш за паў-Каменкі рушыла. Да самае тае, мікалаеўскае, вайны ехалі. Лесу колькі хочаш: валі, будуйся. Цяпер онь якое сяло вымахала. А ты пытается, колькі ехаў. Вы ці даўно з нашага краю?