— У вайну звакуіравалася,— адказала Вера.
— Пісалі, сільна выкаціў немец Беларусь. I людзей палягло — не давядзі гасподзь...
Вера падзякавала, што ён расказаў такую цікавую гісторыю.
— Гэта што! Пятае цераз дзесятае. Яны,— з папрокам зірнуў на жанчын,— усё маргалі ды ківалі. Калі збольшага расказваць, дня i ночы будзе мала.
— Задурыў вам стары галаву. Можа б, малачка яшчэ выпілі? — спыталася Марыніна маці.
Вера падзякавала i пачала збірацца. Стары ўзаткнуў валёнкі, накінуў кажушок, i праз якую хвіліну на дрывотні зазвінела сякера, загрукалі дровы.
Вера з Марынаю заходзілі ў хаты да вучняў. Скрозь ёй былі рады, частавалі, упрошвалі пасядзець. Адны скардзіліся на сваіх неслухаў, другія хвалілі старанных сыноў i дачушак, распытвалі, як яны там у школе, гразіліся маўклівым i збянтэжаным хлапчукам: «Ты ж глядзі, каб слухаўся! А вы ўжо, калі што якое, мне накажыце, а я рады дам. Шоўкавы будзе».
Вера супакойвала мацярок i разумела, як цяжка, калі не хапае газы, сшыткаў i падручнікаў, a ў вучняў няма свайго століка ці хоць бы сталага куточка. Таму сшыткі часта ў бульбе i ў сале, скрэмзаныя малодшымі дзецьмі.
У кожнай хаце патыхала нечым знаёмым i родным з маленства — посцілкі, ручнікі, абрусы з прошвамі i карункамі, просціны з падзорамі, печы з прыпечкамі i ямкамі — акурат такія, як заномніліся здаўна. I гаворка, пявучая, як ручаінка, вобразная i дасціпная. Слухаеш — i забывается, што далека ад родных мясцін. Веру захапіла моўная плынь, i яна не заўважыла, як сама загаварыла па-беларуску.
Гэта здзіўляла барысаўшчанскіх жанчын, i яны расцвіталі светлымі ўсмешкамі:
— Ого, дык i вы па-нашаму мажзце. Ці не з нашае стараны? Усе селавыя ў нас так гавораць. Многія i не бачылі тае Беларусі, a ўсё адно ад дзядоў ды ад бабак наўчыліся, i ніяк ix не перакруціш.
Маці Колі Бароўскага, дзябёлая прыгожая маладзіца, вядомая ў раёие даярка, расказвала, што некалі ix тут i ў школе вучылі па-беларуску. Гады ca тры настаўніца была з Мінска, маладзенькая ды прыгожая, Зінай звалі, а як па бацьку, i забылася.
— Коля, пашукай, сынок, тую кніжку, што па-нашаму пісана,— звярнулася яна да сына.
Коля з палічкі, на якой некалі стаялі абразы, дастаў зашмальцаваную, з адбіткамі пальцаў усяго сяла, з падпалінамі ад самакрутак «Біблію» Кандрата Крапівы.
— Ой i смешная ж кніжка, бакі парвеш, i ўсё пра багоў. Як начыталася, абразы яшчэ да вайны на вышкі пазакідала.
Вера гартала кніжку, чытала асобныя старонкі, i ўсе весела смяяліся. Асабліва Марына. Яна прызналася, што такую «Біблію» бачыць упершыню.
— Калі ўсе чыталі, ты ў лялькі яшчэ гуляла, a ў вайну не да смеху было.
Да надвячорка хадзілі з хаты ў хату Вера з Марынаю. I наслухаліся, i нагаварыліся. Цяпер Вера ведала не толька вучняў, ведала бацькоў i матак, як хто жыве, што ў каго ёсць, а чаго няма, чаму адным лягчэй, а другім цяжэй вучыцца, напісала ўдовам некалькі заяў на пенсію.
Калі на захадзе неба налілося барвова-малінавай чырванню i абапал сонца сталі дымныя, з вясёлкавымі пералівамі слупы, Вера не магла адарвацца ад ніколі не бачанага дзіва.
— На вялікі мароз,— сказала Марына.— Ну, цяпер заначуеш у мяне.
Яны вячэралі ў цёплай утульнай хаце. Дзед Максім расказваў даўнейшыя байкі. На прыпечку на трынозе сквірчэла яечня, елі чырвоныя скрылёчкі ўвэнджанай вяндліны i ружовага сала.
Пасля вячэры дзяўчаты перайшлі на другую палавіну. Пры лямпе на кухні ўпраўлялася маці, а яны запалілі грубку i паселі каля яе ў паўзмроку вялікага чыстага пакоя з лапушыстым фікусам у кадоўбчыку, нікеляваным ложкам з гарою падушак у прошвах i вышыўках.
Марына расказвала, як у вайну вучылася ў педтэхнікуме невялічкага гарадка, як дадому хадзіла ў старых чырочках аж за восемдзесят кіламетраў. I пра дзіцячы дом расказвала, як там бывае цяжка, але як яна любіць i шкадуе сірот, i самі яны, нібы тыя каршучаняты, адно за аднаго заступаюцца. I Васіля Сцяпанавіча ўспомніла.
— Гэта ён здаецца суровым i сухаватым, а душа до-о-обрая,— прашаптала Марына.— Відаць, сумна яму дома. Варвара яго хутчэй гыркне, чым добрае слова скажа. Чацвёра дзяцей у хаце. Ён i ўцякае. Часам начуе ў кабінеце. Толькі ты глядзі — нікому.
А Веры мігатлівы агонь у печы, паўзмрок хаты, закаваныя марознымі ўзорамі шыбіны нагадвалі той вечар, калі от так сядзелі з Аляксеем. I ні з таго ні з сяго яна запытала:
— Марынка, а ты ведаеш, дзе Венера?
— Чаму ж не? Астраномію вучыла. Звечара яна заўжды на небасхіле. А што?
— Так, успомніла адну песню. Напісаў яе беларускі паэт. Максім Багдановіч. Памёр зусім малады, далека ад радзімы, а песня засталася. I якая песня!