Выбрать главу

— Праспявай, ціхенька-ціхенька.

— Наўрад ці добра выйдзе. Слухай.— Вера адкашлялася i пачала спачатку няўпэўнена, занадта высока, потым трапіла ў тон i заспявала натхнёна i ўсхвалявана, памагаючы сабе лёгкімі ўзмахамі рукі.

Хутка i Марына пачала падпяваць, без слоў, але нрыгожа i дакладна ведучы мелодыю грудным сакавітым голасам. Калі даспявалі, доўга моўчкі глядзелі на полымя.

— Я нядаўна выпадкова пачула яе, але слоў не запомніла. Спішаш? Ціха, сам сабе, мармытаў адзін чалавек. Толькі матыў урэзаўся ў памяць. Вельмі прыгожы, душэўны... Ты ж яго ведаеш...

— Ведаю. Давай будзем спаць.

Яны леглі на адным ложку i доўга яшчэ шапталіся пад чэканне ходзікаў i спеў цвыркуна. Сцены патрэсквалі ад марозу, i ціха трымцелі шыбы.

9

У самым вялікім класе позна гарэла святло. Кожны дзень пасля заняткаў рыхтавалі спектакль. Ахвотных было больш чым трэба. Нікога не хацелася пакрыўдзіць, i Вера тактоўна пераконвала: «Табе тут няма ролі, a ў наступнай п'есе будзеш іграць абавязкова. Толькі гурток не пакідай, глядзі, як іграюць другія».

Часам прыходзілася замяняць артыстаў, i новыя выканаўцы стараліся, як маглі, каб не замянілі ix. Мікіту Кажамяку іграў рослы прыгожы васьмікласнік Коля Астанін. Хадзіў ён за пяць кіламетраў з суседняе вёскі. A калі рэпетыцыі зацягваліся ці мяла завіруха, нанач аставаўся ў школе, рыхтаваў урокі, прыстаўляў лаўку да цёплай грубкі i да раніцы спаў.

Паміж юных артыстаў усталёўвалася асаблівая дружба, былі свае інтарэсы i сакрэты. Ніхто не прызнаваўся староннім, каго ён іграе, каб часам не пазналі, калі выйдзе на сцэну. Стараліся змяняць галасы i смешна раўлі на самых нізкіх нотах.

Вера дамагалася натуральнасці рухаў i інтанацый, але ёй гэта не заўсёды ўдавалася. Яна сама захапілася будучым спектаклем i пра яго толькі i думала.

— А як з мяне зробяць Змея?

— У што адзенуць цара?

— I агонь з рота будзе вылятаць? — дапытваліся дзеці.

Яны ўжо жылі ў казцы, былі яе героямі i стваральнікамі, марылі пра дзівоснае відовішча, хоць ніхто дакладна не ўяўляў, якое яно будзе. Больш за ўсіх трывожылася Вера, хоць i не паказвала свае трывогі дзецям. Уся надзея была на Аляксея. Ён спакойна ўпраўляўся ca сваімі гаспадарчымі абавязкамі: ранічкай прыбіваў вечкі да партаў, у мароз i ў завею вазіў дровы ў школу i настаўнікам, увечары карміў i паіў каня i быкоў, чысціў стайню, закладаў нанач сена ў яслі. Часам заходзіў на рэпетыцыю, далікатна i непрыкметна даваў парады, а то i сам паказваў, як трэба іграць. На калідоры яго чакалі дзетдомаўскія хлапчукі Віця Тартынскі, Ваня Бойка i Сцёпка Альхімовіч. Яны прыносілі ў вёдрах гліну, дошчачкі, планкі, потым разам з Алякееем Іванавічам зачыняліся ў кладоўцы, дзе тэхнічкі хавалі мётлы i анучы, нешта ляпілі, стругалі i клеілі. Што яны там робяць, нікому не паказвалі.

Аднойчы да заняткаў на школьны двор прыбег ВІця Тартынскі, знайшоў Аляксея Іванавіча, нешта яму пашаптаў, паказаў у бок дзіцячага дома i пабег. Праз паўгадзіны дзетдомаўскія хлапчукі, куляючыся праз платы, загрузаючы ў сумётах, беглі да школы, i кожны валок перад сабою абярэмак мокрых, з абгарэлымі канцамі ануч. У той жа кладоўцы звалілі вялікую кучу старых прасцірадлаў, абрусаў, фіранак, дзіравых коўдраў i ўціральнікаў. Прытапталі абгарэлыя канцы, каб часам не зажалелі, i паказалі Веры Рыгораўне.

— Што гэта? Навошта? — здзівілася яна.

— Касцюмы будзем шыць,— спакойна адказаў Віця.— З Тарска прыехаў нейкі начальнік, усё гэтае барахло спісаў, склаў на двары i падпаліў. А мы падцікавалі, наляцелі з розных бакоў, пахапалі, хто колькі здолеў, прытушылі снегам i гайда сюды. З гэтага можна чаго захочаш нарабіць. Швейныя машынкі ў нас ёсць, дзяўчынкі шыць умеюць, нашыем, чаго трэба.

Вера збянтэжылася:

— Хіба ж можна чапаць без дазволу? Гэта ж ліха ведае што! Нясіце ўсё назад!

— Каб папаліў? Ён жа i летась, i пазалетась паліў. Не-е, не панясём, — цвёрда адказаў Віця.

— Тады я сама панясу.

— Не трэба, Вера Рыгораўна. Спаліць, от пабачыце, спаліць. Вы толькі пагаварыце з ім.

Вера накінула паліто i пабегла ў дзіцячы дом. На гародзе дагаралі нейкія рызманы, пабітыя табурэткі, каля ix з кійком стаяў той самы прадстаўнік райфа, якога бачыла Вера, як толькі прыехаў. Ён махаў рукою i крычаў Васілю Сцяпанавічу, нібы той недачуваў:

— Я не падпішу акт, пакуль усё, усё да ніткі не прынясуць назад. Гэта ж, гэта ж... бандытызм, калі хочаце. Саранча. Ну i выхаванне!

Васіль Сцяпанавіч толькі паціскаў плячамі:

— Не разумею, навошта ім спатрэбіліся гэтыя транты. Нашлю прыбіральшчыц, каб усё прынеслі.