Убачыўшы Веру, упаўнаважаны зласліва ўсміхнуўся:
— Можа, прадстаўнік школы растлумачыць, як яны выхоўваюць дзяцей i навошта ім спатрэбілася спісанае «вешчдавольсцьвіе».
Вера далікатна павіталася i спакойна адказала:
— Калі вас цікавіць, як мы з Васілём Сцяпанавічам выхоўваем дзяцей, калі ласка, прыходзьце на заняткі да нас. А навошта спатрэбілася спісаная старызна, я вам растлумачу.
I Вера расказала, як дзеці захапіліся тэатрам, як ім хочацца паказаць цікавы спектакль, як яны стараюцца нешта добрае зрабіць, a рабіць няма з чаго.
— Я спачатку сама не зразумела, навошта яны ўсё гэта прыцягнулі, а цяпер бачу, што без гэтага рыззя нам не абысціся. Калі ласка, не забірайце, пакіньце яго нам. Ну, спаліце, з попелу ніякай карысці, а дзецям i дарослым будзе радасць паглядзець цікавы спектакль. Першы ў сяле.
— Не магу. Ёсць інструкцыя. У параграфе чацвёртым гаворыцца: «Усё спісанае «вешчдавольсцьвіе», пасуду i мэблю знішчаць у прысутнасці прадстаўнікоў фінансавых органаў». А чаму, ведаеце? Каб гаспадарнікі не ашуквалі дзяржаву. Вось, напрыклад, мы спісалі i не спалілі, а яны гэтую старызну — назад у кладоўку. Новенькае — налева, a рэвізіі зноў тыя ж транты падсуиуць. I ўсё ў ажуры — колькаець сыходзіцца. Так? Бачыце, як усё проста.
Вера ўсміхнулася:
— Спісанага ў дзіцячым доме няма. Лічыце, што яно знішчана. У інструкцыі сказана знішчыць, а не абавязкова спаліць. Мы яго знішчым. Сёння ж пры вас парэжам, перакроім i пачнём шыць царскія i баярскія касцюмы. Не пазбаўляйце дзяцей святочнай радасці. Вельмі прашу вас.
— Як, Васіль Сцяпанавіч? — палагаднеў прадстаўнік.— Будзем лічыць, што ўсё спалена. Нарушаю інструкцыю... але ў парадку выключэння толькі для вас... ну, i для падняцця культуры сяла, вядома.
Вера горача падзякавала.
— Бачыце, як усё добра ўтрэслася,— усміхнуўся Кеменеў.— Вера Рыгораўна за добрую справу ўзялася — самых крутагаловых нібы падмянілі. Раней гарцалі, як з ланцуга сарваныя, а цяпер усе нечым занятыя. Калі што трэба будзе, Вера Рыгораўна, кажыце, паможам. У нас ёсць добры сталяр i швачка неблагая. Так што смялей звяртайцеся.
Каля школы Веру чакалі хлапчукі.
— Ну як? Не забяруць? — пытаўся Віця.
— Не забяруць. Угаварыла.
Вера пахваліла хлопцаў i пайшла ў настаўніцкую, а там ужо кіпела Наталля Іванаўна:
— Школу ператварылі ў звалку каравак. Чаго добрага, яшчэ вошы распаўзуцца. Дзеці бандытамі растуць...
— Ты, Наталля, гавары, ды не загаварвайся,— ускінулася расчырванелая Варвара Іванаўна,— дзе ты бачыла тых вошай у дзіцячым доме? Там чысцей, як у цябе на ложку...
Пачуўшы такое ад лепшай сяброўкі, у завуча на імгненне адняло мову, але яна знайшлася:
— Усё свайго Кеменева аберагаеш, хварэеш за дзіцячы дом!
— За справядлівасць хварэю. Вось як!
— Тава-ры-шы, як не сорамна? Дзеці пачуюць,— падняўся дырэктар,— i наогул непрыстойна сварыцца ў школе. Давайце дамовімся: прынцыповыя пытанні
вырашаць на педсавеце, а хто хоча сварыцца, няхай сварыцца дома,— i павярнуўся да Веры:
— Скажыце, калі ласка, Вера Рыгораўна...
— Гэта i ёсць прынцыповае пытанне,— стукнула кулаком па стальніцы Наталля Іванаўна, але дырэктар не звярнуў на яе ўвагі.
— Скажыце, калі ласка, Вера Рыгораўна, навошта яны нанеслі гэтых старых... н-у-у, рэчаў?
Вера расказала ўсё, як было. Анатоль Паўлавіч слухаў i смяяўся.
— Вельмі смешна,— буркнула Наталля Іванаўна i гукнула тэхнічку.
Тая заслухалася Веру, ускочыла. Званок скаціўся з прыпола.
— A ліхачка! Празявала, варона,— і, трасучы званком, выбегла з настаўніцкай.
Работа ў кладоўцы адразу закіпела.
Аляксей з Тартынскім з газет рабілі выкрайкі самых незвычайных касцюмаў, дзетдомаўскія дзяўчынкі ў вольны час шылі ix, хлопцы выстругвалі мячы i стражніцкія сякеры, гліняныя балванкі абклейвалі кавалачкамі паперы са старых сшыткаў, газет, шпалераў, i выходзілі рыцарскія шлемы. Такім жа спосабам ляпілі тулава Змея, кароны i дзівосныя гербы з арламі.
A ў нядзелю школа ператварылася ў майстэрню: стругалі, збівалі «трон», развешвалі гатовыя касцюмы. Але ўсе яны былі брудна-белыя або шэрыя. Дзеці з дому прыносілі кавалачкі люстэрка, саскрабалі з ix блішчастую амальгаму, таўклі i пасыпалі намазаныя крухмальным клеем мячы, палашы i кароны, выразалі медалі i ордэны.
Аляксей так захапіўся гэтаю работаю, што да паўночы праседжваў у кладоўцы, ператворанай у тэатральную майстэрню. Ён з воўны рабіў парыкі, мяшаў парцяную фарбу з авечым лоем, i выходзіў грым. У фельчара выпрасіў чырвонага стрэптацыду, жоўтага акрыхіну i расфарбаваў камзолы i накідкі, пасыпаў блёсткамі ад люстэрка. «Артысты» ахвотна прымяралі касцюмы i радаваліся, як ніколі не радаваліся ў жыцці. Накрухмаленыя i адпрасаваныя ўборы здалёк выглядалі як сапраўдныя. Вера i Аляксей радаваліся разам з дзецьмі.