Выбрать главу

— Па кумпалу яго!

А змей круціўся, падаў i ўставаў, махаў кажановымі крыламі, над ім, як паходныя, як сцяг, палымнела чырвоная кашуля i маланкаю бліскаў меч. Артыстаў заглушалі шум i выкрыкі ў зале. Веры, як на ўроку, хацелася крыкнуць: «Таварышы, цішэй!» — але, зразумеўшы, што старыя i малыя жывуць падзеямі на сцэне, усе ўдзельнічаюць у спектаклі, супакоілася.

Калі апошні раз закрылася заслона, воплескам i крыкам: «Малайцы!», «Пакажыце яшчэ!», «А хто змей?» — не было канца.

Артысты скакалі ад шчасця, гатовыя паўтарыць усё спачатку. Вера сказала, каб выйшлі на край сцэны i пакланіліся. Выходзілі некалькі разоў, Маленькі канапаты Міша Пшанічны кожны раз цягнуў доўгае, шэра-зялёнае тулава змея, усміхаўся сваёй маці, а хлапчукі, што сядзелі проста на падлозе, крычалі:

— Мі-і-ша, пакажы другую галаву!

— Зараві змеем!

— Вера Рыгораўна, дзе вы? Пакажыцеся!

Яна выйшла радасная i збянтэжаная, кланялася i пляскала ў далоні.

Да сцэны падышоў Андрэй Жураўлёў i падняў руку, каб сціхлі. Барада трэслася ад хвалявання, ён абсмыкваў крысо картовага пінжака.

— Таварышы! А таварышы! Дайце сказаць два словы! Толькі што мы з вамі ў нашай Біязе бачылі дзіва. Радаваліся, i не верылася, што нашы дзеці здатныя на такое. Яны вунь што паказалі! Ты, Палагея, яшчэ ўчора з хлудзінаю ганялася за сваім хлопцам i на гэтую самую падгатоўку не пускала...

— Калі ж ад рук адбіўся, ляціць i ляціць, хоць ты яго спутай,— апраўдвалася Мішава маці.— А божухна, дык ён на змея вучыўся! I праўда, змей упарты!

— Ён можа артыстам не абы-якім стаць. А Коля, што за Мікіту быў? Ніна Аніссіна чым не царыца? Адным словам, усе — таленты. А што б з ix было, каб не Савецкая ўласць? Цёмныя сланяліся б, як авечкі. Дзякуй нашай партыі...— Зала заглушыла апошнія словы воплескамі i ўстала.— I вам вялікае дзякуй, Вера Рыгораўна, што так падрапяцілі нашых дзяцей, ад усіх калгаснікаў i ад старых бальшавікоў дзякуй! — Ён павярнуўся да сцэны i пакланіўся разгубленай i ўзрушанай да слёз Веры.

Гэта быў, бадай, самы шчаслівы дзень у яе жыцці. Дзеля яго можна было слепнуць над газаваю лямпаю, недасыпаць, каб толькі адчуць, што ты прынёс людзям радасць, што ты патрэбен ім. Але каб не Аляксей, не было б такой радасці, не было б такога святочнага настрою.

Хлопчыкі разам з Аляксеем складалі дэкарацыі i касцюмы, драўляныя мячы, кардонныя кароны. Некаторыя не хацелі адлепліваць вусы, a дзяўчынкі сціраць румяны, так i хадзілі «артыстамі». Веры карцела падысці да Аляксея, сказаць нешта добрае, але на сцэну зайшоў старшыня сельсавета, пахваліў школьнікаў, адвёў Аляксея ўбок, нешта пашаптаў на вуха i пайшоў.

Аляксей задумаўся, пастаяў хвіліну i ўзяўся парадкаваць саматужны рэквізіт. Сказаў хлапчукам, каб усё занеслі ў школьную кладоўку.

Дзецям так падабаліся новыя словы «рэквізіт», «кулісы», «заднікі», «падугі», што яны ix паўтаралі калі трэба i калі не трэба.

Вера заўважыла нейкую перамену ў настроі Аляксея i, калі разышліся апошнія «артысты», дакранулася да яго рукі:

— Што з табою, Алёша?

— Радуюся твайму поспеху.

— Не прыкідвайся. Гэта хутчэй твой поспех. I ўсе ведаюць пра гэта... Што табе казаў Абрамаў?

— Абрамаў? Казаў, каб заўтра зайшоў у сельсавет. Ёсць нейкая тэрміновая справа.

— А што, не сказаў?

— Думаю, недзе адгукнулася тая ананімка... Трэба было адразу самому паехаць i ўсё вывесці на чыстую ваду. Дык не, цягнуў нечага. Не хацелася кідаць усё гэта,— ён кіўнуў на цёмную сцэну,— ды... i з табою цяжка было разлучацца.

Яны сышлі ў пустую залу з перавернутымі лаўкамі. Вера гукнула кульгавага вартаўніка, каб замыкаў клуб, i сама з Аляксеем пайшла пасярод наезджанай вуліцы, залітай млявым святлом вышчарбленага месяца. Сям-там у вокнах яшчэ тлелі агні, a ў хаце Наталлі Іванаўны было людна i светла, на замёрзлых шыбах мітусіліся цені.

— Хадзем да мяне. Павячэраем, пагаворым... Добра?

Аляксей памаўчаў.

— А плётак не баішся?

— Можа, табе страшна? Ix i так хапае. Тут бачаць кожны крок. Няхай глядзяць. Мне няма чаго хавацца... Астацца адна не магу: столькі перахвалявалася за гэты вечар, трымціць кожная жылка. Здавалася, вось-вось выскачыць сэрца, i цяпер не суняць. Усё ж малайцы дзеці Коля i Нінка! A Мішка, маленькі, рабаціністы, адкуль у яго той бас прарэзаўся? Часам самой рабілася страшна.

— Слаўныя дзеці! Бадай усе пераросткі. То не было ў чым, то не было як у вайну хадзіць у школу. Мы ў такім узросце дзяўчатам запісачкі пісалі. Ды i яны не маленькія. Пабачыла б, як Коля Ніну за ручку лавіў за кулісамі.

— Усё ты бачыш, усё ведаеш! А мне непрыемна чуць пра сваіх вучняў.

— Дарэмна. Не станавіся педагагічнаю ханжою, класнаю дамаю. Не ператварайце натуральныя чыстыя пачудці ў забароненую тэму. Яны прыходзяць раней, чым нам здаецца. Мы проста, стаўшы за настаўніцкі стол, забываемся, якія былі самі ў такім узросце, што думалі, што адчувалі, як радаваліся i пакутавалі ад першых пачуццяў, колькі было таямніц. Бяда, што нам ix адкрывалі не старэйшыя тактоўныя i разумныя таварышы, i ў першую чаргу настаўнікі, якіх мы дужа саромеліся.