Выбрать главу

— Што ж ім, выкладаць тэорыю кахання?

— Не спрашчай i не перабольшвай. Яны вывучаюць батаніку, розныя там тычынкі i песцікі, заалогію, чытаюць раманы, нарэшце, жывуць сярод дарослых людзей з вельмі простымі ўзаемаадносінамі, многае чуюць, бачаць з нездаровай цікаўнасцю, а мы, праходзячы «Капітанскую дачку» або «Дуброўскага», не выхоўваем натуральных i чыстых адносін да жанчыны, не гаворым, што каханне ўзвышае чалавека, наЕат вядзе на подзвіг. Па-мойму, гэта вялікі пралік нашай педагогікі.

— «Ах, боже мой, что станет говорить княгиня Марья Алексевна?» — засмяялася Вера.— Зноў лекцыя па педагогіцы?

— Ваша Мар'я Аляксееўна абурыцца i забароніць, Верачка. Проста думкі, якія можаш прымаць ці не прымаць.

— Прымаю, прымаю. I дзіўлюся, адкуль у цябе такі вопыт у такой далікатнай справе? Бо тэорыя грунтуецца на практыцы.

Аляксей памаўчаў, глыбока ўздыхнуў, закурыў на хаду, прагна зацягнуўся.

— Схлусіць, што нікога не кахаў,— не паверыш, праўда? Кахаў. Горача i моцна. I яна кахала... Цяпер усё, як сон...

— Дзе не яна цяпер? — з прытоенай трывогай спытала Вера.— Вядома, калі не сакрэт.

— Не, не сакрэт... Няма яе. Даўно няма. Яе павесілі разам з маім сябрам. На плошчы...— Голас дрогнуў, Аляксей прыкусіў губу i змоўк.

— Прабач, калі ласка... Я не ведала, не хацела кранаць тваё асабістае i балючае... Наогул, так мала ведаю пра тваё жыццё, пра цябе. Сам не расказваеш, а распытваць не адважваюся, каб не параніць, як цяпер. Ну, вось i прыйшлі.

Аляксей спыніўся каля веснічак.

— Няўжо ты пакінеш мяне адну з усімі загадкамі i думкамі? Заўтра свята. Дзверы не замыкаюць, пасядзім гадзінку, i пойдзеш.

Яны ціха, каб не вельмі рыпелі ўсходцы, увайшлі у цёплы пакой. На падлозе касымі светлымі квадратаMi адбіліся аконныя рамы, залітыя святлом месяца. Аляксей хацеў чыркнуць запалку.

— Пачакай хвіліначку i адвярніся. Хачу пераапрануцца.

Аляксей чуў, як шалясцела плацце, i глядзеў у замураванае дзівоснымі ўзорамі акно. Вера падышла ў чырвоным мультановым халаціку ў вялікія жоўтыя i белыя рамонкі.

— Распранайся. Здаецца, Трахімаўна нешта паставша на стале.

Аляксей падхапіў яе на рукі, прытуліў, як малое дзіця, i цалаваў, цалаваў, аж кружылася галава, аж займала дух.

— Пусці... Табе ж цяжка,— шаптала Вера, але моцна трымала за шыю мяккаю гарачаю рукою.— Запалі лямпу...

Ад бляску запалкі зажмурыліся абое, паселі за стол. Вера наліла ў кубкі малака, пакроіла хлеб, напал разламала шаньгу з тварагом, пакінутую ёй Трахімаўнай. Елі моўчкі. Кожны думаў сваё, i агульнае — адно пра аднаго.

— Вось яно як выйшла. Хацелі супакоіцца пасля такога напружання, парадавацца поспеху, a толькі развярэдзілі душы i маўчым.

— З табою добра i памаўчаць. Даруй. Сама вінаватая. Палезла з пытаннямі. Каб не думалася, ты мне ўсё раскажаш?

— Як-небудзь другім разам. Ды i позна ўжо.

— Пабудзь яшчэ трошкі. Ну, хоць памаўчы...

У пакоі старшыні сельсавета сабраўся ўвесь актыў, каб разам ісці на святочны мітынг. За дзвярыма чуліся гамана i смех, нехта крычаў у тэлефонную трубку.

Аляксей прыпёрся да сцяны ў пярэднім пакойчыку i не ведаў, ці зручна заходзіць цяпер.

Па вуліцы з гармонікамі i песнямі ехалі на свята калгаснікі з далёкіх брыгад: на дугах пазвоньвалі шамкі, на санях мільгалі квяцістыя хусткі, кажухі, рудыя i пярэстыя дохі.

Загледзеўся Аляксей i падумаў, што ўпершыню Кастрычніцкае свята сустракае зімою, з іскрыстым снегам, санным рыпам i звонкім марозікам, а там, дома, шуміць аналае лісце, імжаць дожджыкі, а часам перападаюць i сонечныя дні.

З пакоя выйшаў Андрэй Жураўлёў, падаў Аляксею жылаватую руку.

— Ну, парадавалі ўчора. Ну, малайцы! Трэба ж так усё ўштукаваць.

Аляксея, відаць, па голасу пазнаў старшыня сельсавета i гукнуў, каб заходзіў. У дзвярах з ім павіталіся дырэктар школы i старшыня калгаса.

Аляксандр Іванавіч, у кароткай паддзеўцы, з патухлаю люлькаю ў зубах, стаяў пасярод кабінета.

— Тут такая размова да вас. Званілі ўчора з раёна. Таварыш Пушанкоў паведаміў, што вас неадкладна выклікаюць у горад Мінск,— ён дастаў з шуфляды кавалачак паперы i падаў Аляксею,— вось па гэтаму адрасу. Дарогу, казаў, аплоцяць на месцы. Анатоль Паўлавіч ужо ведае i чалавека знайшоў на ваша месца. Так што здавайце ўсё, што за вамі лічыцца.