Выбрать главу

— Што там здаваць? Конь, два быкі, хамут ды трое саней.

— Казённую i загваздку трэба здаваць па акту. Ну, шчасліва! Пабягу. Там ужо людзі сабраліся.

Яны разам выйшлі на вуліцу, але Аляксей запаволіў крок, каб сабрацца з думкамі.

Насупраць, на ганку крамы, тоўпіліся пераважна ўдовы ў зграбных кажушках, плюшаўках з буфамі, у квяцістых шыліноўках i пімах. У магазіне ішоў святочны гандаль — давалі пячэнне i «падушачкі». Павесялелыя жанкі прытупвалі на ганку. У цэнтры з недапітаю чацвярцінкаю цётка Анісся выводзіла звонкім голасам:

Мой миленочек, зазноба,

Хоть кривой, да смотрит в оба.

Я кривова не хочу...

I, угледзеўшы Аляксея, на ўсю сілу выгукнула:

К Алексею укачу!

Жанкі гарэзліва падхапілі прыпеў:

Алексей, Алексей,

Мне еще муки насей.

А изладили пельмешки,

Потрясем с тобой орешки... И-х-х!

Анісея закрычала праз вуліцу:

— Іваныч, a Іваныч, не пагрэбуй з бабамі радасць дапіць i гора ўтапіць. Сваіх мужыкоў не дачакаліся, хоць ты нас выручы.— Яна падбегла i за рукаў пацягнула яго на ганак. Аляксей аднекваўся, упінаўся. На дапамогу Аніссі падскочыла чырванашчокая маладзіца. Яны з абодвух бакоў падхапілі пад пашкі i павялі да крамы. А на ганку з надрывам прыгожым сакавітым голасам зацягнула Аксення:

Фашистская Германия,

Проклятая, немила,

Меня с миленком Ванею

Навеки разлучила.

У Аляксея да горла падкаціўся тугі камяк, ён адчуў усю глыбіню гора гэтых спрацаваных прыгожых маладзіц, чые мужы не вярнуліся з вайны. Магілы ix засталіся недзе на ўзбярэжжах Віслы i Одэра. Успомніліся скрываўленыя, пасінелыя абліччы параненых i забітых аднапалчан. Можа, гэта былі мужы гэтых нязломных карміцелек фронту х тылу?

Аляксей адпрошваўся, казаў, што не п'е, што забаранілі дактары.

— Сёння i сам доктар вып'е. А занядужаеш, венічкам пахвошчам, як рукою зніме,— угаворвала Анісся. Аляксей здаўся.

— За вас, жанкі, за шчасце вашых дзяцей.— Пляшка пайшла з рук у рукі.

— Бабы, а бабы! — крыкнула Анісся.— Пракоцім салдаціка, заступнічка нашага!

Жанкі сыпанулі з ганка, ухапіліся за аглоблі парожніх саней, што стаялі каля брамы, падцягнулі да прыступак, сілком звалілі Аляксея, побач села i моцна ашчаперыла яго Анісся. Як Аляксей ні прасіўся, як ні адбіваўся, але выкруціцца не змог. З рогатам i піскам жанчыны павезлі ix па вуліцы.

Ледзьве выцерабіўся Аляксей з жаночага палону. А яны, расчырванелыя, з пазбіванымі на патыліцу хусткамі, смяяліся i сакаталі каля яго. А ён, збянтэжаны i разгублены, вінавата ўсміхаўся i дзякаваў за такі гонар.

— Табе дзякуем, Ляксей Іванавіч. Унь, як учора папрыбіраў нашых дзетак. Далібог, я сваю Нінку адразу не пазнала. Гляджу i не веру, адкуль што ўзялося,— дзеўка, хоць ты пасаг збірай. Колькі жывём, такога не бачылі.

Сяк-так адпрасіўся Аляксей, развітаўся з жанчынамі i ходка пайшоў да клуба, дзе канчаўся мітынг.

Насустрач, абняўшыся, хістка ішлі тры хлопцы. З пасінелым страшным носам Лёнька рыпаў на гармошку, яго падтрымліваў кучаравы прыгажун Гошка. Расхлістаная грудзіна i твар чырванелі, як пасля лазні. Трэцяга Аляксей не ведаў. Відаць, з тых «сватоў», што нядаўна ая^анілі Лёньку з прыгожаю, тоненькаю, як трысціначка, Кацяю. Цяпер яе чорныя, з татарскаю раскосінкаю вочы пабляклі i вінавата апускаліся пры сустрэчы. «Вось чым трэба было б заияцца таму ж Пушанкову,— падумаў Аляксей.— Але ж у яго заявы няма.— I ўспомніў, як нядаўна адны спачувалі Каці, а некаторыя цынічна рагаталі, расказваючы падрабязнасці Лёнькавага сватання.

Каця жыла ў суседняй вёсцы са сляпою бабкаю. У калгасе пласталася дзень пры дні i дома ўпраўлялася з гаспадаркаю. Заваліліся да ix прыгажун Гошка з дружком i Лёнькам-гарманістам. Паставілі два паўлітры на стол, далікатна бабку ссадзілі з печы i пачалі сватаць яе ўнучку за Гошку. Якая дзеўка адмовіць такому?! Прыгожы, рабацяшчы, хата, як звон, гаспадарка свая спраўная, a маці старая, i болей нікога няма.

Разгубілася, расчырванелася Каця, сама не верыць свайму шчасцю. А Гошка такі ласкавы, такі далікатны, так i пяе, так i пяе: «Даўно прыглядаюся, жыць без цябе не магу»,— i ўсё падлівае бабцы, Каці i сабе. Ён-то i вядро выжлукціць можа, a дзеўчына i старая ўпіліся з другое шклянкі. Парыпаў Лёнька на гармоніку, патапталіся па хаце. Дурнічка так i павісла ў Гошкі на шыі. Што далей было, не памятае. Толькі прахапілася раніцаю, аж побач у ложку — страшны, глухі i знявечаны Лёнька, а тых i след прастыў. Параўла, пагаласіла i, зняслаўленая, пайшла за яго. Праўда, ён i бабку забраў, даглядае. На Кацю, як на абразы моліцца, а яна маўчыць i чэзне ад вялікае крыўды.