Выбрать главу

— Што вы, што вы! Апранайце самі! — запярэчыла яна.

Аляксей спыніў каня, злез з вазка.

— Устаньце на хвіліначку.

Вера паслухмяна паднялася. Ён нацягнуў на яе плашч, a калі села — на галаву насунуў капюшон, зацягнуў шворачкі, як у кісеце, каб не спаўзаў, i загадаў зашпіліцца. Ускочыў у хадок i пагнаў каня.

Дождж барабаніў i дробнымі пырскамі адскокваў ад плашча. Дарога намокла i зрабілася слізкая. Мокры пласт наліпаў на колы, i яны пачыналі буксаваць. Змерклася адразу. Толькі шамацеў дождж па яловых лапах i апалым лісці. Аляксей пусціў лейцы, ведаючы, што конь сам выбера зручнейшую каляіну, а завярнуць няма куды: абапал дарогі — канавы, а за імі тайга i багна. «Шлях для сляпога,— падумаў Аляксей.— Але хоць бы як-небудзь дацягнуцца да хацінкі». Ён адчуваў, што колы ад наліплай гразі сталі мяккія i тоўстыя, як гумовыя шыны. Пярэднія яшчэ так-сяк круцяцца, a заднія, вылазячы з выбоіны, цягнуцца i буксуюць. Конь цяжка дыхае i ўсё часцей спыняецца. A роўны спорны дождж сыпле i сыпле. На дарозе, апрача ix,— ні душы: ніхто не едзе ні насустрач, ні следам. Ды i каму ехаць? Самая гарачая пара цяпер: дажынаюць пшаніцу, малоцяць, людзі дзень i ноч на таках веюць i сушаць збожжа. Як толькі падшэрхне дарога, пойдуць у «глыбінкі» калоны грузавікоў па збожжа. Загудзе гэты шлях, асветлены дзесяткамі фараў, загамоніць галасамі вясёлых шафёраў. А цяпер цёмна, мокра i пуста.

— A ваўкоў тут няма? — спытала Вера.

— Ваўкоў няма, a мядзведзі цягаюцца... Не тут, праўда, на дзесятым кіламетры ад сяла ix рэзідэнцыя.

— Калі ж мы даедзем, Аляксей... Іванавіч?

— Задайце лягчэйшае пытанне. На яго цяпер адказаць нельга... Но-о-о!.. Відаць, заначаваць прыйдзецца.

— У лесе? — спалохалася Вера. I, памаўчаўшы, дадала: — Можа, гэта i цікава, рамантычна. Але ж дождж. Вы i так прамоклі да ніткі.

— Сібіракі ніколі не гавораць «лес». Лес — гэта нешта несур'ёзнае, нязначнае.

— А як жа?

— Тайга, а такая непраходная глушэча, як тут,— урман. Кедроўнік i наогул чырвоны лес завуць рам. Прывыкайце, Вера Рыгораўна.

— Пастараюся, падвучуся,— усміхнулася Вера.

Аляксей напружваў зрок, каб не прамінуць таежную старожку, бо пэўна вырашыў да раніцы перасядзець у ёй.

Праз нейкіх паўкіламетра конь рэзка гхавярнуў управа, ледзьве вылезлі колы з глыбокіх каляін. Хадок скаціўся з дарогі на мяккую лугавіну i стаў.

— Вось i прыехалі! — весела сказаў Аляксей i саскочыў з калёс.

Вера прыгледзелася i ў цемры заўважыла нешта чорнае i нерухомае. Падумалася, што гэта стог. Але запахла адсырэлаю закуранаю цэглаю i няўлоўнымі пахамі жытла. Бразнула клямка, рыпнулі дзверы. Аляксей чыркнуў запалку, i Вера ўбачыла яго постаць у праёме нізкіх дзвярэй нейкай хацінкі.

— Хвіліначку пачакайце,— сказаў ён.

У цемрадзі засвяцілася маленечкае акенца. Адразу пацяплела на душы, захацелася хутчэй схавацца пад дах, дацягнуцца да святла. Аляксей, не зачыняючы дзвярэй, падышоў да Веры. У няроўным хісткім святле яна разгледзела каня i густы ельнік, зіхатлівы i мокры ад дажджу Аляксееў твар. А далей была прорва цемені, толькі шапацела ад кропель ігліца i сухое лісце ды ca страхі ў поўную вады ямку сцякаў i барабаніў цурок. Вера не разумела, дзе яны, што гэта за хатка ў тайзе, як заставацца з незнаемым мужчынам у гэтай глушыні.

— Заходзьце, калі ласка, у хату. Камфорту не абяцаю, а суха i цёпла будзе,— спакойна прапанаваў Аляксей, выцягйуў з-пад мокрай травы ў перадку яе чамадан i пакунак з пасцеллю, панёс у хату i забавіўся.

А Вера насунула капюшон, тужэй захінула плашч i сядзела ў нерашучасці. Пачакаўшы, Аляксей выглянуў з дзвярэй i здзівіўся, убачыўшы Веру на возе.

— Чаго ж вы мокнеце? Заходзьце. Вось толькі распрагу каня, запалім з вамі ў печы, вады нагрэем i да раніцы як-небудзь перабудзем.

Ён выпраг каня, прыпнуў яго на доўгія лейцы i ўнёс у хату мокрую вупраж. Следам увайшла Вера i стала ў парозе.

— Скажыце, куды вы мяне прывезлі? Што гэта за хата? — запінаючыся, зашаптала яна.— Я нічога не разумею.

Толькі цяпер Аляксею стала ўсё ясна. Ён бесклапотна засмяяўся, ускінуў на печ мокрую целагрэйку i шапку.

— От не думаў, што вы такая нерашучая, палахлівая i так кепска падумалі пра мяне. Здымайце плашч i ўсё мокрае, сядайце i супакойцеся.— Аляксей пачаў кідаць у печ дробна наколаныя сухія смалякі.

Вера агледзелася. Хатка была маленькая, з нізкаю столлю з асінавых плашак, закураныя неабчасаныя сцены, зграбненькая нябеленая печ, стол з тоўстых дошак, паміж сцяною i печчу — палок. На ім — некалькі скручаных саламяных матаў. У парозе — драўлянае вядро з лазоваю почапкаю. На палічцы мільгае бляшаны каганец, стаіць берасцяны туясок, шкляны паўлітровы слоік, пучок сухога шыпшынніку i акрайчык ссохлага хлеба.