Падвучвалі бабы, каб на суд падала. Яна i не блізка. Кажа: «Сама вінаватая. Трэба гараваць. А ён мяне шкадуе i бабку не крыўдзіць. Можа, прыцярплюся». Аляксей з вялікім жалем глядзеў на Кацю. Ён адразу сэрцам прырос да адкрытых i простых людзей сяла, ведаў, хто як i чым жыве, любіў i шкадаваў дзетдомаўскіх дзяцей, а Вера ўвайшла ў яго душу як светлы праменьчык. Таму, мабыць, i не хацелася так неспадзявана кідаць усё i ехаць невядома куды. Чаму невядома? Ён спадзяваўся знайсці хоць каго-небудзь з ранейшых знаёмых, сяброў па атрадзе, выкладчыкаў ці выпускнікоў інстытута. Не можа быць, каб усе загінулі, каб усіх параскідала вайна. I ўсё ж наперадзе была невядомасць. Ці вернедца, ці сустрэнецца з Верай? Як ёй усё растлумачыць, як супакоіць? Ён выразна адчуў i зразумеў, як яна неабходна яму не толькі цяпер, а назаўсёды.
На парэпчах клубнага ганка вецер гайдаў сцяг. Старшыня калі аса, заглядаючы ў перагнуты сшытак, гаварыў, колькі намалочана i надоена, застагавана i вывезена сена. Пад шумныя воплескі паабяцаў да Новага года пусціць «лакамабіль» i даць электрыку на фермы i ў школу, а вясною i ў хаты калгаснікаў.
У натоўпе грэліся, хто як мог. Вера з Марынай Раманаўнай зводдаль заўважылі яго, i Марына кіўнула, каб падышоў.
Павітаўшыся, яна зашаптала:
— Аляксей Іванавіч, як скончыць Малярэвіч, хадзем да нас. Паабедаем, пасядзім, паспяваем. Вера згодна.
Аляксей памаўчаў i з жалем у голасе сказаў:
— Хацелася б, але... не змагу.
— Сёння ж свята,— здзівілася Марына.
— A ў мяне неадкладныя справы.
Вера ссунула бровы i з трывогай паглядзела на яго:
— Што-небудзь здарылася?
— Асаблівага нічога...— расцягваючы словы, пачау Аляксей.— Заўтра мне прыйдзецца ехаць.
— Надоўга?
— Відаць, надоўга.
Якраз Малярэвіч закончыў прамову, i ўсе пачалі разыходзіцца. Анатоль Паўлавіч неяк вінавата зірнуў на Аляксея, падышоў, павітаўся, павіншаваў дзяўчат са святам і, пазіраючы некуды ўбок, ціха сказаў:
— Шкада, канечне, што Аляксей Іванавіч нас пакідае. Але яму будзе лепш. Так што давайде, не адкладаючы, зойдзем у школу, аформім акцік.
— Добра. Я зараз падыду.
Прытрымліваючы ад ветру полы шыняля, Анатоль Паўлавіч нацянькі пайшоў у школу. Памаўчаўшы, Аляксей загаварыў:
— Вось так яно ў жыцці i бывае. Раніцай думает адно, плануеш на тыдзень наперад, a выходзіць зусім другое, i ўсе твае планы ляцяць дагары нагамі...
Вера паглядзела на яго з жалем i трывогай.
— Адным словам, заўтра трэба ехаць. Думаю, усё будзе добра. Не ведаю, калі пабачуся з вамі, Марына Раманаўна, дазвольце вам пажадаць самага-самага найлепшага.— Ён моцна паціснуў яе руку ў стракатай рукавічцы.— Да пабачэння, Вера Рыгораўна. Калі дазволіце, зайду развітацца...
У школе ўжо чакаў Анатоль Паўлавіч. Тут жа сядзеў i смактаў самакрутку камлюкаваты Сяргей Гапонька.
— Ну вось, схадзіце ў завозню, паглядзіце, што там ёсць, а я тым часам падрыхтую акцік,— сух-а звярнуўся Анатоль Паўлавіч.
Новы загадчык гаспадаркі лічыў аброці i хамуты. Сані стаялі навідавоку, калёсы пазамятала снегам.
— Вось i ўся гаспадарка,— развёў рукамі Аляксей.
— Я i не хацеў...— буркнуў Гапонька,— але ўгаварылі Анатоль Паўлавіч i брыгадзір. Кажуць: «Да вясны за грошы парабі, а там відаць будзе». Яно i не зашкодзіць якую капейчыну агораць,— нібы апраўдваўся Гапонька,
Акт аформілі хутка. Аляксей расказаў, калі карміць быкоў i каня, з якой дзялянкі вазіць дровы i дзе асталіся стагі.
— Ведаю, ведаю ўсе вашы стагі: тры ў раме, два за лажком, у аднаго яшчэ верх з'ехаў. Так што я сёння накармлю, i каб жалаванне з сённяшняга дня ішло.
— Добра, добра,— супакоіў Анатоль Паўлавіч,— ідзіце.
Дырэктар памаўчаў, наглядзеў на Аляксея i ціха
сказаў:
— Вялікае вам дзякуй за ўсё. Разумею, што займаліся не сваёю справаю, у класе ад вас было б болей карысці, але... не ад нас залежыць. Часам фармальнасці вышэй логікі. Упэўнены — усё ў вас будзе добра, а нас не памінайце ліхам. Калі не маеце крыўды, у любы час прыязджайце, разам папрацуем. Некаму ж i тут трэба вучыць дзяцей. Я мог паехаць у любы горад вобласці, у Калывань i ў Сузун прапаноўвалі, a папрасіўся ў самую глыбінку. Цяжка, няма чаго казаць, але не шкадую. Там i цікава, дзе цяжка. Можа, на будучы год падкінуць хоць парачку такіх настаўнікаў, як Вера Рыгораўна. Чулі, Малярэвіч абяцаў электрычнасць даць. Так што гадоў праз пяць тут нічога i не пазнаеце. Я сур'ёзна. Надумаецеся, прыязджайце. I дзеці вас любяць. Дзетдомаўскія так следам i снуюць...