Выбрать главу

Аляксей маўчаў. Перад фарамі, як змеі, паўзлі i круціліся белыя языкі пазёмкі, машына павольна перапаўзала з сумёта на сумёт, снег забіваў ветравое шкло i праз шчыліны працэднсваўся ў кабіну.

— He cпi толькі. Гавары што-небудзь, каб мяне не павяло. Дзе ваяваў, як гараваў, дзе хрысціўся, як жаніўся. Толькі не маўчы,— прасіў шафёр.

Аляксей гаварыў пра франты, раненні i шпіталі.

Выходзіла, ваявалі яны побач, хадзілі i ездзілі па адных дарогах. Ці мала перавазіў шафёр параненых да франтавых шпіталяў i цяплушак! Можа, i непрытомнага Аляксея калі вёз.

— Ну, кіламетраў праз дзесятак пагрэемся,— пацёр шафёр рукі,— запахла Пацюканавам.

Грузавік ківаўся з боку ў бок, парыпвала настылая расхістаная кабіна, святло ад задніх машын то паўзло ўгору, то некуды правальвалася i павольна выпаўзала зноў. Аляксей адчуваў, як сціскаецца ад холаду цела, як гусінее скура на твары, як пачынае дробна калаціцца ніжняя сківіца. А дарога яшчэ доўгая-доўгая.

У замеці мільгануў хісткі жоўты агеньчык. Фары выхапілі сцены прысадзістай шырокай хаты. Кал я яе стаяла некалькі замеценых снегам парожніх грузавікоў. Да хаты падрульвала i спынялася ўся калона. Шафёр вытыркнуўся з кабіны i голасна крыкнуў:

— Глушы маторы праз адзін i накрывайце капоты!

Аляксей выскачыў на слізкую сцежку, здранцвелыя ногі распаўзліся, i ён ледзь утрымаўся.

У хаце накурана i парна. Кажухі i целагрэйкі звалены ў кут, пасярэдзіне ўсхліпвае закураная лямпа, з-пад ног коцяцца белыя клубы пары i засцілаюць пакой. Як у тумане, калываюцца шапкі i ўскудлачаныя галовы шафёраў.

— Здаровы, хлопцы! Ну, як грэемся?

— Варка, засыпай пельмені!

— Не вельмі перамяло?

— Што там у Барабінску новага?

— Зачыняйце, чайную выстудзіце,— крычыць тлустая дзябёлая буфетчыца.

Шафёры мосцяцца за сталы, накрытыя калянымі цыратамі.

— Васька, як начавалася? — нехта кпіць з маладога шафера.

— Парадак,— адказвае шыракатвары з рудым чубам Васька.— Кульну дзве чаркі i пайду да Варкі,— выскаляецца ён i цягне руку да буфетчыцы.

— Прыходзь, прыходзь. У мяне пад коўдраю чыгунны кантар ляжыць, — весела агрызаецца Варка, накладае ў алюмініевыя міскі пельмені, перчыць, палівае воцатам. Мужчыны нацягваюць на далоні рукавы, каб данесці гарачую пасудзіну, рагочуць, жартуюць, пад'юджваюць адзін аднаго.

Аляксееў шафёр, відаць, у калоне за старшага. Устаў, зашпіліў пінжак:

— Закругляйся, хлопчыкі. Пагрэліся i — па конях!

Хоць i неахвотна, збіраюцца шафёры, трэба ехаць. Васька яшчэ павыскаляўся каля буфетчыцы, закурыў, нацягнуў паўкажушок, лапавухаю шапкаю крутануў нязграбны рэверанс i знік у воблаку пары.

На цёмным небе высыпалі буйныя зоры, мяцеліца пацішэла. Загулі маторы, i зноў паплылі машыны з сумёта на сумёт, выхопліваючы фарамі прыдарожныя слупкі, укрытае наледдзю вецце елак i кедрача, яшчэ нейкіх дрэў.

Далека за поўнач змораны Аляксей увайшоў у невялічкі людны вакзал. Скрыгаталі настылыя дзверы з прывязанаю, замест спружыны, цаглінаю. На лаўках i на падлозе сядзелі i ляжалі людзі з чамаданамі, куфэркамі i клункамі, туліліся каля выцертай грубкі, бразгалі бляшаным кубкам. Пад столлю слабым накалам тлелі дзве лямпачкі.

Прыткнуцца не было дзе. Аляксей прашыўся бліжэй да печы. Тут было зацішней: не так свістала з дзвярэй, што раз-пораз з грукатам адчыняліся i дыхала белымі клубамі пары.

За сцяною грукаталі таварныя цягнікі, у застылых вокнах мільгалі чырвоныя агеньчыкі апошняга вагона, i зноў усё сціхала. Аляксея з маленства трывожылі паравозныя гудкі, пах антрацытавага дыму, сіпенне пары, чыгуначная мітусня i спешка. Яны манілі i клікалі ў невядомыя далячыні, абяцалі сустрэчы з нябачанымі гарадамі i краявідамі, новыя знаёмствы i сум расставання.

Значыць, ведаюць, што ён рабіў у часе акупацыі, калі проста выклікаюць i абяцаюць аплаціць праезд па чыгунцы.

I зноў закруцілася кола ўспамінаў. Прыгадаліся тыя жахлівыя месяцы ў Ельніцы, калі трэба было іграць самую адказную i цяжкую ролю ў жыцці, прыкідвацца, сачыць за кожным крокам. Усе ведалі, што былы настаўнік, камсамолец Аляксей Буевіч, пайшоў у «паслугачы» да немцаў, i касавурыліся на яго, з'едліва папракалі. Ніхто толькі не ведаў, што ён робіць, на каго працуе. I нікому не скажаш. Аляксею да болю яскрава ўспомніліся тыя дні: сорамна было глядзець у вочы ўчарашнім вучням i ix бацькам, сустракаць знаёмых, гаварыць не тое, што думает i адчуваеш, прыкідвацца не тым, хто ты ёсць. Адною ўцехаю i падтрымкаЮ быў Якаў Спірыдонавіч. Разважлівы i спакойны, ён заўеёды паўтараў: «Цярпі, казак, атаманам будзеш». I цярпеў...