Выбрать главу

Вера памкнулася нешта сказаць, але Марына стрымала яе.

Свой даклад Наталля Іванаўна закончыла катэгарычна:

— Далей такога становішча цярпець нельга. Калі ў бліжэйшы час у працэнтных адносінах не будзе рэзкіх зрухаў, давядзецца рабіць арганізацыйныя вывады!

У настаўніцкай застыла прыгнечаная цішыня. Васіль Сцяпанавіч нешта чыркаў на прамакатцы. Міхась Іванавіч Акунёў разглядаў наскі сваіх пімаў, шыракатварая Варвара Іванаўна ўтаропілася вачамі ў завуча, глыбока ўздыхнула i спакойна спытала:

— З каго ж пачнеш разганяць, Наталля... Іванаўна? А?

— Вынікі наступнай чвэрці пакажуць...

I тут загаманілі ўсе разам:

— Ну, так можна ўсіх разагнаць...

— Захочуць пазбавіцца ад каторага i пачнуць хапаць двойкі.

— Трэба гультаёў прымусіць вучыцца.

— А як ты ix прымусіш?

— Цацкаемся залішне...

— Цішэй, таварышы, цішэй. Давайце па парадку. Хто хоча сказаць? — запытаў Анатоль Паўлавіч.

Нечакана для сябе паднялася Вера i загаварыла, ледзь стрымліваючы хваляванне.

— Тут больш за ўсё абвінавачванняў было мне.

— Гэта яшчэ не абвінавачванні,— перабіла яе Наталля Іванаўна.

— Ну, няхай будуць заўвагі ці папрокі. Сапраўды, атрымліваецца дзіўна: многія вучні, што летась паспявалі, за гэтую чвэрць атрымалі двойкі. Выходзіць, не навучыліся, a развучыліся правільна пісаць. А дайце ім сёння такі дыктант, які яны пісалі раней, усе напішуць на чацвёрку. Будзе ў ведамасці стопрацэнтная паспяховасць, толькі не будзе ведаў. Я знарок ставіла павышаныя патрабаванні, каб мабілізаваць увагу дзяцей, каб яны адчулі свае слабасці i вучыліся больш старанна. Не буду звальваць на некага віну, але мушу сказаць, што многіх прыходзіцца перавучваць. У ix агульныя памылкі, i вучні сцвярджаюць, што ix памылкамі не лічылі.

— Яны нагавораць... Слухай ix толькі,— азвалася Аўдоцця Мітрафанаўна i вінавата заморгала.

Вера не звярнула ўвагі на яе рэпліку i гаварыла далей з прыкметным хваляваннем:

— Тут прапанавалі больш жорстка патрабаваць з вучняў. Але жорсткасць заўсёды выклікае зацятае супраціўленне. Не прымушаць, a зацікавіць трэба дзіця. Каб кожны ўрок быў для яго радасцю адкрыцця нечага невядомага, новага, цікавага i светлага. Каб вучэнне было не пакутаю, а шчасцем.

— Па-мойму, замест прызнання сваіх недапрацовак, вы спрабуеце зваліць віну на некага i пачынаеце вопытным настаўнікам чытаць лекцыі па педагогіцы,— ускінулася на Веру завуч.

— Я думаю, Вера Рыгораўна вельмі правільна сказала. Зацікавіць дзяцей мы яшчэ не ўмеем, а яна ўмее,— спакойна i разважліва загаварыў Васіль Сцяпанавіч.— Я мяркую па нашых выхаванцах. Самыя непаслухмяныя цягнуцца да сваёй настаўніцы, слухаюцца i паважаюць. Толькі i чуеш: «Вера Рыгораўна сказала», «Вера Рыгораўна прасіла зрабіць»,— i спяшаюцца, каб не спазніцца на яе ўрок. А спектакль, які i мы з захапленнем глядзелі, хіба не заслуга Веры Рыгораўны? Вось тое выхаванне, якога не хапала ў нашай школе. I за двойкі на яе не крыўдзяцца. Ставіць яна ix ласкава, з вераю ў магчымасці вучня...

I тут усхапілася Наталля Іванаўна:

— Ну, пра ўсе «спектаклі» таварыш Кеменеў яшчэ не ведае. Не хацела гаварыць, але вымушана. Хто рабіў спектакль за спіною Барышавай, мы з вамі ведаем. I няма чаго ёй прыпісваць чужыя заслугі. Ды i рабілася гэта дзеля прыклёпу, каб зручней было сустракацца з гэтым... што некуды спешна выклікалі. Вось тут, у школе, у ix сапраўды былі «спектаклі». Калі на тое пайшло, раскажу. Тут усе свае...

— Наталля Іванаўна, не трэба выносіць плёткі,— перапыніў яе дырэктар.

— Плёткі-і-і? Гэта, па-вашаму, плёткі? Калі б сама не бачыла, не гаварыла б. I мая Жэнька ў артысткі падалася. Чакаю: 10 гадзін — няма, палова адзінаццатай — няма. Дай, думаю, схаджу паглядзець, дзе там яна. Дайшла да рогу, аж чую — ідуць, сакочуць. У адным класе святло гарыць. Пытаюся: «Чаму так позна?» — «Рэпеціравалі»,— адказваюць хорам. Я ix адправша, а сама падышла да варот. Стаю, чакаю. Агонь патух, а са школы ніхто не выходзіць. З паўгадзіны памерзла — нікога. Што ж, вы думаеце, яны ўпоцемках у даміно ці ў шахматы гулялі? I так кожны вечар. Я не раз бачыла, як яны каля Трахімішынай брамкі пакалываюцца i ў хату знікаюць. A ўжо апошнім часам i не хаваліся. Да раніцы гэты майстра на ўсе рукі прападаў у вашай хвалёнай настаўніцы. А пачалося гэта там, у хатцы на семнаццатым кіламетры, калі ўдваіх начавалі. Вось вам прыклад дзецям, вось вам маральнае аблічча i прынцыповасць камсамолкі Барышавай.

Усе прыціхлі, як аглушаныя. Кожны крадком пазіраў на скамянелую Веру Рыгораўну. Шчокі яе палалі, як у ліхаманцы, невідушчыя ад слёз вочы ўтаропіліся ў Наталлю Іванаўну. Усе маўчалі.