Раптам Аляксей спыніўся. Немец! Сапраўдны немец, у брудна-зялёным шынялі i нацягнутай на вушы пілотцы вёз тачку з бітаю цэглаю. За разбуранаю сцяною дома гергеталі i білі ламамі замёрзлы друз палонныя.
Аляксей шмат перабачыў немцаў, але цяпер яны ўжо былі не страшныя.
Плошчу Свабоды Аляксей здалёк пазнаў па разбітай вежы з гадзіннікам. Пастаяў, агледзеўся, пакруціў галавою i пайшоў па заваленай цэглаю i тынкам Ленінскай вуліцы.
Аляксей увайшоў у доўгі пракураны калідор. Слабое святло лямпачак пад столлю нагадвала ноч або позні вечар. А за вокнамі быў шэры туманны дзень з калюжынамі i мокрым снегам, з галчыным граем у парадзелым скверыку. Аляксей паглядзеў на ацалелы Дом прафсаюзаў, на руіны гасцініцы «Еўропа» — пазнаваў i не пазнаваў мілы з юнацтва горад. Некалі сотHi людзей ведаў у твар, здагадваўся, дзе хто працуе i жыве.
А цяпер прайшоў ад самага вакзала — i ніводнага знаёмага аблічча.
Аляксей пастукаўся i ўвайшоў у невялічкі пакойчык, павітаўся, зняў шапку i стаў у парозе. З-за стала падняўся малады статны капітан з рудаватым чубам над залысінамі высокага лба, падаў руку i неяк загадкава ўсміхнуўся:
— Капітан Асокін. Сядайце, калі ласка, Аляксей Іванавіч,— i паказаў на крэсла побач ca сваім.— Ну, як дабраліся? Дарога далёкая i нялёгкая: з эвакуацыі, са шпіталяў усё яшчэ вяртаюцца людзі.
— Звычайна. Ехаў, як i ўсе.
— Доўга мы вас шукалі. З Ельніцы адказвалі: «Пасля вайны не з'яўляўся».
— Я ж туды ў райана двойчы пісаў,— здзівіўся Аляксей.
— А мы пісалі ў іншы аддзел. Добра, што ў вас там старшыня сельсавета кемлівы чалавек: «скаргу» на вас пераслаў непасрэдна сюды.
Зазваніў тэлефон.
— Слухаю, таварыш палкоўнік. Так, так. Прыбыў. У мяне. А можа, да вас? Нічога сабе выглядае,— падміргнуў капітан Аляксею.— Слухаю. Чакаем,— i паклаў трубку.— Вы i не здагадваецеся, хто пра вас пытаўся. Казаць не буду. Зараз пабачыце. Ён асабліва настойліва шукаў вас. Паспрабуй цяпер знайсці чалавека, калі ідзе такое перасяленне: бацькі дзяцей шукаюць, дзеці — бацькоў.
У пакой увайшоў невысокі палкоўнік. Аляксей памкнуўся яму насустрач.
— Ну, нарэшце! Рады цябе бачыць, прапашчы ты Аляксей.— Ён моцна абняў Буевіча, патрос за плечы.— Нічога, нічога, хоць латаны, але малады i дужы. Не шкадуеш, што выцягнулі з таежнай бярлогі? I занесла ж цябе!
— Што вы, Піліп Васільевіч! Рады, што з вамі сустрэўся, а то i не спадзяваўся сваіх адшукаць.
— Спадзявацца трэба заўсёды на лепшае,— сказаў палкоўнік.
Аляксей заўважыў, як ён змяніўся, густа прабілася сівізна. A гадоў пяць назад у Ельніцы быў малады вясёлы ўпаўнаважаны райаддзела. У брыгадзе ўзначальваў Піліп Васільевіч разведку i не раз Аляксея пасылаў на самыя адказныя i рызыкоўныя заданні. Ён распрацоўваў неверагодныя па прастаце i дзёрзкасці планы i выконваў ix спакойна, з розумам i вялікай вытрымкай.
— А дзе вы былі пасля злучэння з арміяй? — пацікавіўся Аляксей.
— Паматала i мяне па свеце. Польшча, Усходняя Прусія, прыморскі гарадок Пілаў. Там i сваю Валянціну пахаваў. Помніш?
Аляксей толькі паківаў галавою i да хрусту сашчапіў пальцы.
— Падарвалася на заржавелай міне... Нядаўна назначылі мяне сюды, i адразу трапіла справа Ельніцкай падпольнай групы. Доўга шукалі канцы. I ты як у ваду знік... Цяпер усё ясна. Застаўся фармальны бок. Але справаю зоймецца капітан. Таварыш Асокін пакуль што цябе ўладкуе ў нашым інтэрнаце на Нямізе, забяспечыць пайком,— ён агледзеў Аляксея з галавы да мокрых валёнак,— i прыадзецца табе паможам. Ага. Хвіліначку,— палкоўнік набраў нумар тэлефона.— Сцяпан Ларыёнавіч? Прывітанне. Не памыліўся. Я, я. Ну, як кіруеш? Запарка з вывазкай лесу?.. Які ў нас транспарт?
Пачуўшы знаёмае імя, Аляксей выцягнуўся на крэсле.
— Тут у мяне адна прапажа знайшлася. Якая? Мы з табою днямі ўспаміналі. Не, не ўгадаў. Вось тут сядзіць i ззяе, як жаніх на покуце. Бу-е-віч... Так, Аляксей. Адкуль? Доўгая гісторыя. Зойдзе, сам раскажа. Добра. Пасля дзвюх? Спадзяюся, паможаш яму. Сам ведаеш: страха над галавою i ўсё астатняе. Перадам. Бывай.
— А дзе Сцяпан Ларыёнавіч? — запытаў Аляксей.
— Намеснік старшыні аблвыканкома. Узрадаваўся, што ты знайшоўся. Прывітанне перадае. Чуў? У дзве гадзіны чакае цябе. Але салаўя байкамі няма чаго карміць. Ідзі ў нашу сталоўку, паснедай, адпачні трохі i не забудзься зайсці да Сямашкі. Ну, пакуль. Яшчэ пагаворым. У цябе i ў мяне ёсць што ўспомніць. Бывай!
...Пасля снедання Аляксей прайшоўся па плошчы, уражаны i ўсхваляваны такімі сустрэчамі. Адразу камандзір i начальнік разведкі знайшліся. Не знайшліся, а яго знайшлі.
З галін парадзелага сквера зрываліся i шлёпалі ў лужыны камякі мокрага снегу. Скрыгатаў i з крутой вулачкі Бакуніна павольна ўпаўзаў на плошчу старэнькі трамвай. Двойка. На ім некалі Аляксей ездзіў у інтэрнат i на Старажоўку купацца пасля экзаменаў. Цяпер ад руін пахла мокраю глінаю i цэглаго, ляжаў закураны друз i скруткі ржавага жалеззя, зарослыя пабітымі марозам сцяблінамі скрыпеню i палыну. Горада амаль не было. Грукалі ламы i кіркі — разбіралі завалы, абскрабалі закураныя i апаленыя цагліны. Куды ні зірнеш — вышчарбленыя парэпаныя сцены з правіслымі бэлькамі i агрызкамі лесвічных прыступак. Аляксей ведаў, што горад разбіты, але такога разбурэння не ўяўляў. Дзе-нідзе ўзвышаліся рыштаванні, закладваліся падмуркі, рассоўваліся вуліцы. У самым цэнтры на невялічкіх лапіках, абгароджаных гарэлымі жалезнымі ложкамі, з-пад снегу тырчаў сухі бульбоўнік.