Цудам уцалела старая Няміга. За тоўстымі сценамі прысадзістых будынін не відно было руін, i Аляксей на нейкую хвіліну адчуў сябе ў жывым горадзе сваёй маладосці, пазнаваў цёмныя дворыкі i шырокія вароты пад дамамі, заглядаў у ix: на вяроўках гайдалася мокрая бялізна, дзіцячыя кашулькі, па вузкіх тратуарах спяшаліся людзі.
Аляксей знайшоў інтэрнат, у які яго накіравалі. Зайшоў у вялікі пакой з мноствам ложкаў, заняў месца каля акна. У калідоры памыўся пад доўгім карытцам умывальніка i адразу адчуў бадзёрасць i свежасць. Ад узрушэння гарэў твар, стукала ў скронях. Мокрыя валёнкі прыткнуў да круглай жалезнай печы, пераабуўся ў пацёртыя салдацкія боты, змяніў гімнасцёрку i выйшаў на вуліцу. Па бруку вялікі калматы конь цягнуў на калёсах дашчаную скрыню з пахкім гарачым хлебам, у двары крычалі i смяяліся дзеці, насустрач ішла статная дзяўчына з падфарбаванымі вуснамі.
Хоць Аляксей i ведаў, як знайсці Сямашку, але вельмі ж захацелася хоць з кім-небудзь загаварыць, i ён спытаў у дзяўчыны, як знайсці аблвыканком. Яна вярнулася назад, паказала, як выйсці на Савецкую i куды ісці далей.
— Цяпер тут i старому мінчаніну нялёгка што-небудзь знайсці,— усміхнулася яна i пайшла сваёй дарогай.
Аляксей паблукаў па некалі знаёмых вуліцах, падышоў да Дома ўрада, насупраць яго пазнаў колішні Дом металістаў, за ім між разбітых карпусоў Універсітэцкага гарадка стаяла некалькі доўгіх баракаў. Ён прыглядаўся да твараў сустрэчных, але так нікога i не пазнаў. Часцей сустракаліся людзі ў шынялях, з пагонамі i без пагонаў, на мыліцах i з нустымі рукавамі.
Роўна ў дзве гадзіны ён паднімаўся па прысыпанай патрушчаным тынкам лесвіцы на другі наверх ацалелага старога будынка. У прЫёмнай немаладая сакратарка з пасівелымі скронямі спытала, да каго ён i па якой справе. Аляксей назваў сваё прозвішча i сказаў, што Сцяпан Ларыёнавіч прасіў зайсці. Пачуў праз адчыненыя дзверы знаёмы голас, забілася сэрца. Па кабінеце з доўгім сталом для пасяджэнняў насустрач яму ішоў высокі, шыракаплечы, з непаслухмяным чорным чубам, перасыпаным сівізною, Сцяпан Ларыёнавіч Сямашка, колішні сакратар райкома i камандзір брыгады. На ім быў цеснаваты кіцель без пагонаў, з трыма радамі ордэнскіх планак, i белыя закасаныя буркі. Яго прыгожы твар свяціўся добраю ўсмешкаю, а дужыя рукі моцна сціснулі Аляксеевы плечы.
— Ну, расказвай, дзе прападаў, куды загнала нялёгкая? Шукалі тут цябе. Грэшным дзелам, думалі — загінуў дзе-небудзь. Ну, ну, слухаю.— Сямашка ўсадзіў Аляксея ў глыбокае крэсла, сеў насупраць, падпёр шчаку рукою.
Аляксей коратка, як пішуць у анкетах, расказаў пра свае франтавыя i шпітальныя прыгоды, не абмінуў i ананімку з абвінавачаннем у супрацоўніцтве з немцамі:
— Разумееш, органы цяпер разбіраюць заявы на былых падпольшчыкаў, якіх мы закідалі ў паліцыю, управу, пасылалі працаваць перакладчыкамі. Бачылі, што працуюць у немцаў, а што выконваюць заданні партызан i разведкі, ніхто i не здагадваўся. Вось i прыходзіцца цяпер разбірацца, выяўляць падпольшчыкаў, сувязных, выдаваць ім адпаведныя дакументы, каб людзі не скардзіліся i не абражалі «нямецкімі паслугачамі». Пачынаеш разумець, як ім было цяжка i балюча.
Успомнілі сяброў па падполлі: мілага, заўсёды далікатнага Якава Спірыдонавіча. A якім цвёрдым i вынаходлівым ён стаў у акупаванай Ельніцы, колькі выратаваў людзей, колькі звестак i бланкаў дакументаў перадаў партызанам. I маладзенькую, заўсёды вясёлую выкладчыцу нямецкай мовы Ніну Кавалеўскую ўспомнілі. Якою трэба было быць мужнаю i трывалаю, каб не расплакацца на допытах, калі фашысты заганялі іголкі пад пазногці яе сяброў i аднадумцаў. А яшчэ, мабыць, цяжэй было цярпець нянавісць i абразы блізкіх людзей. Знявечаная, яна смела падышла да шыбеніцы i паспела крыкнуць з апошніх сіл: «Мы пераможам, біце праклятых людаедаў!»