Выбрать главу

Успамінаючы, Аляксей ледзьве стрымліваў слёзы, кусаў губы i змаўкаў на паўслове.

— А ты што думаеш рабіць? — спытаў Сямашка.

Аляксей паціснуў плячыма і, памаўчаўшы, дадаў:

— Трэба ў школу. Але, перш за ўсё, аднавіць дыплом. З райана адказалі, што ўсе дакументы загінулі, у інстытуце таксама нічога не засталося.

— Гэта легка паправіць.

Сцяпан Ларыёнавіч набраў нумар тэлефона:

— Таварыш Макарэвіч? Сямашка. Мяне цікавіць парадак афармлення дакументаў на былых выпускнікоў, у якіх загінулі дыпломы. Та-а-ак! Тры пацверджанні. А хто з даваенных выкладчыкаў у вас працуе? Хвіліначку, запішу. Тут да вас зойдзе таварыш Буевіч. Пры мне ён працаваў у Ельніцкай школе, быў падпольшчыкам, партызаніў у маёй брыгадзе, ваяваў на фронце, словам — наш добры таварыш. Памажыце, калі ласка. Так, Буевіч Аляксей Іванавіч. Дзякую.— Сямашка падаў Аляксею паперку з прозвішчам яго былых выкладчыкаў: — Ведаеш ix? А яны цябе помняць?

— Думаю, не забылі. Я ж быў актывіст: i ў камсамоле i ў самадзейнасці,— адказаў Аляксей.

Сямашка расказаў, як знайсці пецінстытут каля клінічнага гарадка. На бланках напісаў дзве запіскі i падаў Аляксею.

— Па гэтым адрасе зойдзеш на склад i падбярэш сабе што-небудзь з адзежы. Ты ж малады i халасцяк яшчэ, мабыць? Так што не саромейся. А па гэтай паперцы ў гандлёвым аддзеле гарсавета атрымаеш карткі. Пакуль агледзішся, пажыві пад дахам Піліпа Васільевіча, а там, можа, знойдзем які куток. Сам бачыш, што ад горада засталося. Баракі лепім, людзі ў зямлянках жывуць.

Развітваючыся каля дзвярэй, Сямашка ўспомніў:

— Мы ж цябе да ўрадавай узнагароды прадстаўлялі. Не атрымаў? Схадзі на Бакуніна ў ваенкамат. Павінна быць. Калі што спатрэбіцца, заходзь, чым здолеем — паможам.

Капітан Асокін адразу не пазнаў Аляксея ў ладным касцюме, жоўтых чаравіках i ў светлай кашулі.

— Таварыш Буевіч, пастарайцеся ўспомніць усе акалічнасці апошніх тыдняў дзейнасці вашай падпольнай групы,— дзелавіта папрасіў Асокін.

Аляксей пацёр лоб, задумаўся i пачаў расказваць, як па заданні сакратара райкома таварыша Сямашкі быў пакінуты ў Ельніцы, як назначаны старастам управы былы начальнік ашчадкасы Якаў Спірыдонавіч Самцэвіч прапанаваў яму пасаду сакратара, a Ніну Аляксандраўну Кавалеўскую ўзяў перакладчыцай.

— З Нінаю мы сябравалі перад вайною, таму i пры немцах я часта заходзіў да яе, а яна да мяне, але на лірыку часу не заставалася. Яна мне спехам расказвала, калі немцы рыхтуюць аперацыі на партызан, каго завербавалі ў агенты, як трымаюцца на допытах арыштаваныя патрыёты. Словам, пра ўсё, што ёй удавалася пачуць i падгледзець, пра што здагадацца. Я ўсё пераказваў Якаву Спірыдонавічу, а ён праз сваіх людзей перадаваў у лес. Выпісвалі мы прапускі, аўсвайсы i розныя пасведчанні i перапраўлялі партизанам.

— Праз каго перапраўлялі?

— Усіх сувязных я не ведаў. Да старасты заходзілі па «справах» розныя людзі, a ў канцы рабочага дня Якаў Спірыдонавіч хітра ўсміхаўся i шаптаў: «Усё ў парадку, Алёша».

— Не памятаеце, хто перад правалам часцей да яго заходзіў?

— Працаваў у нас у раёне нарыхтоўшчыкам такі Прахор Калістратавіч. Ездзіў ён па ўсіх сёлах, ведаў ледзь не кожнага. Майстра быў лавіць рыбу i варыць юшку. Ніводная раённая маёўка без яго не абыходзілася. Калі што каму трэба, з-пад зямлі дастане. I ў вайну ў яго астаўся кааператарскі конь. Неўзабаве выдалі яму пасведчанне, i зноў паехаў Прахор Калістратавіч па сёлах скупляць прадукты для афіцэрскай сталоўкі, а больш пра сябе дбаў.

— A прозвішча яго як? — пацікавіўся Асокін.

— Пархімчук ці Пархімчык. Па прозвішчы яго ніхто i не зваў. Прахор Калістратавіч, i ўсё. I вось гэты Прахор Калістратавіч апошнім часам панадзіўся да Самцэвіча. Бачу, i той да яго вельмі прыхільны. Я неяк напомніў Якаву Спірыдонавічу, што стрыечны брат жонкі нарыхтоўшчыка служыць у паліцыі, i не радавым, a камандзірам аддзялення.

«А нам гэта i на руку»,— адказаў Якаў Спірыдонавіч.

— А хто вам прапанаваў ісці ў атрад?

— Выклікаў мяне Самцэвіч, бледны, разгублены, чаго з ім ніколі не было, i кажа, што за ім сочаць, правяраюць у яго адсутнасць стол, а ноччу ў садзе заўважаў нейкія постаці, i сабаку яго атруцілі. Тады ён i загадаў ісці ў лес, выпісаў камандзіроўку ў самую далёкую вёску i наказаў, каб выпраўляўся, не заходзячы дадому. «А вы?» — спытаўся я. «Пратрымаюся. Тут яшчэ адну справу трэба ўладзіць. Ды i кінецца ў вочы, што абодва зніклі».

Я хацеў захапіць з сабою Ніну, але Якаў Спірыдонавіч забараніў. «Не чапай. Яна патрэбна тут. I немцы ёй пакуль што давяраюць». Тады я запярэчыў: «Мяне не будзе, дык за яе адразу возьмуцца. Яны ж ведаюць пра нашы адносіны». «Мы ўсё прадугледзелі. У Заракушы цябе «арыштуюць» партызаны, звяжуць рукі, можа, i кухталёў для прыклёпу надаюць i павядуць у лес «расстрэльваць» як нямецкага пасобніка. Ты толькi трымайся разумна: плюй ім у вочы, супраціўляйся. A ў раён данясуць, што партызаны схапілі сакратара ўправы i звязанага пацягнулі ў лес. I стрэл будзе. Не хвалюйся толькі. Даставяць цябе куды трэба. Можа, гэтая аперацыя i з нас здыме падазрэнне. Перадай Сцяпану Ларыёнавічу, няхай рыхтуюць разгром гарнізона, тады яны i нас «арыштуюць», a карэньчыкі свае тут пакінем...»