Выбрать главу

— Гэта, гэта не я... не сам... далібог, не сам... прымусілі... як дыктоўку пісаў. П'яны быў, не ў сваім розуме.

— Хто прымусіў?

— Швагер, гэты самы Крэсік, каб яму свет клінам. Прыплёўся п'яны, як гразь. Просіць дабавіць. Хрыстом-богам малю, няма. Палез у торбу, з якою я па сёлах ездзіў, i — трэба ж было! — намацаў там от такенечкую лістовачку. Як усшалеў! У хаце да сценкі ставіць i спуск на ўзводзе трымае. Прашуся-малюся, што на дарозе падняў. Не верыць, вісус, у рот наган пхае. А каму ахвота паміраць? Дзе дзенешся? Бачу — не смешкі... Прызнаўся! У яго i хмель прайшоў. Кажа, калі хочаш жыць, ратуйся. А як ратавацца? Я табе, кажа, памагу. Выдраў паперку з сынавага сшытка. Кажа, пішы, а я далажу каменданту, што сам данёс, па сазнацельнасці i адданасці «новаму парадку». Дзе дзенешся? Напісаў. Як тут не напішаш: баба на карачках поўзае, лямантуе, яго, гада, за халявы хапае, мяне ўпрошвае дзіця не сіраціць. Хацеў я папярэдзіць Якава Спірыдонавіча, каб ратаваўся i ўсіх сваіх ратаваў, ды не змог. Гэты аглаед мяне жывасілам ноччу з мястэчка выпер. Кажа, едзь, каб ніхто i не падумаў на цябе. Не было — i ўсё. Паверыў, што праўда, пра мяне дбае. I паехаў, дурань. A вярнуўся — позна ўжо было...

Пабралі ix не адразу. Мабыць, правяралі ды высочвалі. Так сам на сябе пятлю накінуў i зашмаргнуў. Можа, хлопца майго, Аляксей Іванавіч, пабачыце, хоць яму не кажыце...

Пархімчык зарумзаў, пачаў біць сябе па галаве кулакамі.

— Кіньце, Пархімчык, агідна i позна! Вы двойчы спазніліся. Першы раз тады, другі цяпер. Вы i нам хлусілі, выкручваліся, паклёпнічалі на сумленных людзей.

Тут жа дакладна напісана прозвішча Буевіча. Тады ведалі, а цяпер забыліся. Мы спадзяваліся, што самі ўсё раскажаце i заслужыце палёгку. А цяпер... Засталося аформіць пратакол.

13

Аляксей кожны дзень забягаў на пошту, выстойваў чаргу каля акенца з надпісам «Да запатрабавання» i часцей панура адыходзіў ні з чым. Верыны лісты ішлі марудна i доўга. Аляксей уяўляў замеценыя дарогі, трактар цягне шырокі клін з тоўстага бярвення, а следам завіруха забівае сумётамі толькі што працярэбленую ў снежным цаліку дарогу. Успаміналася ўсё да драбніц: Верын пакойчык з настылымі шыбамі, завалены снегам двор, вузкая сцежка паміж сумётаў, i яна з расчырванелымі на марозе шчокамі або схіленая над вучнёўскімі сшыткамі; чуў знаёмы голас, бачыў радзімую плямку над трапяткою жылкаю на шыі i светлыя добрыя вочы, адчуваў пах валасоў i цяпло рук.

Першы ліст аглушыў Аляксея. Вера падрабязна пісала пра той незвычайны педсавет, пра погаласку, што пакацілася па сяле, пра насцярожанасць некаторых настаўнікаў. «А вучні да мяне цяпер асабліва горнуцца, нібы шкадуюць. Гэта кранае да слёз»,— пісала Вера.

Хацелася хутчэй збавіць яе ад непрыемнасцей. Ліст будзе ісці доўга. Атрымае i, вядома, нікому не пакажа. I Аляксей тут жа адбіў тэлеграму на адрас школы, бо ведаў — раней за ўсіх яе прачытае завуч: «Усё вельмі добра. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі i партызанскім медалём, аднавіў дыплом, прапануюць некалькі пасад. Вясною ўбачымся. Твой Аляксей». I, падумаўшы, дапісаў прозвішча. Бо Наталля Іванаўна можа сказаць: «Ці мала на свеце Аляксеяў. Можа, які другі знайшоўся».

Ён некалькі разоў перачытваў ліст i з усімі падрабязнасцямі ўяўляў той бурны педсавет, разгубленасць Анатоля Паўлавіча.

Першае жаданне было адразу паехаць туды, усё паставіць на месца. А што далей? Веру сярод навучальнага года ніхто не адпусціць, i куды яе прывязеш? Ды i спраў яшчэ многа. Трэба з'ездзіць у Ельніцу i ў Заполле, хоць паглядзець на папялішча роднай хаты, пастаяць над матчынай магілаю.

За ўсе гады партызаншчыны i вайны Аляксею выплацілі немалыя грошы. Але без працы ён не мог. Сцяпан Ларыёнавіч раіў ісці інспектарам аблана, дырэктарам школы, даўні інстытуцкі таварыш Валодзя Вярбовіч выкладаў у інстытуце i запрашаў асістэнтам на кафедру беларускай літаратуры, нават абяцаў выпрасіць пакойчык у студэнцкім інтэрнаце. Аляксей шчыра прызнаваўся, што за вайну многае забылася, трэба ўсё аднаўляць i перачытваць. Хацелася агледзецца, знайсці пэўнае месца ў жыцці.

Разбіты, зруйнаваны горад глядзеў чорнымі правалам!, вышчарбленымі, гатовымі вось-вось асунуцца, сценамі, патыхаў куродымам i звільжэлаю сажай пажараў. Было няўтульна i пуста ў цёмных завулках, не ўсюды яшчэ гарэла электрычнасць, чадзілі керагазы i прымусы. У запушчаных за вайну школах замярзала чарніла, не хапала падручнікаў i сшыткаў... Так было скрозь, i лепшага Аляксей не шукаў — вайна i партызаншчына прывучылі да ўсяго. Але душою адчуваў, што наўрад ці стане гараджанінам, Ён любіў лясы i палявыя дарогі, ціхія, зарослыя аерам рэчкі, зорныя вечары, стракатанне конікаў у траве, марыў пра ўтульпы пакойчык з рыплівымі маснічынамі, з цёплаю грубкаю i духам бярозавых дроў.