Выбрать главу

Вырашыў ні з кім не раіцца, a пайсці ў Міністэрства асветы i папрасіцца ў любую, дзе знойдзецца месца, школу.

Над Домам урада, над цэнтральным пад'ездам, у шэрым хмарным небе трапятаў на ветры чырвоны сцяг. Аляксей нрайшоўся па плошчы, паглядзеў на галоўны корпус пецінстытута, успомніў, як у веснавыя дні яны ўсёю групаю лазілі на самы верх, абгароджаны жалезнымі парэнчамі, загаралі i вучылі палітэканомію i антычную літаратуру. Успамінаў аднакурснікаў. Дзе яны? Куды раскідала вайна?

У пакоі аддзела кадраў шчыльна стаялі сталы. Дзяўчаты i маладзіцы гарталі i перапісвалі паперкі, немаладая жанчына ляскала на машынцы. За сярэднім сталом невысокі мужчына ў суконнай гімнасцёрцы крьтчаў у тэлефонную трубку.

Аляксей здагадаўся, што гэта i ёсць загадчык, i спыніўся каля яго стала. Той паказаў на вольнае крэсла, працягваючы некага пераконваць:

— Няма, разумееце, няма. Фізікаў тым больш. Пашукайце на месцы. Можа, працуюць не па спецыяльнасці. Ёсць, ёсць такія. Паведаміце нам... Пры першай магчымасці прышлём. Абавязкова. Разумею, разумею. Ну, усяго добрага.

Аляксей здагадаўся з размовы, што i ў сярэдзіне навучальнага года не стае настаўнікаў, i ён зможа выбраць месца па душы.

Загадчык паклаў трубку i павярнуўся да Аляксея:

— Слухаю вас, таварыш... таварыш Буевіч? Рады вас бачыць.

— Так, Буевіч, але, прабачце, нешта не прыпамінаю... Нібыта сустракаліся, але дзе? — збянтэжыўся Аляксей.

— Дзе вам усіх помніць? Я вучыўся на гістфаку курсам маладзей. Слухаў вас на камсамольскіх сходах, бачыў на вечарах, а нас рэдка заўважалі старэйшыя. Шарупіч мае прозвішча. Вось адразу пасля вызвалення пасадзілі ў гэтае крэсла i кручуся як Марка ў пекле. Школы адкрылі, а вучыць няма каму. З раніцы да вечара толькі i чуеш: «Давай, давай матэматыкаў, славеснікаў, географаў». А дзе ix узяць? Наадкрывалі настаўніцкіх інстытутаў у Бабруйску, у Баранавічах, у Пінску, у Полацку, i яны не ўкамплектаваныя. Калі вас цікавіць работа, вось на сцяне карта, выбірайЕіе любое месца. Чакайце, чакайце, адразу магу прапанаваць Брэст. Там у педвучылішчы няма славесніка. Працавала жонка афіцэра. Яго перавялі. А мне ламай галаву, кім замяніць. Давайце адразу ў Брэст. Харошы, утульны горад, амаль не разбіты. З першых дзён немцы грамілі крэпасць, а горад знішчыць не паспелі. Пішыце заяву, i адразу аформім.

— Шчыра кажучы, я не вельмі імкнуўся ў горад. Мне прапаноўвалі некалькі пасад. Падумаў, падумаў i адмовіўся. Люблю вёску або хоць бы мястэчка. Там больш самастойнасці, i сельскіх дзяцей лепш разумею.

— Павел Пятровіч, можа, пазнаёміць з «хадакамі» з Парэцкай школы, што зранку заходзілі да вас? — спытала маладая чарнявая дзяўчына за суседнім сталом.

— I то праўда. Пашукайце, калі ласка. Яны недзе тут.

Шарупіч расказаў Аляксею, што вымушаны былі закрыць дзесяты клас, бо няма выкладчыка з вышэйшай адукацыяй. Дзяцей перавялі ў райцэнтр за 35 кіламетраў, жыць ім няма дзе, прадукты вазіць далека, вось i прыехала дэлегацыя прасіць настаўніка. Пасёлак, праўда, напалову спалены, школа размясцілася ў некалькіх прыстасаваных будынках, але мясціны вельмі маляўнічыя i пры самай чыгунцы.

— Тым больш, недалёка ад майго раёна,— сказаў Аляксей.— Але пакуль што вяртацца туды не магу. Вельмі многа страт i балючых успамінаў будзе вярэдзіць душу i замінаць у працы. Агледжуся трохі, перабаліць, можа, i назад у Ельніцу пераеду.

Ён падышоў да карты, паглядзеў, як туды даехаць, прыкінуў, што не больш, як кіламетраў за восемдзесят ад яго родных мясцін, i згадзіўся. Яму стала шкада дзяцей: ведаў па сабе, як няпроста жыць у чужых людзях.

Следам за дзяўчынаю ўвайшлі тры хлопцы, усе ў бахілах. На чарнявым, з ледзь прыкметнымі вусікамі, перашыты шынель. Другі ў кажушку, са зведзенымі да пераносся бровамі i ўпартым віхром над высокім ілбом; самы меншы, белы, як свежая пшанічная аладка, у залацінках вяснушак i з саламянаю стрэшкаю даўно не стрыжаных, аж пазакручваных валасоў.

— Вось, хлопцы, пазнаёмцеся з таварышам Буевічам. Калі ўгаворыце, адкрыем ваш дзесяты клас,— з усмешкаю паказаў Шарупіч на Аляксея. А хлопцы тапталіся з нагі на нагу, камечылі шапкі.

— Ну, чаго маўчыцё? То пагражалі міністрам, a калі трэба — цяляты языкі аджавалі.

— Як тут угаворваць? — падняў галаву хлопец у шынялі.— Школу нашу спалілі, цяпер вучацца ў трох прастарнейшых у пасёлку дамах, многія яшчэ жывуць у зямлянках, але вас мы прыстроім у самую лепшую кватэру, папросім бацькоў, каб памаглі. Паедзем да нас, не пашкадуеце.