Выбрать главу

— Праўда, праўда,— падхапілі абодва яго таварышы.

Аляксей распытваў, якая там рэчка, ці блізка лес, колькі настаўнікаў, як далека да станцыі.

— У нас i бровар ёсць,— як апошні козыр, кінуў бялявы хлапец.

Аляксей засмяяўся:

— Гэта не для мяне. Што ж, бадай, угаварылі. Вы калі дадому?

— Калі вы згодны, сёння паедзем,— адказаў чарнявы,— а не, будзем яшчэ дамагацца.

— Згодзен. Што трэба, таварыш Шарупіч?

— Заява, дыплом i запоўніць анкету. Хоць я вас i ведаю, але дакументы аформіць неабходна.

Аляксей на краёчку стала пачаў запаўняць анкету.

— Дык калі вас можна чакаць? — спытаў смялейшы, у перашытым шынялі.

— Дні праз чатыры буду. Заеду ў райана, здам загад i прыеду.

Хлопцы падзякавалі начальніку аддзела кадраў, развіталіся i выйшлі з пакоя.

— Як тут не паедзеш? Такія хлопцы! Пераросткі ўсе, а да вучэння, відаць, лютыя.

— Пераросткі ў кожнай школе. У першы клас адразу пасля вызвалення дзесяцігадовыя ішлі,— растлумачыла дзяўчына, што прыводзіла «хадакоў».

На Аляксея навалілася безліч клопатаў. Галоўны — падручнікі. Знайшоў на рагу Камсамольскай i Нямігі маленькую крамку, перакапаў усе паліцы, упрошваў загадчыцу, але так нічога i не знайшоў. Тая толькі параіла пашукаць на Камароўскім рынку: там часам прадаюць старыя падручнікі. I праўда, сім-тым разжыўся ў нейкага дзядка. Забег да Валодзі Вярбовіча, выпрасіў граматыку, бо ўвесь час лавіў сябе на тым, што пазабываўся правілы.

Даўні інстытуцкі таварыш выслухаў яго i толькі паківаў галавою:

— Дурнем быў, дурнем i застаўся. Ідэаліст. Так ты да скону дзён не выб'ешся. Абсядуць жонка, дзеці, завядзеш карову, парсюкоў, будзеш сляпіцца над сшыткамі, бегаць на дзесяцідворку, падпісваць на пазыку i на газеты, i ніякай перспектывы. А тут можна аформіцца ў аспірантуру, заняцца навуковаю работаю, з тваімі здольнасцямі да прафесара дацягнуць. Ка-адраў жа няма, Адумайся, Аляксей.

— Хочаш сказаць: на бязрыб'і i рак рыба? Не хачу быць такою кадраю. Паспрабую, чаго я варты ў школе, а там будзе відаць.— Падзякаваў за падручнікі i, стрымана развітаўшыся, пайшоў.

З раённага цэнтра ў Парэчча Аляксей прыехаў у кузаве грузавіка на змярканні. Дапытаўся, як знайсці школу, i пайшоў пасярод забрукаванай вялікім каменнем вуліцы. Канчаўся снежань, а зямля была голая i гулкая ад марозу, толькі сям-там каля платоў бялелі прыцярушаныя лагчынкі. У вокнах гарэлі лямпы, на пустках тырчалі прывіды закураных каміноў, шумеў пасохлы палын i адзінокія канопліны. Ён адчуў цёплы дух хмельнай брагі i ўспомніў, што хлопцы гаварылі пра бровар, а недзе побач i школа.

Сярод парадзелага саду стаяў доўгі прысадзісты дом, у двары вецер хвастаў валейбольную сетку, тырчалі пахіленыя шулы без варот. У слаба асветленых вокнах Аляксей убачыў схіленыя над партамі галовы вучняў. З другога канца ўзышоў на ганак i здагадаўся, што тут нехта жыве: плакала дзіця, мітусілася постаць жанчыны. У цёмных сенцах намацаў клямку i пастукаўся.

— Адчынена. Заходзьце,— пачуўся жаночы голас.

Аляксей увайшоў i зажмурыўся ад святла лямпы.

Ён не памыліўся: у невялікім пакойчыку пры школе кватараваў дырэктар. Пасля прывітанняў пацікавіўся, дзе можна пабачыць Івана Пракопавіча.

— Зараз прыйдзе,— адказала невысокая прыгожая i крамяная маладзіца, запрасіла распранацца i пачакаць.

Аляксей павесіў на цвік паліто i сеў на доўгую лаву. З-за сцяны даходзіў гул класа, a ў калысцы плакаў хлапчук гадоў двух.

— Сціхні, неслух, бо папругі заробіш! — сунімала гаспадыня сына.

Аляксей выцягнуў з кішэні паліто цукерку ў тонкай абгортцы, падышоў да хлопчыка, хацеў пагладзіць па галоўцы, але той адхінуўся i засланіўся ручкамі.

— Цукеркі ты любіш?

Хлопчык кіўнуў галавою i ўсміхнуўся, але адразу не ўзяў, яшчэ трохі пабычыўся, a неўзабаве ўжо сядзеў у Аляксея на руках i смактаў ружовую цукерку.

У сенцах грукнулі дзверы, нехта затупаў, бразнулі дужкі вёдраў. У сенцы выскачыла гаспадыня.

— Там цябе чалавек чакае.

У хату ўвайшоў высокі мужчына ў кароткай паддзеўцы з шынельнага сукна, у бурках з бахіламі i ў кубанцы, выцер рукі аб трапкач i ветліва павітаўся з Аляксеем.

—Другі дзень чакаем вас... Здаецца, таварыш Буевіч?

— Так, Аляксей Іванавіч. Затрымаўся ў райана, ды i выехаць да вас не так проста. Цягнік ходзіць праз суткі, а машыну ледзьве знайшоў.

— Мне ўжо шафёр сказаў, што новага настаўніка прывёз, i дзесяцікласнікі вушы пратрубілі. Добра, што прыехалі. А то якая гэта дзесяцігодка без дзесятага класа? Ды i вышэйшая адукацыя толькі ў мяне ды ў матэматыка.