За сцяною зазвінеў званок, пачуліся гул, крыкі i тупат, гоман i галасы вучняў.
— Вось так i вучымся. Гэта былы папоўскі дом. Перагарадзілі i вучымся, i яшчэ дзве хаты займаем. А да вайны якая тут была школа! На тры паверхі, кабінеты такія не ў кожнай мінскай знойдзеш. Цяпер толькі падмурак астаўся. Двойчы прыязджаў інжынер з аблана, глядзеў, мераў. Монса, калі i пабудуемся, а пакуль што... Дзяцей жа неяк трэба вучыць. За вайну перараслі, многае пазабывалася, ды i з настаўнікамі не густа. Па трыццаць гадзін некаторыя маюць.
— Першы клопат у мяне, Іван Пракопавіч, стаць дзе-небудзь на кватэру, хоць невялічкі пакойчык зняць.
— О-о-х,— уздыхнуў дырэктар,— гэта самае складанае. Палавіна людзей — у зямлянках, a ў хатах па тры сям'і. Але нешта знойдзем. Бачыце, як сам жыву. Каб было дзе прыткнуцца, клас размясцілі б. Сямейных ніхто не хоча, а вы ж, мабыць, пакуль што адзінокі?
— Пакуль адзінокі.
— Нашы маладзіцы ды ўдавіцы скора акруцяць, i кватэра гатовая будзе,— засмяяўся дырэктар.
— Хіба што на кватэры ажаніцца,— пажартаваў Аляксей.
Успомнілася перасцярога Валодзі Вярбовіча пра дзяцей i парсюкоў. Але ж так не можа быць доўга. Няпраўда, акрыяем, адбудуемся, станем на ногі. I сам сябе папракнуў: «Бач ты, заныў! У вайну толькі i думалі, каб як перамагчы, каб не рваліся снарады i не падалі бомбы. А цяпер ужо мулка, захацеў на гатовенькае. Хто ж яго, гатовенькае, дасць, калі не самі?» Суцешыўся i павесялеў.
А на прыпечку ўжо сквірчэла яечня, на стол гаспадыня паставіла міску шаткаванкі i заткнутую газетаю запацелую пляшку. Іван Пракопавіч пайшоў «па класах». За сцяною прыбіральшчыцы совалі парты, бразгалі вёдрамі, малады голас спяваў «На позицию девушка провожала бойца». Гаспадыня пастукала ў сцяну. Песня сціхла.
— Кожны вечар малому спаць не дае,— паскардзілася расчырванелая пры печы гаспадыня, выйшла ў сенцы, гукнула: — Ваня, ідзі, вячэра стыне.
Дырэктар разліў спірт-сырэц у рубчастыя шклянкі.
— Ну, за сустрэчу, знаёмства i ўсё добрае.
Выпіла i гаспадыня. Аляксей толькі прыгубіў i паставіў шклянку. Жонка з мужам узяліся яго ўгаворваць, ён яшчэ трошкі адпіў.
— Hi ў партызанах, ні на фронце, ні нават у Сібіры не прывучыўся да гэтага зелля.
— А вы i ў Сібіры былі?
Аляксей коратка расказаў пра свае партызанскія i франтавыя прыгоды, успомніў Мішу Усцігава.
Начаваў ён на канапе пад тонкаю посцілкаю, a калі прачнуўся, адразу не ўцяміў, дзе ён i як сюды трапіў. Дырэктара ўжо не было. Аляксей хуценька адзеўся, апаласнуўся, а як палез у кішэню па грабянец, падйег маленькі Воўка.
— Дай ясцэ,— працягнуў далоньку.
Пасля снядання дырэктар павёў Аляксея ў настаўніцкую «знаёміць з калектывам». У маленькім пакойчыку вісела некалькі геаграфічных картаў, стаяў невялічкі глобус, на акне — альяс. Па раскладзе вадзіў пальцам невысокі падцягнуты чалавек з голенаю галавою, у накінутым на плечы афіцэрскім шынялі.
— Наш выкладчык фізкультуры,— пазнаёміў дырэктар.— Міхась Адамавіч, там, каля вас, не знойдзецца пакойчыка для таварыша Буевіча?
— У кожнай хаце людзей... Каля пошты адна развядзёнка шукае нежанатага кватаранта, i хата добрая, уся ў сурвэтачках ды накідачках, але раіць баюся...
— Чаму? —здзівіўся Аляксей.
— Ажэніць...— усміхнуўся Міхась Адамавіч.
— Мне б у якой бабулькі пасяліцца, каб i зварыла, i кашулю памыла.
— Хіба да Франусі схадзіць, a, Іван Пракопавіч? Яна ж адна паўхаты займае, хоць i бурклівая, але паладзіце. У мяне дзве гадзіны фортачка, магу завесці,— прапанаваў Міхась Адамавіч i пайшоў з Аляксеем наймаць кватэру.
На ўзгорку за школаю бялела вялікая будыніна бровара. Каля бровара выгіналася нешырокая рачулка, зарослая парудзелым аерам, зашклёная тонкім лядком, у прамыінах віравала чорная вада.
— Да вайны наша Парэчча было амаль курортным пасёлкам. Дачнікі нават з Ленінграда наязджалі. А лясы ў нас якія! От пабачыце. Рынак ажно ўгінаўся ад дабра. Грыўня — вядро яблык...
Каля чыгункі тырчалі стрэшкі зямлянак з дзіравымі вёдрамі i чыгунамі замест каміноў, на пагарэлішчах стаялі закураныя печы, а справа, ад ракі, трапляліся добрыя дамы з ганачкамі, верандамі i садкамі. Ад марозу дзе-нідзе патрэскалася зямля, вецер гна$ i круціў пясок, хвастаў голым веццем.
У вузкім завулку зайшлі ў хату з прыбудоўкаю з новага бярвення.
Палавіна, на якой жыла бабка Франуся, яшчэ была не атынкаваная, з пазоў тырчаў мох i сухі чарнічнік. Высокая, з доўгім тварам, чорнымі вачамі гаспадыня нешта латала, еедзячы на ложку. Не адрываючыся ад работы, яна пачала ставіць умовы:
— Чыгункоў у мяне толькі два, так што на прысмакі няхай не разлічвае. Калі згодзен, няхай жыве,— гаварыла Франуся, а потым звярнулаея да Аляксея: — Гарэлачку не вельмі? А то жыў у мяне адзін, от нацярпелася: ледзьве выправіла.