— Гарэлкі зусім не п'ю, ад прысмакаў адвык, грошы вазьміце наперад, а там будзе відно.
Гаспадыня акінула Аляксея позіркам, усміхнулася.
— Відаць, дзелавы. Калі ж пяройдзеш?
— Зараз прынясу ад дырэктара чамадан. Вы нікуды не пойдзеце?
— Куды мне ісці? Падлогі ў лясніцтве досвіта мыю ды ўвечары недакуркі вытрасаю.
Аляксей падзякаваў Міхасю Адамавічу, распытаў, дзе пошта, i пайшоў па доўгай пясчанай вуліцы ў другі канец пасёлка.
У тэлеграме Веры напісаў, што прыступіў да працы, паведаміў свой новы адрас i прыпісаў: «Хвалююся, чакаю лістоў».
Снег толькі пасля Новага года прысыпаў пагарэлішчы i глыбокія выбоіны на дарогах, усё наваколле заіскрылася хрусткім сняжком. Аляксей рана ўставаў i позна клаўся, хоць i бурчала цётка Франуся, што дарэмна пераводзіць газу, копціць махоркаю хату i не шануе сябе. Яна варыла яму капусту i тушыла бульбу, пякла пульхны хлеб, a суботнімі вечарамі мыла кашулю, каб у чыстай ішоў у школу.
У класе ён забываўся пра ўсе нягоды, захапляўся сам i бачыў, што вучігі яго слухаюць з іскрынкамі ў вачах, дапытваюцца, даходзяць да сутнасці, пасля званка доўга затрымліваюць пытаннямі, а то i спрачаюцца, так што не заўсёды ўдавалася забегчы ў настаўніцкую перакурыць i занесці журнал: Аляксей перадаваў яго настаўніку, які прыходзіў на змену. Асабліва падабаўся дзесяты клас: дарослыя хлопцы i дзяўчаты разважалі i трымаліся па-даросламу, i ён гаварыў з імі проста i шчыра пра ўсё, што ix хвалявала i цікавіла. Гаварылі пра сумленнасць, пра сяброўства i каханне, якое ўзвышае чалавека, робіць яго адважным, лепшым, таленавіцейшым i чысцейшым.
У настаўніцкай прыгожая чарнявая «геаграфічка», што заглядалася на Аляксея, сустрэла яго смехам:
— Ну, скачыце, Аляксей Іванавіч, а то не аддам.— Яна паказала з-за спіны канверт i схавала зноў.
— На вялікі жаль, не ўмею. Дайце, калі ласка, ліст.
— Можам навучыць, калі захочаце. Скачыце, як умееце.
Аляксей ледзь не ўзлаваўся.
— Ладна. Цешцеся лірыкаю свае сібірачкі,— i яна падала канверт.
Аляксей яго спрытна сунуў у кішэню. Да канца ўрокаў так i не ўдалося прачытаць. Толькі дома ён, хвалюючыся, разарваў канверт.
«Мой дарагі Алёшачка!
Як я рада, што ўсё ў цябе так добра склалася, што знайшоў сваё месца ў школе. Вядома, у інстытуце было б цікавей, але чалавек фармуецца за партаю. Акадзмікі i хірургі, паэты i маршалы — усе былі вучнямі, ix таленты разбудзіў просты вясковы настаўнік. Будзь настаўнікам i ты, a інстытут нікуды не дзенецца.
Ты пытается, як жыву. День падобен на дзень: дом — школа, школа — дом. Але ў кожным дні нешта ёсць сваё, непаўторнае. Добра прайшоў урок, уважліва слухалі дзеці, задавалі пытанні, прасілі расказаць яшчэ — вось i радасць, а пройдуць заняткі так сабе — i дзень шэры. Пасля твае тэлеграмы Наталлю Іванаўну i не пазнаць. Робіць выгляд, што нічога i не адбылося, нават усміхаецца часам. А на апошнім педсавеце пахваліла мой урок.
Вечарамі слухаю завею i як патрэскваюць ад марозу вуглы, знаходжу зорку Венеру i думаю — можа, i ты глядзіш на яе. Але наўрад: у нас ноч, a ў вас яшчэ вечар. Ох, як далека ты! Нават сонца нам свеціць у розны час, але я з ім заўсёды пасылаю табе прывітанні i адчуваю, як ты мне неабходны. У думках дзякую таму інспектару аблана, што паслаў мяне сюды. Мы ж маглі ніколі не сустрэцца.
Нядаўна ў сяло прыбыў новы фінагент, малады, фарсісты, i з тыдзень усё «выпадкова» сустракаў мяне то каля школы, то каля сельсавета, загаворваў, праводзіў, набіваўся ў госці. Я яму аднойчы i выпаліла: «Пашкадуйце свае валёнкі. У мяне ёсць муж. Не верыце? Спытайце ў Наталлі Іванаўны — яна ўсё ведае». Што ты думаеш? Адстаў.
Ты прабач, што сказала так. Проста каб адчапіцца. А надоечы мне трапіла кніжка Уолта Уітмена. Ты яго, вядома, чытаў i раней. Спачатку ніяк не магла прызвычаіцца, што гэта вершы, a ўчыталася, i адкрыўся цэлы свет думак i пачуццяў. Адзін радок уразіў асабліва: «Я без ваганняў пайду за тым, хто загаварыў са мною голасам праўды». Ca мною так загаварыў ты. За табою гатова ісці хоць на полюс. Калі ж мы сустрэнемся?
Шлюць табе прывітанне Анатоль Паўлавіч i настаўнікі, асобна Віця Тартынскі i ўсе драмгурткоўцы. Мы рыхтуем п'еску «Чырвоны гальштук» i адчуваем, што нечага, а дакладней некага, не хапае.
Мiшa скардзіцца, што рэдка пішаш. Скарджуся i я. Пішы часцей. Кожны дзень пішы. Чуеш? Будзем чакаць вясны!
Цалую. Твая Вера».
Аляксей захадзіў па пакоі. Бабка пайшла ў лясніцтва, i ён быў рады адзіноце.