Выбрать главу
Я пад зорамi засынаю; Толькi ў снах усё роўна спяваю.

НАРАДЖЭННЕ

Варушыцца, крэкчучы, цемра. Цярушыцца шолах i шэпт. Бязмерным зрабiлася цела І страцiла пошукi мэт.
Навобмацак слухаю сцены, Іх стогны ў бязмежнай iмжы. З'явiлiся хiсткiя ценi, Кранулi за крылы душы
Пытаннем: — Ты хто? І што страцiў? Чаму не крычыш, а маўчыш? Першай з'явiлася мацi, Кiнула ў цемру крыж -
Бурыцца цемра маны... Грукнула сэрца сцяны.

КВЕТКА

Цар-лясун залатымi вачыма На чырвоную кветку глядзiць, І хiстаецца кветка няспынна, Пад сасною крывёю гарыць.
Гэта папараць нарадзiла У цёмным шэпце вiльготных дуброў На Купалле чароўнае дзiва Мiж аголеных каранёў.
Той, хто знойдзе чырвоную кветку, Будзе шчасце трымаць у руках, І таму на Купалле спрадвеку Пачынаюць малойцы шукаць;
А знаходзяць малойцы красунь, І рагоча, рагоча лясун.

СМЫК

Зарыпела, запела падлога. Дзверы грукнулi. Бразнуў замок, І панесла мяне дарога Нi назад, нi наперад, а ўбок.
У тым баку нават поле з гора Валунамi даўно зарасло, І шырока-глыбокае мора Жорсткiм жвiрам-пяском заплыло.
Там не сыплюцца ветры дажджамi І не падае цiхi снег. Там варушацца пад грудамi Ненароджаны плач i смех.
І знайшоў я там стрэльбу i штык. І зрабiў я з iх скрыпку i смык.

ЗМЕНЫ

І розум перальецца з мовы ў мовы, І ператворыцца ў траву ралля, І перавернецца са дня на ноч Зямля, І я крану чырвоны лоб каровы.
А можа, захад цёплы i барвовы, А можа, чорны аксамiт чмяля, А можа, колкi востры дрот галля, А можа, дух ледзь чутны, палыновы.
І раптам ноччу загудзе гадзiннiк І пераломiць вецер сiнi быльнiк, А дождж збудуе краявiд з вады, А снег накрые лес, мой дом i дрэвы,
І стануць шэра-белымi груды, І зменiць вечнасць пацалунак Евы.

ЧАКАННЕ

Давай не будзем гаварыць Нi добрага i нi благога, Каб не пазбавiцца святога, Давай маўчаць i доўга жыць.
А наша слова не згарыць Памiж руiнамi старога. На плiтах новага парога Яго нiкому не скарыць.
Калi перамаўчым зацьменне, За дымна-папяловым днём Надыдзе зорнае iмгненне. Здарожаных мы памянём За рысай лепшага iснення, А здраднiка мы праклянём.

ЛІСТ ДА КАХАНАЙ

Наша сустрэча не за гарамi. Не за лясамi твой пачастунак. Не за палямi мой пацалунак. Наша пяшчота не за марамi.
Хоць i паблытаны словы вятрамi, Хоць i, забыўшыся на паратунак, Панi Маркота кратае струны Стомленай арфы ў колiшнiм храме.
Сумная поўня нам спачувае - Вузкiя сцежкi асвечвае ўпотай, Хоць i хмурына поўню хавае.
Абавязкова горыч самоты Мы да сустрэчы ператрываем, Хоць i навокал стогнуць балоты.

НАЦЮРМОРТ

Сцяна, цвiкi, вiсяць ватоўкi. На дроце спее цар-кiндзюк. На шыбцы пастку сплёў павук. Там, на палiцах: кансароўкi,
Бутэлькi, слоiкi, вяроўкi. Свiдруе шафу шашаль-жук. Дзярэ дзяругу пан-пацук. Там, па кутах, стаяць рыдлёўкi.
Там ноччу ходзiць шэры чорт, На чорце скача чорны крот. Там поўны круп стаiць цабэрак.
Вiсiць вяндлiны цяжкi кош. Там мыш дзярэцца на куфэрак. Сцяна, тырчыць зламаны нож.

ЗОРЫ

Не ведаем, што будзе... Што было, знiкае... Мы будуем сабор, дзе, можа, будзе будучае жыць мiж сцен мiнулага, пад купалам прасторы, i разам з iм мiж часу, на мяжы узнiкне зараз i ўбачыць зоры, чыё святло так доўга да Зямлi ляцiць.